— Няпраўда, — бляднее Усяслаў.
— Праўда. Калі ты спіш, я зазіраю ў тваё сэрца, слухаю голас тваёй душы. Ты будаваў храм для чужога бога, а думаў пра сваіх багоў. Ты не мог не будаваць, бо хрысціянамі рабіліся твае баяры, хрысціянамі рабіліся твае дружыннікі. Каб захаваць сваю ўладу, свой сталец, ты павінен быў стаць хрысціянінам. Я нават скажу табе большае. Хрысціянства, хацеў бы гэтага ты ці не хацеў, пераможа на нашай зямлі. Шмат багатых прыгожых цэркваў пабудуе яно. Людзі так павераць яму, што з радасцю будуць паміраць за Хрыста. Але недаўгавечная гэта перамога. Надыдзе такі час, такі век, калі людзі адмовяцца ад яго, будуць смяяцца з яго. Як чакаю я гэты дзень, лежачы ў гнілым смярдзючым балоце! Як хачу я ўбачыць слязу на Іпчацэ папа, які, смеючыся, здзекуючыся, сек на маленькія трэсачкі маіх братоў!
— Ты жорсткі, — строга кажа Усяслаў.
— Жорсткасці мяне навучылі хрысціяне. Яны яшчэ запаляць па ўсёй Еўропе свае страшныя вогнішчы, і жывое чалавечае цела зашыпіць на агні.
— Прашу, пакінь мяне, — умольна глядзіць на Перуна Усяслаў.
— Я знікаю. Я вяртаюся ў балота, — адразу цішэе Пярун. — Помні: я буду сачыць за табой.
Усяслаў прачнуўся. У порубе — цемра, цішыня... Спяць сыны. Расціслаў прыцмоквае губамі. Князю зрабілася страшна, аж сэрца затахкала ў грудзях. Ён узняўся на ногі, вобмацкам падышоў да сцяны, далонямі дакрануўся да цёплага дрэва. Гэта адразу супакоіла яго. Ён заўсёды, калі было няўтульна, нявыкрутна на душы, калі ў агідным холадзе абмірала сэрца, шукаў дрэва, не абавязкова жывое, шукаў што-небудзь драўлянае і клаў на яго далоні. I адчуваў сябе лепш, упэўненей, бо жыццятворная сіла пачынала бруіцца ва ўсім целе. Магчыма, дрэва аддавала яму тое сонца, тую цеплыню, якую дзень за днём назапашвала ў сабе, калі яшчэ расло, калі было зялёным і шумлівым.
Пасля допытаў у велікакняжым палацы, пасля доўгіх размоў з манахамі з Усяслава знялі ланцугі. Манахі казалі, што святы Феадосій папрасіў аб гэтым самога Ізяслава. I кіян пачалі падпускаць да акенца поруба. Той, хто хацеў, падыходзіў, садзіўся на кукішкі, гукаў Усяслава або ягоных сыноў і пачынаў гутарку. Болын за ўсё прыходзіла тых, хто люта ненавідзеў новую веру. Шмат прыходзіла палачан з Брачыслававага падвор'я, што было непадалёку ад поруба. «Пачакай яшчэ трошкі, князь, — сказалі яны шэптам. — Вызвалім цябе, тваіх сыноў з цямніцы, убачыш Полацк, сядзеш на полацкі сталец». Яго хвалявала адданасць усіх гэтых незнаёмых людзей, рамеснікаў і купцоў, з якімі, каб не палон, не поруб, ён, магчыма, ніколі б не сустрэўся ў Полацку або Менску. Ён пазіраў на іх знізу ўверх, станавіўся так, каб яны бачылі ягоны твар, часта станавіўся разам з сынамі, абдымаючы сыноў, і заўсёды стараўся ў час такіх гутарак быць бадзёрым, нават вясёлым.
Да акенца падыходзілі розныя людзі. Былі нядобразычліўцы, якія радаваліся ягонаму гору і прыніжэнню. Аднойчы падклыпала бабулька з кіёчкам, пагукала сухім чорным ротам:
— Князёк, дзе ты? Пакажыся, князёк. Ён паказаўся, убачыў добры жаўтаваты тварык, васільковыя, надзіва яркія вочкі.
— Што табе, маці? — лагодна запытаўся ў бабулькі Усяслаў.
I раптам старая з вузельчыка, які трымала ў левай руцэ, шпурнула проста ў твар палоннаму князю добрую жменю балотнага бруду разам з вялізнай белапузай жабаю.
— З'еш! — радасна заверашчала старая. — З'еш, антыхрыст, жабку! Гэта табе за паганства тваё! За чары твае лясныя-балотныя!
— Ведзьма! — крыкнуў Усяслаў, махнуўшы цяжкім кулаком.
Але гэта не дужа каб узбунтавала ці расхвалявала яго. За сваё ўжо немалое бурнае жыццё (якніяк, трыццаць дзевяць сонцаваротаў [Трыццаць дзевяць сонцаваротаў ... Па нашых падліках, Усяслаў мог нарадзіцца ў 1029 годзе. Чаму? Ёсць вядомая быліна пра Волха Усяславіча. Многія вучоныя, у тым ліку Д. Ліхачоў, А. Шахматаў, перакананы, што ў ёй ідзе размова пра Усяслава Полацкага. У быліне чытаем: «Збіраў Волх дружыну ў пятнаццаць год...» Дружыну, як вядома, мог збіраць князь, а кнлзем полацкім Усяслаў стаў у 1044 годзе пасля смерці свайго бацькі Брачыслава Ізяславіча. Такім чынам, Усяслаў пражыў 72 гады (1029 - 1101 гг.).] жыў на зямлі) ён пабачыў мноства людзей, цэлае мора людзей. Рознай вышыні і чысціні бываюць хвалі на моры. Гэтак жа сама і сярод людзей.
Яшчэ ў юнацтве, калі не быў полацкім князем, ён часта думаў: «Няўжо людзі, усе жывыя людзі, што ходзяць пад сонцам, не могуць сабрацца аднойчы на веча і дамовіцца між сабою рабіць адзін аднаму толькі дабро. Няма ж такіх людзей, якія хочуць, якія жадаюць, каб ім прычынялі боль». Пажыўшы, паваяваўшы, паглядзеўшы на свет, Усяслаў зразумеў, што толькі дзівакі могуць марыць пра такое, бо чалавецтва, на жаль, не можа адначасова задумацца. Нехта думае, нехта пакутуе, а нехта смяецца або п'е віно, нехта плача, а нехта спакойна спіць.
Читать дальше