— Мазгі хлопцу адбіла. А-я-яй, — прыцмокнуў языком Ядрэйка. Рыбалоў сваімі шурпатымі рукамі пачаў церці Белавалоду скроні, лёгенька цягаў яго за вушы, тармасіў. Раптам нібы нешта шчоўкнула ўвушшу, вылецеў з іх агідны мох, і адразу вярнулася памяць. Белавалод прутка ўскочыў на ногі, крыкнуў:
— Дзе Ульяніца?
Яна ляжала непадалёк, раскінуўшы рукі, і здавалася нежывою. Белавалод ірвануўся да жонкі, стаў перад ёю на калені, зазіраў у вочы, слухаў яе дыханне, потым узяў на рукі, пачаў калыхаць, як малое дзіця. Увесь час ён паўтараў:
— Ульяніца, ці чуеш ты мяне? Адкрый вочы.
Ульяніца маўчала, нават, здавалася, не дыхала, і едкі страх апаліў сэрца Белавалоду. Яму здалося, што жонка памерла. Белавалод паклаў яе на траву, апусціў у бяссіллі рукі, заплакаў. Але Ядрэйка не разгубіўся, як і Белавалоду, пачаў церці Ульяніцы скроні, пачаў лёгенька біць яе па шчоках і прыгаворваў:
— Раней смерці ў магілу не кладзіся... Раней смерці ў магілу не кладзіся...
Між тым дождж перайшоў у сапраўдны лівень, лес аж стагнаў, курчыўся пад ярасным напорам вады, што ляцела і ляцела з нябёсаў. Вогненнай касой махала над лесам маланка. Гром бухаў ва ўсе званы. Яны прамачыліся да апошняй ніткі, пакуль ачомаліся і здагадаліся перанесці Ульяніцу пад густую старую елку. Навокал на лужах і лужынках ускоквалі бліскучыя дажджавыя бурбалкі. Здавалася, мноства грыбоў высоўваюць з-пад зямлі свае галоўкі.
Нарэшце Ульяніца расплюшчыла вочы, зірнула на Белавалода і Ядрэйку. I хоць усіх траіх дождж абліў з галавы да пятак, яна ўбачыла слёзы на шчоках у Белавалода, слаба ўсміхнулася.
— Не плач... Я жывая...
— Ну і абрадавалі вы мяне, баяры вы мае дарагія, — аж падскочыў Ядрэйка. — А то я ўжо і сам не ведаў, на якім свеце жыву. Зараз мы цяпельца распалім, падсушымся. У сухасці душа весялейшаю робіцца. Я рыбалоў, я ведаю. Намочышся, бывала, як асака балотная, паўзеш дадому, і такая соль, такая брыдота душу раз'ядае, але чэкнеш крэсівам па крэмені, пададзьмеш трут і князем, вялікім баярынам робішся. Я так сабе думаю: чаму ўсе людзі агонь любяць? Таму што з агаю душа чалавечая.
Ён гаварыў і гаварыў, абломваў сухія яловыя сучкі, абдзіраў мох, збіраў кавалачкі кары, склаў усё гэта ў грудок, выбіў з крэменю іскру, апусціўся на калені і, амаль прыпаўшы шчакою да зямлі, выдзьмуў тоўстымі напружанымі губамі нітачку агаю. Потым атуліў далонямі гэтую нітачку, сачыў за ёй бліскучымі карычневымі вачамі, баючыся дыхнуць, павольна-павольна прыўзнімаўся, быццам падрастаў разам з агнём. Белавалод і Ульяніца таксама не адрывалі позірку ад агаю. Чырвоная кветка распускалася ў паўзмроку. Аціхаў дождж. Яшчэ спалохана шумелі верхавіны дрэў, яшчэ трывожны гуд перакочваўся па лясным гушчары, а ўжо зямля задыхала на поўныя грудзі, карэлы ельнік прамыў вочы, радасна глянуў наўкол. Недзе побач падаў голас дрозд-белабровік, вясёлая птушачка мясцовых лясоў. Дажджавая вада цякла па жылах зямлі, напаіла кожную сцяблінку, запоўніла кожную дзірачку. Млела зямля, сытая вадой. Не верылася, што некалі зноў будзе сухмень і ў зямлі ад спёкі патрэскаюцца губы.
У Менск вярталіся невясёлыя. Ульяніца занядужала, кашляла, стагнала. Твар гарэў. Белавалод месца сабе не знаходзіў. «Навошта трэба было ехаць да гэтых рахманаў? — упікаў ён сам сябе. — Толькі няшчасце знайшлі...»
Ульяніцу паклалі не ў істопцы, а на светлай палавіне Ядрэйкавай хаты. Ядрэйчыха прывяла шаптух-зялейніц. Бяззубыя сівыя бабулі распранулі Ульяніцу, пачалі націраць яе сухімі і мокрымі травамі, давалі піць траянку — грэтае віно, змешанае з мёдам, чырвонай глінай і каровіным маслам. Але нічога не дапамагала. Тады яны запалілі казліны рог, запалілі пук чалавечых і конскіх валасоў. Ульяніца пачала задыхацца.
— Маліся, — сказала старэйшая зялейніца Белавалоду. — Не балотны дух грызе тваю жонку, а вялікі страх. Страхам запоўнена яе душа. Маліся.
На трэцюю ноч Ульяніцы зрабілася зусім кепска. Яна не пазнавала нават Белавалода. Усё цела было абліта потам. Шчокі праваліліся, а вочы заслаў густы туман, і праз той туман не мог зазірнуць Белавалод у жывую душу сваёй жонкі.
— Ульяніца, — клікаў Белавалод, — Ульяніца, глянь на мяне... Глянь... Не памірай, галубка мая...
Ульяніца раптам расплюшчыла вочы, выдыхнула з тугою, з жалобай:
— Гэта Бог мяне карае...
— За што цябе, такую добрую, такую светлую, можа караць Бог? — абліўся слязьмі Белавалод.
— За тое, што без бацькавага благаславення за Белавалода пайшла, — не пазнаўшы мужа, ціха прашаптала Ульяніца і змоўкла назаўсёды.
Читать дальше