Праз плячук Белакрас, як і заўсёды, перакінуў рысіную шкуру. Гэта быў ягоны шчыт.
— Будзь здароў, ваявода, — гучна, каб пачулі ўсе, сказаў Усяслаў, злез з каня, абняў Белакраса.
— Будзь здароў і ты, вялікі князь кіеўскі, — спакойна прамовіў Белакрас. Але ў голасе старога мячэтніка віравала хваляванне. Вельмі адказнае і няпростае рашэнне прыняў ён, вывеўшы сваю раць зпушчы.
— Разам пойдзем? — пранізліва глянуў на яго Усяслаў.
— Разам.
— Ну то й добра.
Усяслаў лёгка ўскочыў на каня, памчаўся туды, дзе, ззяючы даспехамі і мячамі, разварочваліся вершнікі. Радасць распірала грудзі. Зноў ён у сядле, зноў разам з дружынаю шукае зменлівае баявое шчасце. У паход Усяслаў узяў Барыса і Расціслава. Няхай побач з бацькам вучацца праліваць сваю і варожую кроў. Пад аглушальныя крыкі ўсяго войска ляцеў ён на кані і ўспамінаў сябе, белавалосага хлопчыка-малалетка, у далёкі дзень падсцягі [Падсцяга — абрад пасвячэння ў воіны]. Ягоны бацька, князь Брачыслаў, у той незабыўны дзень паклаў перад ім на зямлю аголены меч, пасадзіў сына на каня і правёў каня перад усёй дружынаю. Воі крычалі «Рубон!», грукалі мячамі аб шчыты. Ён уздрыгваў, упіваўся пальцамі ў конскую грыву. Пярэстая сакавіцкая зямля ішла кругам. Сонца спальвала на полацкіх узгорках снег. У той дзень уручылі яму зброю, каня і войскую славу.
Белавалод крочыў поруч з Лютам. Пад тысячамі ног пагрозна гуў стэп. Сухі пыл узвіваўся ўгору, плыў над людзьмі, як рыжы лісіны хвост. Ад задухі цвярдзелі вусны, ільсніўся на шчоках пот. Заціхла песня. Трывожна і жалобна звінела жалеза. Шархацела зламаная конскімі і чалавечымі нагамі трава. Полаўцаў перадавыя дазоры яшчэ не бачылі, але па ўсім ужо адчувалася, што стэпнякі блізка. Набліжалася крывавая сеча, а разам з ёю для шмат якіх людзей, што маўкліва ішлі пад гарачым сонцам, смерць. Чалавек, паганец ён быў ці хрысціянін, стараўся не ўспамінаць пра яе. Тысячы аднародцаў былі наўкол, і чаму палавецкая страла або шабля ў гэтым шчыльным людскім частаколе павінны былі адшукаць менавіта яго? Кожны верыў у сваю ўдачу, а хто не верыў, моўчкі ішоў разам з усімі, развітваючыся ў думках з жыццём. Цішыня навісла над стэпам, над войскам. Здавалася, ідуць тысячы нямых, безгалосых. Нават коні вершнікаў, як бы зразумеўшы стан людзей, не храшіі, не ржалі, толькі нервовы мільготкі бляск быў у конскіх вачах. Некалькі воблакаў шіыло над стэпам. Усе раз-пораз насцярожана і трывожна глядзелі на іх, і амаль усім у снежна-белай тоўшчы гэтых воблакаў бачыўся злавесны чырвоны агонь.
Белавалод пазіраў на воблакі, сціскаючы ў руцэ баявую сякеру. У халоднай тузе заходзілася сэрца. Як добра было б зараз ісці сярод сваіх, побач з Ядрэйкам і Раманам. Вясёлы рыбалоў, пэўна б, не даў засумаваць нават на імгненне да смерці. А ў гэтых паганцаў такія суровыя твары. Аб чым яны думаюць? Пачнецца сеча, і яны разбягуцца, пакінуўшы яго, Белавалода, пад капытамі палавецкіх коней.
Усё шырэй расхінаўся, разгортваўся стэп. Лазуркавая далячынь была пустыннаю. Ні чалавека, ні каня. Дзе тыя полаўцы?
На кургане ўбачылі каменнага пласкатварага ідала. Стаяў, паклаўшы тонкія рукі на пупок, і глядзеў туды, адкуль узыходзіла сонца. Паганцы, як і Белавалод, упершыню былі ў стэпе. Лясных людзей уражвала бясконцасць нічым не прыкрытага небасхілу. Яны быццам апынуліся ў хаце, дзе вецер здзёр страху, у хаце без акон, без дзвярэй. Не было за што зачапіцца воку, і ўсе нават абрадаваліся пласкатвараму ідалу.
— Як наш Пярун, — ціха сказаў Лют.
— Пярун прыгажэйшы і мацнейшы, — адразу запярэчыла некалькі паганцаў.
Курган быў свежы, толькі што насыпаны, яшчэ не ўзяўся травою. Пэўна, зусім нядаўна памёр ад старых гадоў або напароўся ў сечы на варожую стралу палавецкі хан.
Зноў затрымцела цішыня, трывожная і гняўлівая. Каб збіць яе, каб стрэсці стому з ног і вачэй, паганцы заспявалі. I раптам, як з-пад зямлі, вылецела з-за кургана палавецкая конніца, і тысячароты крык абрушыўся на стэп. Гэта было так нечакана, што многія пачалі церці кулакамі вочы — ці не сон убачыўся? Паганская раць у разгубленасці спынілася. Полаўцы, прыўзняўшыся ў страмёнах, нацягвалі свае страшныя лукі. Белавалод ледзьве паспеў прыкрыцца пгаытом. Крокі за тры ад яго ўпаў на сухую траву паганец і, курчачыся ад болю, спрабаваў дзвюма рукамі выцягнуць з жывата стралу, пакуль не спусціў дух.
— Горача будзе, — весела сказаў Лют. — Хопіць работы сёння маёй дубіне. Калі злы бываю, семярых забіваю.
Полаўцы ўдарылі па самым цэнтры паганскай раці, там, дзе ішоў прлк Перуна. Полк Белага Бусла быў на левым краі, полк Чорнага Бусла — на правым.
Читать дальше