— Пяруннікі ідуць! Машэкі! — неслася адусюль. — Прэч у балота, антыхрысты рагатыя!
Дзеці кідаліся гразёю, плявалі, паказвалі старому Белакрасу язык. Тут, у багатых баярскіх вотчынах побач са стольным Кіевам, ужо цвёрда ўкаранілася новая вера і хрысціянамі былі не толькі баяры-мнагаімцы, але і халопы, смерды, ратайныя старасты, канюшыя і пастухі.
— Булыгу нясуць, — паказваючы пальцамі на палавецкага ідала, смяяліся жанчыны і дзеці, а потым з лютай злосцю крычалі:
— Прывяжыце гэты камень на шыю казлу, які ідзе паперадзе вас, і кіньце смярдзючага казла ў вір!
Ваявода чуў усе абразы і знявагі, сурова хмурыў бровы. Паганская раць таксама ўсё чула, заціхла, як пяску ў рот набрала. Толькі Лют не вытрымаў, падбег да бацькі, чырванеючы ад гневу, горача загаварыў:
— Вось як нас сустракаюць. Мы для іх — звяры. А мы ж пралівалі кроў, за іхніх дзяцей пралівалі. I пасля гэтага ты яшчэ верыш хрыстам? Пайшлі ў лес, пайшлі ў дрыгву, толькі б не бачыць і не чуць такое!
Белакрас моцна сціснуў свой кій, аж костачкі пабялелі на пальцах, сказаў Люту:
— Вось на дарозе пясок — заляпі ім вушы. Вось дзядоўнік — сарві ліст і закрый вочы. Але ідзі ў Кіеў. У Кіеў, разумееш? Там мы павінны пачуць слова вялікага князя Усяслава і слова кіеўскага веча. Усяслаў, ты сам чытаў ягоны пергамен, кляўся, што роднымі дзецьмі Русі будуць і хрысціяне, і паганцы. Князеў пергамен я нясу з сабой.
Ён правёў сухой загарэлай рукою па грудзях. Там, пад белай ільняной кашуляй, быў пергамен, ваявода прыкруціў яго да цела бічоўкай.
— I ты паверыў Усяславу? — горка ўсміхнуўся Лют. — Яшчэ ў нашым лесе я казаў табе і казаў усім, што нас падмануць, як дурных барсукоў. Кіеву патрэбна была наша сіла, наша кроў, а Перуна, якому мы пакланяемся і служым, хрысты даўно пасеклі на дровы. Хіба дазволяць яны, каб побач з Сафіяй зноў устаў Пярун? Рака не цячэ назад, бацька.
— Я не хачу, каб твае будучыя дзеці, а мае ўнукі, жылі ў балоце, у дрыгве, — стомленым голасам сказаў Белакрас. — Чалавек не вавёрыца, не залезе ў дупло.
— Але князь і баяры не аддадуць табе і тваім унукам свае залатыя палаты.
— Навошта мне палаты? Я — смерд, — строга зірнуў на сына Белакрас.
— Ім і смерд патрэбен хрысціянін, каб іхняга Бога баяўся, — горача загаварыў Лют. — Яны аднолькава моляцца, але не аднолькава п'юць і ядуць. Баяры жывуць па горла ў срэбры, купаюцца ў мёдзе, а смерд і смердавы дзеці грызуць лебяду.
— Так было і пры Перуне, — перапыніў сына ваявода.
— Не пойдзем у Кіеў, — пачаў прасіць яго Лют. — Не хачу я туды ісці.
Ён разануў сабе далонню па горле, умольна глянуў на бацьку.
— Пойдзем, — цвёрда сказаў Белакрас.
— Дык, можа, і ты хрысціянінам хочаш зрабіцца? — пакутліва чырванеючы, раптам спытаў Лют. Усе, хто чуў гэта, анямелі. Белакрас ударыў сына кіем па плячы:
— Шалудзівы пёс! Так ты бацьку свайго шануеш? На калені!
Лют адразу стаў на калені, змізарнеў.
— Дзеці Перуна! — закрычаў Белакрас, узмахнуўшы кіем. — Слухайце мяне! Ніхто не скажа, што ў сечы мы хаваліся за чужыя спіны.
— Ніхто, — адабральна загулі паганцы.
— Мы ідзём у Кіеў. Вялікі князь Усяслаў абяцаў нам сваю абарону перад вечам і баярамі. Годзе нам жыць у сваіх норах! Мы не сляпыя краты і не палявыя мышы. Мы — людзі.
— Людзі! — загрымела паганская раць.
— Праўду кажуць: у голад намруцца, у вайну налгуцца. Калі вялікі князь салгаў, падмануў, не будзе яму даравання ні на гэтым свеце, ні на тым. Не будзе ён спакойна спаць і смачна есці, абдымаць жанчыну і гладзіць дзіця. Немач возьме яго. Вось у мяне князеў пергамен!
Белакрас ірвануў на грудзях бічоўку, высока ўзняў над сабой пергамен з віслай пячаткай. Усе глядзелі на светла-жоўты скрутак.
— Вядзі! — закрычалі ўсе. Стары зморшчаны паганец з меднай завушніцай у левым вуху падбег да Белакраса, папрасіў:
— Ты дужатка не гневайся, ваявода, на Люта.
— Што ты губамі мамыліш? — раззлаваўся Белакрас і, не зірнуўшы на паганца з меднай завушніцай і на Люта, не па-старэчаму хутка пакрочыў наперад. Павесялелая раць рушыла за ім. Зноў у руках у паганцаў ажылі бубны, свісцёлкі і гудкі.
Белавалод падышоў да Люта, пагладзіў яго па галаве. Лют глянуў вачамі, поўнымі слёз, устаў, моўчкі паплёўся за раццю. Яны ішлі побач, і Белавалод адчуваў, як залівае сэрца пяшчота да гэтага суровага, прыгожага і сумленнага хлопца. Ён, як і ягоныя аднаверцы, жыве ў дрымучай пушчы, у холадзе і нястачы, жыве жыццём травы, якую топчуць і косяць, але не здраджвае сваім багам. Хто даў яму такую сілу? Хто яму даў цярпенне? Лягчэй за ўсё назваць яго цёмным і неразумным, назваць валом, што ў сваім стойле не хоча ўзняць галаву і глянуць на высокае сонечнае неба, якое бачна ўсім. Але хто такія — усе? I хто такі — я? Ці здолеў бы я, як гэты Лют, пакутаваць за сваю веру, за веру сваіх бацькоў? Калі б мяне пацягнулі ў вір або на гарачае вуголле, залямантаваў бы я, заплакаў бы, адмовіўся б ад сваіх святынь, ратуючы белую скуру і жыццё? Ды ці ёсць у мяне тыя святыні? Я хрысціянін, бо ўсе наўкол зрабіліся хрысціянамі. Заўтра прыйдуць іудзеі, і я зраблюся, як і ўсе, іудзеем. I буду праслаўляць іудзейства, буду маліцца Іегове. Хто ж я? Самы верхні, самы лёгкі слой глебы, які хоча ўвабраць у сябе як мага болей сонца, але вельмі хутка змываецца навальнічнымі ручаямі. Пада мной, пад падобнымі мне ляжаць валуны. Іх мала. Іх шукаюць, каб пакласці ў падмуркі княжых палацаў і святых храмаў, ведаючы іхнюю трываласць. Іх разбіваюць, расколваюць на часткі, бо яны занадта вялікія. Агонь і молат абрушваюць на іх, але дарэмна. Вялікую сілу дала ім зямля, і сіла гэта непадуладная нават жалезу.
Читать дальше