Як толькі пасыпаліся першыя стрэлы стэпнякоў, ваявода Белакрас даў знак, і полк Перуна расступіўся, прапускаючы наперад баявых сабак. Гэта былі магутныя пушчанскія псы-ваўкадавы са скуранымі нагруднікамі і наспіннікамі, з бронзавымі званочкамі на шыях. Перад паходам іх не кармілі, толькі далі крышку падсоленай вады. Голад, спёка, палавецкая конніца, што з грукатам і лямантам імчалася па стэпе, давялі сабак да шаленства. Маладыя хлопцы-павадыры спусцілі іх са шворак, і раз'ятраныя псы з адчайным брэхам рынуліся насустрач коням. Вось пярэдні, цёмна-руды, падхлябісты, падскочыўшы, з налёту ўпіўся зубамі ў конскую пысу. Дд болю і жаху конь грымнуўся на калені. А сабакі вырывалі гарачае мяса з конскіх сцёгнаў, кусалі полаўцаў за ногі. Некаторым, хто ўпаў з каня, ужо дабраліся да горла.
— Ату! Ату! — крычалі паганцы. Лют, заклаўшы пальцы ў рот, прарэзліва свістаў. Нечаканыя чатырохногія ворагі, якія не баяліся смерці, ашаламілі полаўцаў. Стэпнякі збіліся ў велізарны клубок, чапляліся страмёнамі, страцілі перавагу ў хуткасці. Ваявода Белакрас высока ўзняў дубовы кій з жалезным наканечнікам, трасянуў ім, і паганскія пешнікі з усяго маху наваліліся на полаўцаў.
— Пярун! Пярун! — загрымеў баявы кліч паганцаў. Коп'і і рогвіцы шукалі чалавечае цела. Кісцяні і дубіны абрушыліся на чарапы. Белавалод біўся побач з Лютам. Полавец, размахнуўшыся, хацеў паласнуць Люта крывой шабляй, але Белавалод збоку сваёй сякераю ўдарыў стэпняка па руцэ. Той войкнуў, зваліўся пад каня. Лют ярка-сінімі вачамі ўдзячна ўсміхнуўся Белавалоду і магутным ударам дубіны выбіў з сядла яшчэ аднаго стэпняка. Плячо ў плячо ішлі яны побач па крывавай зямлі паміж крыкаў, енкаў, пракляццяў, адчайнага конскага ржання, сабачага брэху, паміж свісту мячоў і шабляў, выварочваліся з-пад яраснай варожай рукі, засланяліся шчытамі, білі направа і налева сякерай і дубінай, пераступалі цераз трупы і толькі час ад часу кідалі кароткі позірк наўкол — ці жывы паплечнік, ці стаіць на нагах?
— Добра пайшоў ваявода, — сказаў вялікі князь Усяслаў. — Збіў рог Шарукану. Зараз і мы адсячом адзін рог.
Ён узняў меч. Хрыпла затрубілі трубы, ударылі бубны, вышэй узвіліся сцягі.
— Сафія і Русь! — закрычала гарадское апалчэнне кіян. Іхняя конніца пачала ахопліваць полаўцаў злева, адсякаючы стэпнякоў ад падножжа кургана. 3 нецярпеннем глядзеў Усяслаў на правы фланг свайго войска, дзе стаялі палачане і ворагі Торда. Велізарнае воблака пылу, узбітае коньмі і людзьмі, перашкаджала ўбачыць, што робіцца там. «Ну давай, давай!» — у думках падганяў ён Рамана. Вельмі хацелася вялікаму князю, каб палачане, гордасць ягоная і слава, і ў гэтай злой сечы паказалі сябе.
— Рубон! — пакацілася адтуль. — Рубон!
Пачуўшы баявы кліч сваёй радзімы, Усяслаў усміхнуўся, ударыў каня цвёрдымі абцасамі скураных ботаў. Сыны памчаліся за бацькам.
— Рубон! — радасна закрьгааў Расціслаў.
Полаўцы апынуліся ў мяшку. Як адрэзаная ад сваёй нары, смяротна параненая ліса, яны кружыліся ля падножжа кургана, кідаліся туды-сюды, але скрозь іх сустракала жалеза. Пусцелі калчаны. Валіліся з аслабелых рук шаблі. Зняможана хакалі коні. А русічы наступалі, ішлі напралом з усіх бакоў. Раз'юшаны Шарукан пагнаў у атаку конніцу хана Калатана. Прыморскія куманы з гікам рынуліся на коп'і і мячы русічаў. Калатан, прыпаўшы да потнай шыі скакуна, махаючы шабляй, нёсся наперадзе. У прахалодным шатры чакала яго Агюль, жаданая, нябеснавокая. «I ўсё-ткі, Гіргень, я зрабіўся ханам, я!» — крычаў у ім нейкі пранізлівы ярасны голас. Пад пярэднімі нагамі ў каня Калатан заўважыў вялізнага пса з пераламаным хрыбетнікам. Пёс, высунуўшы ружовы язык, пакутліва канаў. «Як Гіргенеў пардус», — успомніў Калатан. «Чаму я сёння так часта ўспамінаю старога Гіргеня?» — адразу ж трывожна падумалася яму, і ў гэты міг конь, няўдала пераскокваючы цераз пса, зламаў нагу, рухнуў на зямлю. Калатана выкінула з сядла. Ён ляцеў проста на русіча, шэравокага, русавалосага, які сціскаў у руках чырвоную ад крыві сякеру.
Белавалод не ўстаяў на нагах, упаў. Полавец быў шыракаплечы, дужы, ад яго пахла кізяковым дымам, конскім кіслым потам.
Размахнуцца зброяй не было як, і яны пачалі давіць адзін аднаго рукамі. Белавалод бачыў над сабой смугла-жоўты твар, чорныя пранізлівыя вочы. Ён спрабаваў выхапіць з похваў нож, але Калатан, наваліўшыся ўсім целам, не даваў дыхнуць, лез жалезнымі пальцамі да горла. «Нас коні растопчуць», — з адчаем падумаў Белавалод і ўявіў, як цяжкія вострыя капыты будуць праломваць ягоную грудзіну. Гэта надало сілы, ён з вялікай натугаю, ад якой пацямнела ўваччу, разламаў замок пальцаў, што ўжо сыходзіліся на кадыку. Полавец глуха ўскрыкнуў, сашчэрыў зубы, сухім локцем ударыў па твары.
Читать дальше