— Але не забывай, ігумен, што наперадзе ўсіх нас чакае вечнасць, — усміхнуўся Усяслаў. — Столькі яшчэ Божых узнагарод будзе і ў цябе, і ў мяне. Ёсць не толькі рай, ёсць пекла. Запомні гэта.
Вялікі князь уважліва слухаў іх, сам зацята маўчаў, толькі прыгладжваў сваю русую бараду, якая расла клінам. Яркія, але ўжо нягрэйкія сонечныя промні ліліся на Кіеў.
Да Пячэрскага манастыра дабіраліся конна з трыма дзесяткамі дружыннікаў. Манастыр стаяў за гарадской сцяною, на высокай гары. Гара была сточана пячоркамі-хадамі. Так мышы праточваюць духмяную галоўку сыру. Першы прыйшоў на гэта месца настаяцель [Настаяцель — старшы свяшчэннік праваслаўнай царквы] царквы Апосталаў у княжным сяле Берастове Іларыён і на беразе Дняпра паміж густога лесу пачаў закопвацца ў зямлю, каб схавацца ад мітусні і тлуму. Але неўзабаве бацька Ізяслава вялікі князь Яраслаў пасварыўся з рамеямі і прызначыў Іларыёна, мясцовага чалавека, мітрапалітам Кіеўскай зямлі. «3 Богам я буду гаварыць праз сваіх людзей, а не праз рамеяў», — напісаў у Канстанцінопаль Яраслаў. Пячорка нядоўга пуставала. Неўзабаве з горада Любеча прыйшоў пустэльнік Антоній, каб сагрэць у ёй свае старэчыя косці. Да Антонія пацягнуліся вучні, і калі іх набралася роўна дванаццаць, як святых апосталаў, яны выкапалі болын прасторную пячору, збудавалі ў ёй падземны храм. Кіеўскія князі напачатку не дужа прыязна сустрэлі святых «кратоў». Ізяслаў таксама пасварыўся з імі, бо яны спакуслівымі словамі завабілі ў пячору і пастрыглі ў манахі пад імем Варлама і Яфрэма сыноў самых знатных кіеўскіх баяр. Разгневаны Ізяслаў крычаў тады: «У цямніцу пашлю вас усіх і пячору вашу раскапаю!» Але вельмі хутка Ізяслаў, і ён заўсёды ганарыўся сабой, стаў верным сябрам манахаў, падараваўшы ім у вечнае ўладанне гару. 3 гэтага часу зрабіўся Пячэрскі манастыр першым князевым жаласнікам і заступнікам, і сёння князь ехаў туды, як да сябе дадому. У патаемных думках радаваўся Ізяслаў сустрэчы з пячорнікамі, як радуецца дзіця новай касцяной свістульцы. Паміж манахаў у густой цішыні падзямелля можна было адпачыць душою, забыцца пра полаўцаў і хітрых рамеяў, пра знясільваючы камень улады і адказнасці, які не адзін сонцаварот гняце душу.
На самым вастрыі гары стаяў новенькі драўляны храм трайнога сячэння, падобны на карабель. Пярэдняй, насавой сваёй часткаю ён быў скіраваны на ўсход — тут размяшчаўся алтар. Сярэдняя частка храма вышэй усяго ўздымалася над зямлёй і заканчвалася цыбулькай з крыжам. Задняя ж частка была нізкаю, прысадзістаю, але вельмі доўгаю.
Ігумен Феадосій, святлеючы тварам, глядзеў на храм, сказаў вялікаму князю:
— Як мурашы, як крупныя пчолы, працавалі манахі.
Усяслаў не ведаў, дзеля чаго вязуць яго да пячорнікаў. Ён сядзеў на кані, ад якога, прызнацца, ужо трошкі адвык, прагна пазіраў на Дняпро, на зялёныя стромы, на бясконцыя лясы. Бура кіпела ў душы, хацелася шырока раскрыліць рукі і абняць усю гэту жывую вечную прыгажосць, прытуліць яе да сэрца. Хацелася захлынуцца свежым ветрам, басанож пабегчы па цёплай пясчанай сцяжынцы, тварам упасці ў сакавіты хрумсткі чарот, нырнуць у раку, поўнай жменяю зачэрпнуць са дна халоднага глею, зрабіцца рыбінай, імклівай, моцнай, і плыць, плыць на поўнач, туды, дзе Бяроза ўліваецца ў Дняпро. Вочы ў князя ўспыхнулі мяккім глыбінным святлом, шчокі паружавелі. Незвычайную сілу адчуў ён у сабе, нейкую лёгкасць, хмельнасць і звонкасць, якія бываюць пасля пацалунка каханай жанчыны.
Ігумен кінуў на Усяслава падазроны позірк, перахрысціўся. Вялікі князь таксама зірнуў на палачаніна, паклаў дзясніцу на рукаяць мяча.
— А некалі ж быў ва ўсіх людзей залаты век, — на поўны голас выгукнуў Усяслаў. — Ні запрраў не было, ні клетак, ні порубаў. Ідзі куды хочаш. Ляці куды хочаш.
«У ім прачынаецца ваўкалак», — падумаў Феадосій і сказаў Усяславу:
— Памаліся, князь. Хутка мы ўбачым людзей, якія не хочуць ні хадзіць, ні лётаць, ні бегаць, а ўсё сваё зямное жыццё адцаюць малітве, бясконцай і суровай. Птушкі, хоць і лётаюць высока, не ўюць гнёзды на воблаках. Не будзь птушкай, князь. Упусці малітву ў душу, і Бог збудуе табе гняздо ў сваёй нябеснай дзяржаве.
— Навошта ты гэта гаворыш мне, мне, які ўзвёў полацкую Сафію? — уладным голасам перапыніў яго Усяслаў.
Феадосій разгублена змоўк. Нейкая патаемная сіла струменілася, ішла ва ўсе бакі ад полацкага князя, і не мог ігумен зразумець і адолець гэту сілу. «Пярэварацень, — зноў падумаў Феадосій. — Ноч — ягоны дзень».
Читать дальше