Тарханіёт жахнуўся ўласным думкам, падняў залаты кубак, гучна, каб чулі нават у суседніх шатрах, сказаў:
— За здароўе базілеўса Русі Ізяслава! I выпіў віно. Ізяслаў пацалаваў рамея, у сваю чаргу абвясціў:
— За здароўе майго брата царгародскага базілеўса Рамана Дыягена!
Зайгралі, ударылі ў свае смыкі гудошнікі. Чарнавокія смуглыя прыгажуні, прывезеныя з-за дняпроўскіх парогаў, закружыліся на зялёным лужку насупраць княжага шатра. На руках і нагах у іх былі залатыя пярсцёнкі, бранзалеты, мілагучныя званочкі. Хмель весялосці пакрысе затуманіў усіх.
Тым часам Тарханіёт, адцясніўшы ад князя ляха Казіміра і варага Торда, усё бліжэй падводзіў гаворку да галоўнай мэты свайго прыезду ў Кіеў.
— Вялікі базілеўс, — зноў узняў ён пацяжэлы кубак, — базілеўс Раман Дыяген вельмі любіць і шануе цябе, а таксама тваіх адважных баяр і ўсю тваю непераможную дружыну. Слава пра цябе дакацілася да самых паўднёвых мораў, да Геркулесавых слупоў на мяжы Акіяна.
Ізяслаў уважліва слухаў, ласкава ўсміхаўся Тарханіёту, піў з ім, а сам увесь час думаў, што нездарма так салодка заспяваў хітры рамей — нешта патрэбна Візантыі ад Кіева. Але што? Ну, вядома ж, вайсковая дапамога, узброеныя сілы, кіеўскія мячы і сякеры. Нядаўна прыплылі купцы з Царгорада, з манастыра Святога Маманта, дзе спрадвеку маецца кіеўскае падвор'е, дык яны казалі, што рамеі вядуць бязлітасную вайну з народам, які называецца сельджукамі. Народ той, як саранча, з'явіўся аднекуль з гарачых усходніх пустынь, захапіў Арменію, усёй сваёй вялікай сілай наваліўся на імперыю.
— Як мне вядома, рамейскі базілеўс Леў, якога назвалі Мудрым, у сваёй «Тактыцы» пісаў, што вайну, пераможную вайну, трэба весці на зямлі ворага, — сказаў Ізяслаў. — Але конніца сельджукаў сёння топча хлебныя нівы імперыі.
— Цяжкія часы, — уздыхнуў Тарханіёт. — Удача адвярнулася ад рамеяў. Мы стрымалі націск арабаў, і гэта каштавала вялікай крыві. Сёння Бог выпрабоўвае імперыю сельджукамі. Як дзеці адной праваслаўнай царквы мы павінны стаць плячо ў плячо і сустрэць агнём і мячом бязбожнікаў у гарах Арменіі і Сірыі.
— Сірыя далёка ад Кіева, — уставіў сваё слова Казімір, які вельмі ўважліва слухаў размову. Тарханіёт гнеўна зірнуў на ляха, сказаў:
— Хрысціянская царква была маналітам, скалой, але яна раскалолася на дзве часткі. Не мы аслабілі царкву, а значыць, і ўвесь хрысціянскі свет. Гэта зрабіў Рым, папа, залатую пантофлю якому цалуеце і вы, ляхі.
Казімір успыхнуў, ускочыў з падушак.
— Не кашчунствуй, рамей! Раскол пачаўся яшчэ тады, калі Феадосій Вялікі падзяліў Рымскую імперыю паміж сваімі сынамі Ганорыем і Аркадзіем. I ўсё ж я хачу сказаць, што не Рым, а Візантыя адышла ад ісцінай Апостальскай веры. Ад вас ідуць ерасі і смуты, паганскі дурман.
Здавалася, вось-вось Тарханіёт з Казімірам схопяцца загрудкі. Яшчэ добра, што былі яны бяззбройныя, бо ў велікакняжны шацёр нельга ўваходзіць са зброяю. Толькі вараг Торд захоўваў поўны спакой. Цякла ў ягоных жылах паўночная кроў. Гэта па-першае. А па-другое, як большасць сваіх супляменнікаў, быў ён яшчэ паганцам, шчыра маліўся лясному дрэву і палявому валуну.
Ізяслаў прымірыў рамея і ляха віном, але пра Арменію і пра сельджукаў болын нічога не сказаў, быццам не пачуў слоў Тарханіёта. «Варвар, — падумаў пра князя рамейскі пасол, — што яму пакуты праваслаўнай царквы? Што яму імперыя, якая напружвае апошнія сілы, адцае на алтар барацьбы лепшых сваіх сыноў? Такіх сляпых душой лечаць толькі золатам». I ён урачыста абвясціў:
— Вялікі князь, базілеўс Раман Дыяген шле табе і базілісе Гертрудзе падарункі. Табе — залатую чашу, упрыгожаную камянямі, і трыста міліарысіяў [Міліарысій — грашовая адзінка Візантыі], базілісе — срэбную чашу і сто міліарысіяў.
Ён махнуў рукою, і ў шацёр з нізкімі паклонамі ўвайшлі ягоныя людзі, еўнухі Міхаіл і Арсеній. Яны паставілі чашу з міліарысіямі да ног Ізяслава, потым накіраваліся ў шацёр княгіні Гертруды, і адтуль пачуўся радасны жаночы віск.
— Прашу перадаць у Свяшчэнны палац, што слава аб Божым намесніку, усётрымацелю Рамане Дыягене коціцца па ўсёй зямлі, — сказаў Ізяслаў. — Прамяні гэтай славы асвятляюць Юеў і Русь.
Потым пачалася філасофская гутарка. Успомнілі Арыстоцеля, Платона, Сенеку, мудрых мужоў Візантыі Пракопія, Прыска Панійскага, Аміяна Марцэліна, Менандра. Тарханіёт дзівіўся, што гэтыя імёны добра ведаюць у Кіеве. «Русы — вельмі разумны, здольны народ», — падумаў рамей, калі пачуў, як вялікі князь Ізяслаў цытуе Менандра. А Ізяслаў, разружавелы, натхнёны, казаў:
Читать дальше