Уначы прысніўся Белавалоду сінявокі срэбнавалосы анёл. Зусім маленькі, сядзеў анёльчык на воблаку, сумна пазіраў удалячынь і плакаў. «Чаго ты плачаш?» — запытаў Белавалод. «Я плачу таму, што ты пайшоў за Перуном, не ўперад пайшоў, а назад», — адказаў анёл, і раптам жахлівыя іклы праклюнуліся з мяккага пяшчотнага роціка, тварык са снежна-белага зрабіўся агідна пунсовым, крывавым. Анёл, нібы каршун, кінуўся з воблака на Белавалода, ударыў ікламі ў левую шчаку. У вялікім жаху Белавалод прахапіўся, няўцямна глянуў вакол сябе. Плыла глухая снежная ноч. Патухлі вогнішчы. Рэдкія чырвона-залатыя жарынкі мільгалі з сівога попелу. Лют стаяў побач, наструнена прыслухоўваючыся да цішыні. Белавалод лэпнуў далонню па левай шчацэ. Аказваецца, заснуўшы, ён прыпаў шчакою да шурпатага сукаватага бервяна забаролаў.
Назаўтра прыехаў у баярскую раць чорнабароды гучнагалосы іерэй, пачаў хрысціць паганцаў-перабежчыкаў. Высеклі ў лёдзе рачулкі, што цякла непадалёку, палонку-купель, неафіты станавіліся каля яе на калені, святар чэрпаў ваду маленькім срэбным кубачкам, кожнаму ж ліў на галаву. Потым усім навахрышчаным далі белую нацельную кашулю, медны крыжык і адзін дынарый [Дынарый — грошы, якія паступалі ў той час на Русь з Заходняй Еўропы]. Скончылася набажэнства, і зноў пачаўся штурм.
— Спакойна жывецца за божым шчытом, — спяваў магутным голасам недзе ўнізе іерэй, і ягоныя словы прарываліся праз шум бою, неадчэпна лезлі ў вушы. Нельга было схавацца ад гэтых слоў. Лют бачыў, як апускаюцца рукі ў паплечнікаў, халаднеюць твары.
Яшчэ адна вялікая група абаронцаў Берастова здалася ў палон. Дзень-два, і растане паганская раць, як растае пад бязлітаснымі промнямі сонца халодны сакавіцкі снег. Што тады чакае яго, Люта? Пэўна ж, не будзе яму іерэй пырскаць вадой на галаву са срэбнага кубачка, а схопіць баярская чэлядзь за рукі, за ногі і кіне под тоўсты лёд — плавай там, паганец, да новай вясны.
Белавалрд бачыў, як хмурыцца, кусае губы Лют. Асабліва невыносна зрабілася яму, калі служкі баярына Супруна на доўгім бярозавым шасце паказалі ўсяму паганскаму войску галаву ваяводы Белакраса. Мёртвая галава, ашчэрыўшы ў смяротнай тузе зубы, павольна праплыла перад забароламі. Так праплывае ў начным небе ветах, каб схавацца за чорныя хмары. Лют заплакаў у адчаі і бяссіллі.
— Не плач, — падышоў да яго Белавалод. — Хіба выратуеш плачам сябе і нас?
Лют бліскучым слёзным вокам зірнуў на Белавалода, рукавом кажуха выцер твар. Зноў загрымеў бой.
Усе ўжо забыліся пра ганца, які скокнуў з пергаменам у гушчу баярскай раці, каб занесці гэты пергамен вялікаму князю Усяславу. Пэўна, напароўся бедалага на нечае кап'ё або здрадзіў, як і многія, і, прыняўшы хрышчэнне, глядзіць зараз з баярскага абозу на дым і агонь, што ўзвіваюцца над Берастовам. Але ганец аказаўся моцным гартаваным арэшкам, пракаціўся праз шчыльнае баярскае войска. Пад вечар, калі ўжо стамляўся, аціхаў чарговы наступ, нехта здзіўлена і радасна крыкнуў:
— Вялікі князь Усяслаў!
Усе, хто пачуў гэты крык (а пачулі яго і абаронцы Берастова, і баярскія ратнікі), апусцілі мячы і коп'і, лукі і дубіны, павярнулі галовы ў бок шырокага снежнага поля, якое ляжала паміж Берастовам і Кіевам. Чорная вастразубая сцяна лесу аточвала яго. Усе думалі ўбачыць грозную дружыну, людскую бурлівую раку, а ўбачылі невялікі лубяны вазок, запрэжаны паркай коней, ды дзесятак вершнікаў у доўгіх плашчах. На поўны рост узвышаўся ў вазку вялікі князь, кіраваў коньмі. На сумётах, на ямках вазок падкідвала, і Усяслаў пагойдваўся, хістаўся, але цвёрда стаяў на нагах. Скарынка лёду ззяла на светла-русай барадзе. На вялікім князю быў чырвоны кажух, шыты сухім золатам, замест гузікаў — зіхоткія каштоўныя камяні. Шырокі меч у стрэбных похвах вісеў на левым сцягне.
— Ваўкалак прыбег, — прашалясцела між баярамі, але моцным голасам абразу не сказаў ніхто — раптоўны страх аслабіў калені і рукі.
— Спыніцеся! — пад'ехаўшы да залітага крывёй вала, выцягнуў меч з похваў, махнуў ім Усяслаў. — Разыдзіцеся з мірам!
— Вязаць яго трэба, — шаптаў пасінелымі губамі Супрун, бегаючы між баяр. — Калі яшчэ такое шчасце надарыцца? Мяшок на галаву — і пад лёд.
Ён жоўтымі зубамі грыз доўгі вус, але ахвотнікаў кінуцца на вялікага князя, зваліць яго ў снег не знайшлося. Незразумелая сіла струменілася ва ўсе бакі ад Усяслава, і сіла гэтая была вышэй, мацней сляпой злосці.
— Пярэварацень, ваўкалак, — захліпваючыся ад нянавісці, шаптаў Супрун.
Читать дальше