— Лют! — паклікаў Белавалод, бо адчуваў, што набліжаецца ягоны карачун [К а р а ч у н — бог смерці ў старадаўніх беларусаў]. Усяго некалькі імгненняў валтузіліся яны, а здавалася, прайшла вечнасць. Лют у адзін скок развярнуўся, ляснуў цяжкой дубінай па загрыўку полаўцу, крыкнуўшы:
— Не лезь, жаба, дзе коней куюць!
Калатан адразу спусціў дух. Ужо калі душа ягоная вылятала з цела, убачыўся яму Гіргень. Стары хан, на нейкі міг выплыўшы з чырвонага змроку, хітравата падміргнуў Калатану.
Тым часам сеча разгаралася. 3 абодвух бакоў падалі людзі, але полаўцаў падала значна болей. Хан Шарукан бачыў гэта і ў вялікай злосці біў сябе нагайкай па калене. Калена зрабілася як драўлянае, не адчувала болю, бо нясцерпны боль грыз дупіу — Русь вынішчала цвет ягонай арды. Нарэшце полаўцы не вытрымалі, шуганулі хто куды. Некалькі соцень коннікаў ірвануліся намётам цераз курган, у спешцы не дужа выбіраючы дарогу. Ідал здзіўлена глядзеў на перакошаныя жахам і нянавісцю людскія твары. Куды яны ўсе так бясслаўна ўцякаюць? Той, што ляжыць пад ім, ніколі не паказваў ворагам конскі хвост. I хіба можна, аслепшы ад страху, таптаць магілу аднародца? А стэпнякі бязладнай гурбою імчаліся цераз курган. Вось нечы конь шырокімі грудзямі ўдарыўся аб ідала, спатыкнуўся, з усяго маху грымнуўся вобзем, падмінаючы пад сябе седака. За ім — другі. Ззаду напірала вялікая маса конніцы. Страшная сіла выбіла, вырвала ідала з сухой зямлі, і ён лёг побач з коньмі і людзьмі.
— Слава вялікаму князю! Слава Чарадзею! — крычаў увесь стэп. У кожным сэрцы бушавала незвычайная радасць. Кіяне і палачане, паганцы і варагі-находнікі радаваліся, што перамаглі і адолелі ў лютай сечы. Параненыя цягнулі да князя рукі, таксама крычалі славіцу. Толькі мёртвыя маўкліва глядзелі ў неба, і ўжо чорная муха небыцця садзілася на бледную шчаку.
Усяслаў разам з сынамі ўз'ехаў на курган, дзе ляжаў ідал, шырока махнуў мячом, пакланіўся ў пояс войску.
— Дзякуй вам, адважныя воі. Слава вам за мужнасць вашу. Глянем на тых, хто ўжо не ўстане з тлену, і скажам: ідзіце з мірам да дзядоў-прадзедаў, раскажыце ім, што наша зямля жыве, што ёсць у нас грозны меч і моцнае плячо. Жьівыя, збірайце мёртвых. I яшчэ вось што я хачу сказаць. Я — крывіцкі князь, полацкі князь. У нас, крывічоў, ёсць такі звычай — за ворагам, які бясслаўна ўцякае з нашай зямлі, мы пасылаем пагоню, каб люты звер не дапоўз да сваёй нары. Пакуль гарачыя нашы мячы, пакуль хоча бітвы рука — у пагоню! Ён узвіў на дыбкі каня.
— Ў пагоню! — крыкнула войска, ударыўшы ў шчыты. Вершнікі памчаліся за вялікім князем.
— Ты выратаваў мяне, — падышоў Белавалод да Люта і паклаў яму руку на плячо.
— А ты мяне, — усміхнуўся Лют. — Памятаеш, як зваліў сякерай стэпняка?
Збіралі мёртвых. Паганцы збіралі сваіх, варагі і хрысціяне — сваіх. Аднолькавай смерцю загінулі яны, але рознымі дарогамі павінны былі пайсці туды, адкуль не вяртаюцца. Ваявода Белакрас загадаў пакласці сваіх нябожчыкаў на вогнішча і спаліць. Хрысціяне павінны былі завезці мёртвых у Кіеў, адпець у Сафіі, а потым аддаць іхнюю плоць зямлі. Для ворагаў жа труною быў човен, на якім па бурлівых водах плаваў кожны, хто быў сынам далёкай паўночнай зямлі.
На кургане ўбачылі ідала. Хтосьці з паганцаў здзіўлена крыкнуў:
— Каменная баба!
Ідал, безгалоса лежачы на спіне, гледзеў у неба. У позірку была туга. Накінулі яму на шыю вяроўку, пацягнулі да ваяводы. Белакрас доўга маўчаў, потым сказаў:
— Быў ён кумірам у стэпнякоў, але яны не здолелі абараніць яго. Нясіце камень у нашу пушчу.
3 вялікай радасцю вярталіся ў Кіеў. Усяслаў з конніцай памчаўся пагоняю з Шаруканам, а ўсе пешнікі, па звычаю дзядоў пастаяўшы дзень на полі сечы, «на касцях», левабярэжжам Дняпра рушылі дадому. Дзянніца гарэла над зямлёй, ранішняя зара, якую рамеі называюць Аўрорай. Хрысціяне і варагі везлі сваіх нябожчыкаў. У паганцаў мёртвых ужо не было — дымам пайшлі ў зорнае неба.
Напачатку хмель перамогі, якую здабылі агульнай крывёю, зрабіў усіх братанічамі. Добра было ісці адной дарогай і адчуваць побач мяккую чалавечую душу. Белавалод бачыў, як радуецца Лют. I ўсе астатнія паганцы былі як дзеці — смяяліся, шмат гаварылі, маладзейшыя нават барукаліся адзін з адным, схапіўшыся накрыж, уюнамі круціліся ў траве і пяску. Некаторыя дзьмулі ў свісцёлкі, білі ў бубны, ігралі на гудках. Ваявода з лагодным ружовым тварам крочыў паперадзе раці. Вецер узвіваў доўгія сівыя валасы, рысіную шкуру на плячы.
Але чым глыбей уваходзілі ў абжыты земляробчы край, дзе спрадвеку сядзела Русь, дзе густа мясціліся вотчыны кіеўскіх баяр, княжых людзей, тым болей чорных вужак прапаўзала між хрысціянамі і паганцамі. Хрысціяне ўзнялі харугвы з выявай Хрыста, заспявалі святыя псалмы. Усе глядзелі на бледныя суровыя твары нябожчыкаў, якіх яны везлі з сабою, запаліўшы над кожным свечку. У паганцаў жа мёртвых не было, і гэта раз'ятрыла ўсіх, хто бачыў іхнюю раць, асабліва жанчын.
Читать дальше