Найбольш мяккасардэчныя з баяраў, Алфім, Сцяфан, браты Разумнікі, не пайшлі ў клець. Супрун жа загадаў прынесці ў клець віна, з дзесяткам баяраў сеў на лаву каля сцяны.
3 усіх істот, якія жывуць на зямлі, да катавання дадумаўся толькі чалавек. Алені ў час паядынкаў раняць адзін аднаго рагамі, казлы б'юцца лбамі, пеўні змагаюцца дзюбамі і кіпцюрамі. Яны, здараецца, нават забіваюць саперніка, але ўвесь іхні бой — кароткая ярасная ўспышка гневу, і толькі. Таго, хто саступіў дарогу, хто паказаў спіну, пакідаюць у спакоі. Чалавекжа навучыўся прычыняць падобным сабе павольны бясконцы боль.
Кат у чырвоным скураным пярэдніку запытальна глянуў на Супруна.
— Папытайся ў паганца, дзе яны схавалі срэбра, — сказаў Супрун, п'ючы віно з кубка. — У іх павінна быць шмат срэбра.
Кат ударыў бізуном, ударыў са свістам, з адцяжкаю. На скуры ўспыхнуў рубец.
— Бі лягчэй, а то ён можа спусціць дух, — загадаў баярын.
Зноў узвіўся бізун. Але Белакрас маўчаў. Толькі пот выступіў на скронях. Кат, разгублена паглядаючы на Супруна, падышоў да вуголляў, дзе спіцы зрабіліся аж вішнёвымі, прысеў на кукішкі, пачаў браць распаленае вострае жалеза. I тут стары мячэтнік узняў галаву, ударыў па ім пранізлівым позіркам. Кат раптоўна абмяк, пабляднеў, нават пахіснуўся, потым нялоўка згроб усе спіцы ў кошык, што стаяў непадалёку, адчыніў дзверы клеці, выкінуў кошык разам са спіцамі. Супрун і баяры анямелі ад здзіўлення. Не разгубіўся толькі Васютка, памочнік ката. Ён сарваў з сябе скураны пярэднік, падбег ззаду да Белакраса і закрыў яму твар. Кат колькі імгненняў стаяў, як учадзелы, потым кроў хлынула ў шчокі, ён гнеўна прыкусіў губу, адчуваючы найвялікшы сорам перад гаспадаром і ягонымі гасцямі. У адзін скок ён апынуўся каля цяжкога бервяна, прывязанага да ног мячэтніка, лёгенька ўскочыў на бервяно і адразу ж саскочыў. Хруснулі старэчыя косці. Белакрас глуха застагнаў, загаварыў дрыготкім ломкім голасам:
— Пярун, дай сілу... Дай мне маланку ў руку, каб я спапяліў усіх іх...
Завыў знадворку вецер. У клеці было прарэзана адзінае акенца, і вецер, здавалася, гнуў у ім шкло. Мокрым снегам шшснула ў акенца. Снег папоўз белай расплывістай плямаю. Баяры ўздрыгнулі. Пабляднеў і Супрун, але звалодаў з сабою, мацней прысмактаўся да кубка з віном.
— Пярун, — курчыўся пад распаленым жалезам паганскі ваявода, — Пярун...
— Бі нячысціка да скону, — сказаў кату баярын..
Частка I
Перад сонцам бяссмертна светлым
Шчыт змяркання такі малы.
Чэзне лёд, і смяецца кветка.
На радзіму ляцяць буслы.
«Дзе я? Што са мною?» — у роспачы падумаў Белавалод і пачаў спалохана лэпаць наўкол сябе рукамі. Было адчуванне, што праваліўся ён пад глухі лёд, у чорную калюча-халодную ваду. Ужо не хапае паветра ў грудзях, чырвоныя бліскаўкі раздзіраюць вочы, а выйсця няма — галава б'ецца аб лёд, пальцы натыкаюцца на шурпатую цвёрдую скарынку, ад якой нямее цела. «Не выберуся... Не выплыву...» — рэзаў нутро страх. Нідзе не было ніякай зачэпіны. Рукі зноў каўзануліся па лёдзе. Падумалася аб дрэвах-тапляках, што ляжаць на чорным рачным дне, аб скамянелых сонных рыбах. Але рыбы вясною ажывуць, кругляк цёплага сонца заззяе ім праз тоўшчу вады, а чалавечая шіоць зробіцца тленам, ператворыцца ў бура-зялёную слізь, якая наліпае на падводныя карагі і камяні. I раптам Белавалод у густым змроку перад сабою ўбачыў малюсенькую вострую кропачку святла. Ён ірвануўся да яе, ударыўся аб нешта і расплюшчыў вочы.
— Уставай, — нецярпліва сказаў яму Лют, які сядзеў побач. — Дужа ж ты доўга, браце, на тым свеце гасцюеш.
— Дзе я? — спытаў Белавалод.
— У княжым сяле Берастове. Усёй раццю сюды мы прыйшлі. А ты першы раз глянуў разумным вокам з таго часу, як стукнуў цябе даўбавешкай падольскі бондар.
— Калі ж гэта было? — ніяк не мог прыпомніць Белавалод.
— Чатыры дні назад.
— Чатыры дні я ляжу калодаю? — жахнуўся Белавалод.
— Не я ж, — здавалася, пакрыўдзіўся Лют. — Клікаў ты нейкага Ядрэйку-рыбалова, я нават людзей пасылаў у велікакняжы палац даведацца пра яго.
— А чаму ў палац? Хіба Ядрэйка князь?
— Таму пасылаў, што ўсе людзі з Полацка, Менска, Друцка круцявда каля князя Усяслава, свайго земляка. Усе, акрамя цябе, бо ты які ўжо дзень кісляком ляжыш, — раззлаваўся Лют. — Але няма Ядрэйкі. Кажуць, разам з палачанамі ці ў Пераяслаў, ці яшчэ куды пайшоў.
Слухаючы ягоныя сярдзітыя словы, Белавалод абедзвюма рукамі трымаўся за лоб, павольна вадзіў у бакі галавою, быццам хацеў такім чынам выгнаць з галавы боль. Трохі адпусціла, і ён адразу ж устаў на ногі, спытаў у Люта:
Читать дальше