Недзе праз сядміцу пасля залатара ў шэры дажджлівы дзень асцярожна падышоў да акенца нізенькі тоўсценькі чалавек, нечым падобны на вожыка. У яго былі чорныя вясёлыя вочкі, здавалася, яму так хочацца засмяяцца, але ў такім месцы смяяцца не выпадала, і ён, аблізнуўшы сакавіта-чырвоныя губы, хуценька кінуў у поруб бяросту і знік. Усяслаў падняў бяросту, адчуў, як затахкала сэрца. Выціснутыя пісалам словы добра бачыліся ў паўзмроку на беласнежнай тонкай кары. «Князь Усяслаў Брачыслававіч, — было напісана на бяросце, — твае сыны і княгіня Крутаслава жывыя і здаровыя, моляць Бога за цябе, чакаюць цябе. Ведай, что ўся Полацкая зямля таксама моліцца за цябе і верная табе да скону, бо ты Рагвалодавіч і Рагаедзіч, крыві нашых старадаўніх князёў. Дружына чакае цябе, а я, старшы дружыннік Раман, Іпто з табою ад Нямігі да Ршы бец тут — у Кіеве, непадалёку ад поруба. Спадзявайся на лепшае. Мы памром, але вызвалім цябе. Божа, памажы рабу свайму Усяславу».
Гэта быў нібы голас з нябёсаў. Даўно чакаў Усяслаў такую бяросту, стаміўся чакаць, перастаў чакаць, падумаўшы, што ўсе адмовіліся ад яго, забыліся пра яго, і вось белая птушка надзеі скінула ў цямніцу сваё пяро.
— Сыны мае, дзеці, — усхвалявана сказаў Усяслаў, — ёсць яшчэ на зямлі добрыя верныя людзі, ёсць адважныя воі.
Расціслаў з Барысам падышлі да бацькі. Ён абняў іх, бліскаючы вачамі, гаварыў далей:
— Князь Брачыслаў, мой бацька, а ваш дзед, які далучыў да Полацка Віцебск і Усвят, перад сконам сваім паклікаў мяне і сказаў: «Сыне Усяслаў, калі Бог дасць табе мой сталец з праўдай, а не з насіллем, і калі прыйдзе да цябе смерць, загадай пакласці сябе, дзе я буду ляжаць, каля маёй труны». Думаў я, дзеці, што не суджана мне выканаць волю бацькі майго, што памру далёка ад нашай радзімы, ад светлага Полацка, што не ўбачу ніколі Дзвіну, дарагі наш Рубон. Але сілы і веру мне вярнула вось гэтая бяроста. Ёсць людзі, сыны, якія верна служаць нашаму княжацкаму дому, якіх не асляпіла і не аглушыла бяда. Яны рыхтуюцца выбавіць нас на белы свет з-пад зямлі. Памолімся ж за іх.
Яны, бацька і сыны, сталі на калені і перад маленькай кволай свечкай пачалі маліцца з усёй шчырасцю і страсцю. Потым Расціслаў папрасіў:
— Дай, бацька, патрымаць бяросту.
Узяў, пачытаў напісанае і знерухомеў. I ўбачыўся яму вясновы Рубон, сонца на хвалях, залатыя пырскі, пясчаная, абхлешчаная ветрам строма і на самым версе гэтай стромы, здаецца, у аблоках — бярозка. Маладая, зеленакосая, белацелая. Як хацелася яму дакрануцца да цёплай вільготнай кары, пачуць трывожна-радасны шум вецця, стаць пад мільготкімі кроплямі, якія градам падаюць на галаву, як толькі датыкнешся плечуком да ствала.
Барыс таксама прачытаў напісанае на бяросце, таксама ўзрадаваўся. Яго ўжо так даканалі поруб, змрок, беднае прыніжанае жыццё пасля раскошы княжацкага церама, што ён гатовы быў кінуцца ў пельку, у агонь, толькі б нешта змяніць, парушыць у сваім няшчасным лёсе. Ён быў жыццялюбам, ён любіў віно, жанчын, прыгожае адзенне, багата прыбраных коней, любіў ловы, сакалінае паляванне, смачную ежу, і яго даводзіла да шаленства думка, што ў той час, як ён жыве жыццём падземнага чарвяка, нехта карыстаецца ўсім гэтым, нехта млее ад асалоды. «Усё з-за бацькі, — думаў ён. — Мала яму было Полацка, захацеў прыбраць да рук Ноўгарад і Смаленск, быццам там мёд п'янейшы».
Усяслаў хацеў быў спаліць бяросту на свечцы, ды кволы слабы язычок полымя толькі лізаў яе, не мог адолець. Тады князь моцнымі пальцамі пачаў ламаць, разрываць бяросту на дробныя кавалачкі і закапаў у самым куце поруба, там, дзе з-пад гнілых збуцвелых дошак выглядвала палоска цёмнай халоднай зямлі. Старанна выцер гарахавіннем рукі, па-змоўніцку ўсміхнуўся сынам.
— Будзем жыць, — сказаў Усяслаў. — Хай Бог трошкі пачакае, на неба я яшчэ пакуль не спяшаюся.
Барыс уздрыгнуў ад такіх святатацкіх слоў, спалохана перахрысціўся. Расціслаў падышоў да бацькі, пацёрся, як маладзенькі козлік, галавою аб ягоныя грудзі.
Жыццё ў порубе зрабілася весялейшым, нібы ў апраметнай цемры нехта запаліў агеньчык. Нават самая мізэрная надзея дае чалавеку сілу. Адбярыце ў чалавека надзею, і ён адразу памрэ, а калі не памрэ, дык ператворыцца ў рахманага дурнога вала, які дрэмле, аблеплены пякучымі мухамі, што залазяць яму ў самыя ноздры, і перакочвае ў роце зубамі і языком сваю бясконцую жвачку.
Праз некалькі дзён вой-ахоўнік сказаў у акенца:
— Зноў загадана цябе, князь, узяць з поруба і паставіць перад светлымі вачамі вялікага князя Ізяслава Яраславіча.
Читать дальше