Апошнія словы Ізяслаў амаль выкрыкнуў. Феадосій жа быў спакойны. Узняўся, падышоў да акна, пагладжваючы сухімі цёмнымі пальцамі вялікі залаты крыж на грудзях. Потым павярнуўся да вялікага князя:
— Ёсць у мяне ў абіцелі чарнец Мяфодзій. Ужо семнаццаць сонцаваротаў сядзіць у сваёй келлі. Святы праведнік, а праведнасць, як вядома, лучыць чалавека з усім, што над зямлёй, на зямлі і пад ёю. Лучыць людзей з Богам і між сабой. Гэты Мяфодзій, як і Усяслаў, родам з Полацкай зямлі і, як прызнаўся на споведзі, у маленстве сябраваў з князем Усяславам, бо быў у ягонага бацькі Брачыслава сядзельнічым. I называлі яго тады не Мяфодзіем, а Ярунам.
— Пра яго твае чарняцы Арцемій і Улеб мне гаварылі, — перапыніў Феадосія Ізяслаў.
— Гаварылі, — задаволена ўсміхнуўся ігумен. — I яшчэ яны гаварылі табе, вялікі князь, што ў гады маладосці і сілы гэты Мяфодзій быў агідным паганцам, ворагам Хрыста. У глухіх лясах, у ямах і на балотах маліўся са сваімі хаўруснікамі Перуну. I княжыча Усяслава павёў за сабою да ідалаў, хацеў зрабіць паганцам. Так атруціў дуіпу княжычу, што той як сшалеў — кожны дзень бегаў з горада ў дрыгву Перуну маліцца. Веру ў Хрыста, у Святую Тройцу называў ён казкай, якую прыдумалі прыблудныя рамейскія чарнарызцы. Цяжка было з ім князю Брачыславу. Баяры пачалі гаварыць, што сын-паганец у полацкага князя расце, што вялікая бяда будзе, калі гэты няверац сталец возьме. Плакала княгіня, лютаваў стары Брачыслаў. Але ні лаза, ні пакаянныя пасты і малітвы не дапамагалі, і раптам цуд адбыўся — паказаў Усяслаў князю-бацьку і ягонай дружыне патаемнае лясное логвішча полацкіх паганцаў. Там адных ідалаў з сотню было. Усіх пасеклі дружыннікі, у агонь і ў багну пакідалі. Многіх стараверцаў узялі за кадык і забілі. I вось я думаю: што перамяніла тады Усяслава?
— Хрысціянская вера душу асвяціла, — сказаў Ізяслаў.
— Гэта так. Ваісціну справядлівыя словы твае, вялікі князь, — перахрысціўся Феадосій. — Але кожны новы дзень пачынаецца з самага першага сонечнага праменьчыка. Што было тым праменьчыкам?
Яны памаўчалі. Віно палала, іскрылася ў срэбных кубках, клікала да сябе. Віно было ружовай нябеснай расой, што выганяе з сэрца сум, робіць лягчэйшай самую цяжкую згрызотную думку. Ды Феадосій не дакрануўся да свайго кубка, пільна паглядзеў на Ізяслава.
— Хачу я, вялікі князь, каб Усяслаў і Мяфодзій сустрэліся. Двум былым паганцам, адзін з якіх яшчэ і сёння касавурыцца на балота, будзе што ўспомніць. Калі мы не можам скараць Усяслава мячом, трэба клікаць на дапамогу Божае слова. Мяфодзію зверху дадзены дар накіроўваць сляпыя душы на ісцінны шлях. Камяні плачуць, слухаючы яго.
Ізяслаў недаверліва гмыкнуў.
— Так-так, — натхнёна сказаў Феадосій. — Я сам сведка. I не руда-кроў цячэ ў ягоных жылах.
— А што ж?
У цёмных вачах вялікага князя ўспыхнула непрыхаваная цікаўнасць.
— Малако.
— Малако? — у Ізяслава выцягнуўся твар. — Ды хіба можа быць такое?
— Можа, — рашуча сказаў ігумен. — Зноў жа — я сам сведка. Мяфодзій, капаючы сваю пячору, параніў руку аб камень, скуру садраў ад кісці да самага локця. I замест чырвонай крыві ў ране я ўбачыў белую, убачыў самае сапраўднае малако.
— Твае вочы маглі памыліцца, — недаверліва зморшчыў лоб Ізяслаў і ўзяў кубак з віном.
— Вялікі князь, я веру сваім вачам, як веру Хрысту, — усклікнуў Феадосій. — Плоць мая і душа мая, дзякуй Богу, здаровыя, і я магу адрозніць дзень ад ночы, белае ад чорнага або чырвонага. Клянуся на крыжы, кроў у Мяфодзія белая-белая, як малако. А можа, гэта і ёсць малако.
Ізяслаў слухаў ігумена і крывіў ва ўсмешцы тонкія вусны.
— Ты не верыш мне? — пачырванеў, як бураковым сокам наліўся, Феадосій. — Тады бяры з падзямелля свайго палачаніна, і ўтрох, ты, ён і я, паедзем у пячору Мяфодзія. Там ты ўсё ўбачыш на свае вочы.
Назаўтра воі-ахоўнікі і надворныя халопы разабралі верхнія вянцы дубовага поруба, на вяровачнай лесвіцы выцягнулі Усяслава. Полацкі князь жмурыўся, ратаваў вочы ад сонца, закрываючы іх далонямі. Але ў паставе, у руках адчувалася няскораная сіла.
— Ці молішся Богу, князь? — падышоў да яго Феадосій.
— Малюся, — спакойна адказаў Усяслаў. — Хіба ж можна не малідца Богу, жывучы побач з табою?
— Не разумею, пра што ты кажаш, — збянтэжыўся ігумен.
— Я кажу, што мы з табою, з вялікім князем Ізяславам жывём побач, жывём у слаўным Кіеве. Толькі вы ў палатах, а я ў порубе.
— Кожнага Бог узнагароджвае за зямную дабрачыннасць, за справы зямнью, — з годнасцю сказаў Феадосій.
Читать дальше