— Засумаваў без мяне твой князь? — скупа ўсміхнуўся Усяслаў.
Але вой быццам не пачуў ягоных слоў, адышоўся. У акенца заляцела дажджынка.
Частка III
Вялікі князь Ізяслаў не ведаў, што рабіць з палонным полацкім князем. «Дарэмна я схапіў яго каля Ршы, — думаў бяссоннымі начамі Ізяслаў. — Толькі рукі сабе звязаў... Хай бы бегаў гэты ізгой на злом галавы па балотах і пушчах, нехта б прыкончыў яго».
Баяры, асабліва Чудзін і брат яго Тукэ, раілі забіць Усяслава. Без крыві ўсё роўна не абысціся, дык чаго чакаць? Хіба мала ахоўнікаў? Няхай адзін з вояў добра стукне кап'ём, і ўсё. А княжычаў можна завезці ў манастыр.
Спачатку іх падтрымліваў і Святаслаў, але потым, седзячы ў сваім Чарнігаве, перадумаў, не захацеў браць кроў на душу.
Супраць забойства адразу ж падаў свой голас малодшы Яраславіч, Усевалад Пераяслаўскі. 3 княгіняй, маладой светласкурай рамейкай з роду Манамахаў, ён некалькі разоў прыязджаў у Кіеў і слёзна прасіў вялікага князя сцішыць гнеў, быць мудрым. «Родзічаў нам пасылае неба, сяброў жа мы выбіраем самі, — казаў ён старэйшаму брату. — Забіўшы палоннага і безабароннага, мы страцім шмат нашых сяброў. Што дасць табе гэта смерць? Братні нам па крыві Полацк ты назаўсёды адарвеш ад Кіева. Добра памаліся і добра падумай».
Ізяслаў маліўся, думаў, не спаў, змучыўся. Удача гэтым летам павярнулася да яго спінаю. 3 поўдня ціснулі полаўцы, на захадзе грымелі мячамі ўгры, і нават кароль ляхаў Баляслаў, родзіч, перабягаў цераз Буг, паліў гарады і весі. Усе, хто мог, упіваліся зубамі ў кіеўскую зямлю. Так ганчакі грызуць на ловах мядзведзя.
«Заб'ю Усяслава, — думаў, шалеючы ад свайго бяссілля, вялікі князь. — Нездарма кажуць смерды і рукадзельныя людзі, што ён ваўкалак. Гора прынёс мне полацкі князь. Заб'ю яго». Але супакойвалася сэрца, і ён разумеў, што не адважыцца забіць, бо Святаполкам Акаянным назаве яго Руская зямля. Ён жа, сягаючы думкамі ў будучае, хацеў, каб пасля смерці з любоўю ўспаміналі яго ўсе, як успамінаюць бацьку ягонага Яраслава Мудрага. Спустошаны, знясілены цяжкімі згрызотамі, павярнуў вялікі князь душу сваю і вочы свае да царквы, загадаў завезці ў Пячэрскі манастыр багатыя дарункі: тры вазы карчаг з віном і пяць вазоў з хлебам, сырам, рыбай, гарохам і мёдам. Адразу ж да князя прыехаў ігумен Феадосій, сказаў:
— Голад цялесны быў у нашай абіцелі, плакалі чарняцы, выграбаючы апошнюю жменьку мукі з сусекаў але ты, хрысталюбец, успомніў пра нас, сірых і бедных. Келар [Келар — загадчык манастырскай гаспадаркі], молячыся за цябе, наварыў ддя браццяў пшаніцы з мёдам. Ты не з тых, што з'ядаюць сваіх дзяцей замест хлеба. Жыві ж і слаўся, вялікі князь!
Ізяславу было прыемна слухаць такія словы. Ён пасадзіў Феадосія побач з сабою, пачаў шчодра частаваць. Але ігумен, строга звёўшы суровыя бровы, адмовіўся. Ізяслаў піў і еў адзін і, калі хмельнае віно зрабіла сэрца празрыста-лёгкім, пажаліўся ігумену:
— Адзін раз жывём на гэтай зямлі, святы ойча. Пойдзем некалі адсюль. Будзем жыць у раі, на небе... А сюды не вернемся, ніколі не вернемся. Траву зямную не ўбачым...
Феадосій здзіўлена зірнуў на вялікага князя.
— Рабі добрае, — сказаў ён, — і такія думкі не будуць засмучаць цябе. Трава зямная — тлен. Апошняя каза можа згрызці яе. Думай пра небясны вечны эфір. Зямное жыццё — падрыхтоўка да жыцця нябеснага.
— А як рабіць добрае? — запытаўся Ізяслаў. — I што такое добрае? Калі я забіваю свайго ворага — добра мне, але дрэнна яму, ягонай жонцы і дзецям.
— Бог — адзіны суддзя, — перахрысціўся ігумен. — Вышэйшы суд на небе.
Ізяслаў таксама перахрысціўся, ціха вымавіў:
— Не магу рашыць, што мне рабіць з Усяславам.
— 3 полацкім князем, які сядзіць у порубе? — выцер вусны ядвабнай вышыванай хустачкай Феадосій.
— 3 ім. Парай, святы ойча.
На нейкі міг павісла маўчанне. Промень сонца ўляцеў праз каляровае шкло акна, і, здалося, успыхнула віно ў высокіх срэбных кубках.
— Ты спазніўся, — сказаў нарэшце ігумен і растлумачыў: — Яго трэба было забіць на Дняпры, каля Ршы, трэба было забіць учора, а сёння ўжо позна. Пра яго ведае ўвесь Кіеў. Калі ты яго заб'еш, заб'еш у порубе, ён зробіцца пакутнікам у вачах усіх, і Русь не даруе табе.
— Што ж рабіць? — пазмрачнеў Ізяслаў. — Выпускаць яго нельга, бо ён адразу схопіць меч і сядзе на каня.
— Я з ахвотаю ўзяў бы яго чарняцом у сваю абіцель.
— Чарняцом? Усяслава? — аж прыўзняўся з мяккай венецыянскай канапы вялікі князь. — Хіба такія ідуць у манастыр? Ды ў яго душа з агню, а не з воску. Нездарма кажуць, што ён пярэварацень, ваўкалак. Ручным ён ніколі не будзе. Ніколі.
Читать дальше