Пячора Мяфодзія была вельмі маленькая, як павярнуцца. Высокія ростам Ізяслаў і Усяслаў не сталі ў яе заходзіць, бо давялося б сагнуцца ў крук. Яны ўбачылі толькі жоўценькі пясок, свечку і лоўжык завялага вецця, на якім ляжаў пячорнік. Феадосій нырнуў у гэты паўзмрок, нешта ціха сказаў Мяфодзію, і неўзабаве яны ўдвух выйшлі адтуль на святло.
Мяфодзій адразу пазнаў Усяслава, усміхнуўся сухімі вуснамі, сказаў:
— Вось і сустрэліся мы з табою, княжа.
Ён быў хмуры, беласкуры, бо рэдка паказваў сябе гарачаму кіеўскаму сонцу. Уся ягоная апратка складалася з доўгага грубага палатнянага мяшка, у якім былі прарэзаны дзіркі для шыі і ддя рук. Мяшок Мяфодзій падпяразваў лыкам.
— Ярун? — аж уздрыгнуў Усяслаў. — Сядзельнічы?
— Калісьці я быў Ярунам, быў сядзельнічым, — ціха загаварыў Мяфодзій. — А ты быў княжычам, полацкім князем...
— Я і сёння князь, — горда сказаў Усяслаў і прытупнуў нагой.
— Усе мы — рабы Божыя, — быццам не пачуў яго
Мяфодзій, потым павярнуўся да Ізяслава, пакланіўся. — I ты, вялікі князь, прыйшоў? Молімся мы за цябе штодзённа і штоночна, за тваіх дзяцей і княгіню, за тваю дзяржаву.
Ізяслаў правай рукою лёгка абняў пячорніка, усхвалявана вымавіў:
— Дзякуй вам, людзі божыя. Заўсёды буду дзяліцца з вамі, святымі малельшчыкамі, кавалкам хлеба.
У гэты час ігумен Феадосій узяў у дружынніка корд, схапіў Мяфодзія за левую руку, сухую, бела-сінюю, і вострым лязом нанёс яму невялікую рану крыху ніжэй локця. I ўсе ўбачылі, як на парэзе выступіла белая кроў.
— Што ты робіш, ойча? — спалохаўся Мяфодзій.
— Вялікі князь хацеў паглядзець на тваю кроў, — накрэсліў над ім святы крыж ігумен. — Я прышлю братоў-зялейнікаў, і рана твая загоіцца. А зараз мы пакінем цябе з князем Усяславам.
I вось яны сядзелі ў цёмнай пячорцы на дубовым і кляновым вецці — князь і чарнец. У змроку ззялі маленькія вочы Мяфодзія. Яны здаваліся Усяславу светлякамі-гнілушкамі, якія свецяцца ўначы ў дрымотных полацкіх лясах.
— Ты стаў хрысціянінам, — усхвалявана казаў Усяслаў. — Ты, які крывёю і агнём кляўся Перуну ў вечнай вернасці. Памятаеш, як мы хадзілі ўначы на возера Валовае, як раўла навальніца, як маланка раскалола замшэлы валун, разбіла на друз? Ты тады гаварыў нам, сваім вучням: «Глядзіце — гэта Пярун пусціў з-за чорнай хмары залатую стралу. Ён хоча напомніць усім адступнікам, усім палахлівым адшчапенцам, што рана яны смяюцца з яго, валакуць яго пад наглядам папоў у багну, у бруд. Ён яшчэ загрыміць, яшчэ забліскоча ў іхніх цёплых і сытых снах». Ты гаварыў гэта нам, і мы верылі, верылі табе, як можна верыць толькі Богу.
— Але ж ты сам навёў на патаемнае капішча бацькавых дружыннікаў, — строга перапыніў Усяслава Мяфодзій, узбуджана крутнуўся, і вецце хруснула пад ім.
— Я быў горкім дзіцём. Душа мая была сляпым кацянём. Яна шукала дарогу. Я вельмі верыў табе, я гатоў быў праліць за цябе і за Перуна кроў, але я бачыў, як моляцца Хрысту маці і бацька, як моляцца новаму Богу баяры і дружына... Колькі я паплакаў тады!
— Ты прывёў на капішча дружыннікаў, азвярэлых хрысціян, яны пасеклі ўсё і ўсіх, — сказаў Мяфодзій.
— Усё жыццё я ўспамінаю гэту ноч! — усклікнуў Усяслаў. — Я чую стогны старога вешчуна, якому па валаску выдзіралі бараду.
— Я зразумеў цябе, — перапыніў князя пячорнік. — Ты хочаш адначасова праехаць на двух конях, але так нельга.
— Аты асяддаў аднаго каня! Хрысціянства! — ускочыў Усяслаў і адразу сеў, стукнуўшыся галавою аб камяністую столь пячоры. — Твайго каня кормяць пшаніцай і аўсом, ён у залатых папонах, яго ніколі не запрагуць у саху, ён начуе не ў глухім дажджлівым полі, а ў стайні. I ты выбраў яго. Так лягчэй.
— Вядома, так лягчэй, — згадзіўся пячорнік. — Бог вярнуў мне розум, і я ўбачыў, што нельга чапляцца за Перуна, нельга маліцца патухлым галавешкам.
— Ты здрадзіў болей, чым я, — ціха, з дрогкасцю ў голасе сказаў Усяслаў. — Я выдаў сховішча старога Бога па дзіцячай неразумнасці, па сваёй слепаце, а ты адцураўся ў старасці, адцураўся на схіле жыцця, ты плюнуў на ўсё тое, што лічыў святым і вялікім, чаму пакланяўся, чаму вучыў іншых. Яны верылі табе і тваёй веры. Здрадзіўшы Перуну, ты здрадзіў ім усім. За цёплую пячору, за сытую старасць, за абяцанне вечнага жыцця ты зрабіўся хрысціянскім манахам. Ты верыш, ты ўпэўнены, што цябе, за ўсю тваю святасць, чакае рай. А каб ты ведаў, што наперадзе не будзе раю, ты б зрабіў мне ці іншаму добрае? Адказвай: зрабіў бы, каб ведаў, што не будзе нябеснай узнагароды?
Читать дальше