Вось ён крочыць каля мяне, сын лясоў, паганец. Хто з нас шчаслівейшы — я ці ён? Святары ў Полацку, Менску і Юеве кажуць, што ў яго сляпая душа. Патрыярх Іяан Ксіфілін, які сядзіць у Царградзе, у рамейскай зямлі, праклінае яго. Папы і манахі, бяльцы і чарняцы ідуць на яго з крыжам і ладанам. Ён — прамень учарашняга сонца, якое ўжо адгарэла і ніколі болей не ўзыдзе. Але ён, як бачу гэта ў ягоных вачах, шчаслівы. Трава і вада, зямля і вецер, маланка і лясны матылёк, дрэва і мох кожны дзень апавядаюць яму такое, пра што я ніколі не пачую і не даведаюся.
— Што ты так на мяне глядзіш? — здзіўлена спытаў Лют. Белавалод уздрыгнуў, разгубіўся, апусціў вочы.
Радасна сустракаў стольны Кіеў сваё апалчэнне. Каля Залатой брамы тысяцкаму Кандрату веча падвяло белага каня. Пад крык і здравіцы кіян сеў Кандрат на каня і ўехаў у горад.
Паганская раць увайшла ў Кіеў праз Лядскую браму. Ім таксама крычалі, але цішэй і не ўсе. Ваявода Белакрас паслініў палец, разгладзіў пальцам калматыя бровы, строга пазіраючы перад сабою, павёў паганцаў да Сафіі. I ніхто не ведаў не здагадваўся, як б'ецца ў старога мячэтніка сэрца, як раздзімае жылы кроў. Даўно ён марыў увайсці вось так разам са сваімі аднаверцамі ў стольны горад, нікога не баючыся, адкрыта, сярод белага дня. Ён, у адрозненне ад Люта, ужо зразумеў, што хрысціяне і іхні Бог моцна і ўчэпіста схапілі Русь за кадык, як сава хапае мыш-лясоўку. Князі з баярамі, прыраўноўваючыся да канстанцінопальскіх імператараў, да рамейскіх мнагаімцаў, канчаткова і беспаваротна абралі сваім Богам Хрыста. Грозны Пярун, якому прыносілі трэбы Святаслаў і Уладзімір, зрабіўся, сам таго не чакаючы, Богам бедных і цёмных. Калісьці ён быў са срэбнай галавой і залатымі вусамі, але ўсё меней золата на ягоных вусах, і некалі прыплыве дзень (Белакрас з вялікай тугою разумеў гэта), калі пад носам у Перуна будзе расці адзін балотны мох.
«Я прыйшоў, Сафія. Я прыйшоў, ненавісная», — у думках сказаў Белакрас, прыпыняючы сваю раць ля падножжа прыгожага высознага храма. Яна горда глядзела са сваёй зіхоткай недасяжнай вышыні. Побач з ёю паганец быў драбнюсенькай пясчынкай, мурашкай. «Куды ты дзела маіх багоў? Навошта ты прыйшла на маю зямлю з-за мора? Хіба мала было табе рамеяў, лацінян?» — «Мала, — быццам пачулася яму. — Я хачу ўвесь белы свет запоўніць сабою, хачу, каб мне пакланяліся ўладары і рабы». — «Але, ідучы шырокай і далёкай дарогаю, хоць вузенькую лясную сцяжынку пакінь маім старым багам». — «Не пакіну! Ты называеш багамі трухлявыя калоды, мярзотныя гнілякі, якія свецяцца ўначы!» Яна засмяялася пад аблокамі. I зноў цвёрда сказала: «Не пакіну». — «Я памру, — яшчэ больш змізарнеў мячэтнік. — Ты ж будзеш жыць доўга, але не вечна. У той дзень, калі і ты будзеш паміраць, успомні мяне, успомні майго сына Люта, успомні бедных і галодных, якіх твае служкі загаалі ў багну, у лясны дзікі гушчар. Тады ты даведаешся, што такое — слёзы». — «Я ведаю, — гняўліва гаворыць Сафія. — Маіх дзяцей, першых хрысціян, кідалі ў лапы крыважэрных звяроў, у вогнішчы». — «Чаму ж ты хочаш нашых слёз, ты, якая так горка плакала? Ага, я зразумеў! Ты лічыш нашы слёзы вадой, ты ўпэўнена, што мы не адчуваем болю, што баліць толькі табе. I не кажы, нічога мне болей не кажы. Я не хачу слухаць цябе».
Увесь гэты час паганцы пазіралі то на Сафію, свайго ворага, то на твар старога ваяводы. Усе разумелі, як цяжка зараз яму, і адчулі палёгку, калі ён, махнуўшы кіем, сказаў: «Пойдзем адсюль».
У чаканні вялікага князя Усяслава Белакрас вывеў сваіх людзей за гарадскую сцяну на Падол. Паганская раць спынілася на вечавай плошчы непадалёку ад торжышча. Расклалі вогнішчы, пачалі думаць, як накарміцца. Люта, Белавалода і яшчэ некалькі чалавек стары мячэтнік паслаў купіць мяса, хлеба і солі, бо небагатыя прыпасы ў час паходу скончыліся.
— А я думаў, кіяне нас будуць мёдам паіць са срэбных карчаг, — засмяяўся, калі ішлі на торжышча, Лют.
— Глядзі, каб не налілі ў рот гарачай смалы, — змрочна сказаў адзін з паганцаў.
На торжышчы, як і заўсёды, было людна і шумна. I тут здарылася нечаканае. Да Люта падбег вёрткі рыжанькі чалавечак, пранізліва глянуў светла-зялёным вокам і закрычаў:
— Гэта закуп [3акупы — залежныя людзі, якія бралі ў феадала пазыку і павінны былі яе адрабіць] баярына Ануфрыя, які ўцёк перад Калядамі! Я пазнаў закупа!
Усе, хто пачуў, азірнуліся на крык. Пабляднелы збянтэжаны Лют апынуўся ў шчыльным людскім коле, нават Белавалода адцяснілі ад яго. Вэрхал усчаўся, галас:
Читать дальше