А наконт полацкага князя трэба таксама падумаць. Ён быццам клін, што ўвабіты ў самае сэрца Кіеўскай дзяржавы. Гэты клін трэба берагчы, трэба паліваць яго вадзіцаю, каб ён разбухаў, ламаў, расколваў гранітны маналіт. Моцныя саюзнікі патрэбны Візантыі толькі на час паходу, на час вайны, калі ж наступіць мір, калі меч ляжа ў похвы, калі з баявога каня здымуць сядло, саюзнікаў трэба аслабляць. Такі закон жыцця. У адным стэпе няма месца двум ільвам.
Раніцою ў суправаджэнні слугі-армяніна Тарханіёт пайшоў па Кіеве, пайшоў, куды вялі вочы. У велізарным незнаёмым горадзе ён быў, як Іоў у чэраве кіта. Гэты горад неабходна было вывучыць, хоць трошкі зразумець.
Тарханіёт апрануў грубы дарожны плашч з капюшонам, на ногі абуў мяккія вастраносыя сандалі. Чым бядней на табе адзенне, тым менш на цябе глядзяць. Так спрадвеку павялося ў Візантыі, так было і ў Кіеве.
Ужо з першага позірку, з першых крокаў стала зразумела, чаму тыя людзі, што пабывалі ў Кіеве, называлі яго другім Канстанцінопалем. Горад быў вельмі шматлюдны, шматгалосы і вельмі багаты. Уражвалі не толькі велікакняжацкія харомы альбо баярскія палаты, якія будаваліся ў два і тры ярусы. Купцы і вольныя рамеснікі таксама стараліся аздобіць, упрыгожыць сваё жытло, ды так, каб дыханне перахапіла ў таго, хто гляне. Дамы са свяцёлкамі стаялі, як цацкі. На дахах і на вільчыках — вясёлыя пеўні, звяры, хвастатыя рыбы. Надбрамныя стрэшкі, веснічкі, балясы перавіты мудрагелістымі ўзорамі. Тут і пшанічныя каласы, і лугавыя кветкі, і рознакаляровыя геаметрычныя фігуры. Двары і дарожкі акуратна выкладзены аднолькавага памеру камянямі або шііткамі. Чырвоны, сіні, карычневы колеры ўладарнічаюць усюды, цешаць вока, радуюць душу. У болынасці сваёй дамы пакрыты алавянымі лістамі.
Адчуваецца, што горад нядаўна стаў хрысціянскім, бо ў розных канцах яго пагрозна ўзвышаюцца паганскія курганы. Нават непадалёку ад Сафійскага сабора, за царквою Ірыны, якую збудаваў князь Яраслаў Уладзіміравіч, стаіць курган «Дзірава магіла». На думку Тарханіёта, гэтыя курганы даўно трэба было скапаць, зраўняць з зямлёй, бо, як гнойныя болькі д'ябла, раняць яны хрысціянскае вока.
Стараючыся забыцца пра сваё паганскае мінулае, Кіеў паспешліва будуе цэрквы. Лепшая з лепшых між іх Сафія, мітраполія Русі. Велізарны храм, які вянчаюць трынаццаць купалоў, лёгка, бязважка ўздымаецца ў нябесны блакіт і ззяе, гарыць, як светлая дзянніца. Кіяне называюць Сафію ружовабокай. Сцены яе клалі з дзікага каменю і плінфы, змацоўваючы растворам вапны і цамянкі. I цамянка дала сонечны колер усёй царкве. Бліжэй да зямлі сцены зроблены з чырвонага кварцыту, з гранітных блокаў. Здаецца, што царква стаіць на агні. Унутры ж Сафія ззяе рознакаляровай іскрыстай мазаікай, такой асляпляльнай, такой багатай, што Тарханіёт заплюшчыў вочы. «У нечым гэты народ можа пераўзысці Візантыю», — падумалася рамею, але ён адагнаў прэч нечаканую кашчунную думку. Нездарма кажуць, што дурань і на чужыя іконы моліцца. Ён, мудры, разумны, Тарханіёт, будзе маліцца толькі на свае, на візантыйскія іконы і, як вернецца ў Канстанцінопаль, адразу ж пойдзе ў святую Сафію, у тую, што адзіная на ўсёй зямлі.
На княжы двор прыйшоў ён пад вечар з разбітымі нагамі, са страшнай стомай у целе. Даўно не выпадала столькі хадзіць, але ён быў задаволены — сапраўдны слуга імперыі і базілеўса павінен не шкадаваць сябе. Вер толькі таму, што ўбачыш сваімі вачамі, што кранеш сваёй рукою.
Арсеній да яго вяртання падрыхтаваў травяную лазню. Тарханіёта адразу распранулі, пасадзілі ў велізарную дубовую дзежку, налітую ледзь не кіпятком. У вадзе плавалі травы і семя траў, такія пахкія, такія салодка-дурманныя, што рамей адчуў кружэнне галавы, а ў вачах пабеглі іскры. Праз нядоўгі час Тарханіёту пачало здавацца, што ён памаладзеў на добрых дваццаць гадоў. Цела было лёгкае і пругкае, як не сваё, быццам нехта замяніў плоць, замест ранейшай, старой, даў маладую, свежую.
— Я ўзнагароджу цябе, Арсеній, — млеючы ад асалоды, паабяцаў Тарханіёт. Еўнух у звычнай пакоры схіліў галаву, і, як заўсёды, вочы былі спакойна-бясстрасныя.
Апранаючыся, рамей заўважыў між сваіх прыслужнікаў незнаёмага чалавека, новы твар. Густыя чорныя валасы ў чалавека тапырыліся над смуглым ілбом, настырна лезлі ў вочы. Але не рамейскія былі чарната і смугласць, не рамейскія, хоць і чорныя, вочы. Чорнаму колеру не хапала паўднёвай спякотнасці.
— Хто гэта? — строга спытаўся ў Арсенія Тарханіёт.
— Я купіў раба. Яны тут не дорага каштуюць, — растлумачыў еўнух.
Читать дальше