Пакуль яшчэ спалі сыны, ён стаяў у цемры і кожнай клетачкай цела адчуваў нараджэнне новага дня. Ён быццам бачыў, як залаціцца неба, як густы малочна-белы туман залівае Дняпро ва ўсёй яго шырыні. Спіць Гара, спіць Падол, а ўжо сонца, магутны Ярыла, сын Дажджбога і Лады, ахоўнік мужчынскай сілы, пачынае нацягваць свой залаты лук, пускае вогненныя стрэлы. Высокагаловая Сафія першая сустракае палёт гэтых стрэл, радуецца ім, бо адступае пераможаны змрок, бо, злосна скрыгатнуўшы зубамі, хаваецца за чорную хмару Абіда, багіня смерці і няшчасцяў. Хмара гэта сплывае з кіеўскага неба, ляціць за раку Сулу, за Харол і Вараскол, туды, дзе гудзе ад конскіх капытоў, дыміцца начнымі бяссоннымі вогнішчамі Палавецкая зямля, Дэшті-Кыпчак. Там вострыць шаблі тысячаротная галодная арда. Там на сухіх стэпавых узлобках стаяць пласкатварыя каменныя бабы, нямыя і загадкавыя, як вечнасць. Што за народ паставіў іх? Дзеля чаго? А можа, яны ўпалі, зваліліся калісьці з неба, бо неба, як і зямля, напоўнена камянямі, праўда, не халоднымі, а гарачымі. Два сонцавароты назад вісела над зямлёй, гарэла ў начным небе хвастатая, крывававаласатая зорка, якраз тады, калі ішоў Усяслаў браць Ноўгарад. Гэта было кепскім знакам, такім кепскім, што некаторыя воі затыкалі вушы і заплюіпчвалі вочы. Тады разліўся, разбух ад вялікай вады Волхаў, а маланкі ў час навальніцы былі падобныя на карэнні вырваных бурай дрэў. Усяслаў адолеў страх, узяў Ноўгарад, зняў з цэркваў званы, радаваўся, але радасць закончылася крывавай Нямігай, цёмным порубам. Смяротны чалавек не можа змагацца з вечным небам. Неба мацнейшае ўжр тым, што высока ўзнята над чалавечай галавой і кожнае імгненне можа ўдарыць па гэтай галаве Перуновай стралой або гарачым каменем. Але хочацца, ой як хочацца паспрачацца з небам, перахітрыць яго. Нездарма ў грэкаў былі тытаны, быў Праметэй. Усяслаў стаяў у цемры, думаў пра ўсё гэта, чуйна прыслухоўваючыся да наваколля і да самога сябе.
Разгарэўся дзень. Пайшлі да поруба людзі. Паміж імі былі і сябры і ворагі. Усяслаў успамінаў старую з яе балотнай жабай, з яе ядавітай злосцю і ўжо з асцярогаю пазіраў на акенца. А сыны радаваліся кожнаму чалавечаму твару.
Недзе пасля абеду сеў ля акенца, узяўшыся рукамі за грудзі, сумны чалавек з пастрыжанай галавой. Памаўчаў, потым няўпэўнена гукнуў:
— Князь! Князь Усяслаў!
— Хто ты і што табе трэба? — падаў голас Усяслаў.
— Падыдзі бліжэй, стань на святло, каб я цябе ўбачыў.
Усяслаў выйшаў са змроку поруба на болыы віднае месца. У чалавека радасна ўспыхнуў твар. Ён шырока перахрысціўся, сказаў:
— Дзякуй Богу, што я цябе ўбачыў. Цяпер і паміраць можна. Я сёння памру. Чуеш князь? Я сённяпамру.
— Хто ты? — спытаў Усяслаў.
— Залатар Дзяніс. Жыў у Менску, у тваім горадзе, князь Усяслаў. А сёння я — чорны раб рамея Тарханіёта.
— Чаму ты кажаш, залатар, што сёння памрэш? Толькі самагубцам дадзена ведаць часіну сваёй смерці. Але як полацкі князь, як твой князь, я забараняю табе накладваць на сябе рукі. Чуеш, залатар? Жыві. Той, хто жыве, заўсёды спадзяецца на лепшае.
Дзяніс горка засмяяўся.
— Я памру непадалёку ад твайго поруба. Яшчэ ўчора я быў здаровым чалавекам, яшчэ сёння раніцой. Ды, пэўна, рамеі накармілі мяне атрутай. Але я не баюся смерці. Навошта жыццё рабу?
— Жыццё дае Боц і толькі ён забірае яго з чалавечага цела, — загаварыў Усяслаў, але Дзяніс перапыніў яго:
— Ты не быў рабом, князь, хоць і сядзіш у цямніцы. Ты — князь. Як і ўсе князі, ты жывеш на небе, а я, раб, жыву пад зямлёй. Скажы мне, князь Усяслаў, чаму ляжыць у дыме і попеле Полацкая зямля? Чаму зруйнавалі Менск, а мяне, як і многіх, пагналі з палонам, сюды загналі?
— Таму, што Яраславічы перамаглі мяне і маю дружыну, — ціха адказаў Усяслаў. — Павер, я не хацеў зла крыўскай зямлі, але яны адолелі мяне.
— Ты не хацеў зла сваёй зямлі. Я веру. Але навошта ўсё сваё жыццё ты ваюеш? Навошта льюць кроў дружыннікі і смерды? Скажы, навошта?
— Я хачу, каб Полацк быў моцны, — цвёрда вымавіў Усяслаў. — Я хачу ўзяць у свае рукі дняпроўскія і дзвінскія волакі.
— Навошта так шмат крыві? — зноў перапыніў князя Дзяніс. — Зямля хоча спакою. Войскі конь топча жыта, і дзеці смердаў паміраюць з голаду. Сцены гарадоў не паспяваюць узняцца, вырасці, як іх зноў пажырае агонь. Рамеснікаў, усіх рукадзельных людзей гоняць у палон. А ты, князь, хочаш узяць волакі, хочаш дзвюх сарок у руцэ ўтрымаць. Падумай і спыніся.
— А што даецца лёгка? — спытаў Усяслаў. — Не для лёгкага жыцця прывёў нас Бог на гэту зямлю. Для барацьбы, для працы. Чуецца мне, залатар, голас Рагнеды. I кажа яна: «Змагайся, князь».
Читать дальше