Ды адразу ж зноў наліліся змрочнасцю вочы ў вялікага князя.
— Чаму не ідуць Белакрас з Лютам? Ганцы ж па маім загадзе кляліся на крыжы, што з гэтага часу ў стольным Кіеве зноў можна будзе маліцца Роду і Перуну і што паганец будзе жыць у міры побач з хрысціянінам. Не ідуць, не вераць княжаму слову.
Паслалі новых ганцоў. На гэты раз у пушчу памчаўся Раман з дзесяткам сваіх дружыннікаў. Трапіў у іх лік і Белавалод. Ядрэйка ж, як хвацкі рыбалоў, вымушаны быў цягаць сеці ў Дняпры і ў кошыках насіць рыбу на Варламаў двор. Там пад наглядам Кацеры з раніцы да цёмнага вечара завіхаліся кухары.
— Не вуснае слова вязём паганцам, а пісьмовае, — сказаў на развітанне Белавалод Ядрэйку. — Вялікі князь Усяслаў сваёй рукою напісаў на пергамене і княжую пячатку навесіў.
— Дзе той пергамен? — пацікавіўся Ядрэйка.
— У Рамана. А навошта табе? Пачытаць хочаш? Чытаць ты ўмееш?
— Не ведаю, — весела засмяяўся Ядрэйка, — можа, і ўмею, але ніколі не спрабаваў.
Коне з месца ўзялі ў намёт. Шумеў горад. Пахла дымам. Кружылася галава. Белавалод гнаў каня і неадчэпна думаў аб тым, што жыццё змянілася і душа ягоная змянілася, што нават Ульяніца ўспамінаецца ўсё радзей. Быў ён залатаром, а зрабіўся воем. Ды гляне іншы раз на высокае воблака, на рачную хвалю, на шумналістае дрэва, і зноў хочацца, да дрыжкаў у пальцах, даць работу рукам, схіліцца над кавалкам металу, пакуль што мёртвым, нямым, каб ён засвяціўся, пацяплеў, аддаў прыгажосць, схаваную ў патаемнай сваёй глыбіні. Усё на белым свеце прыгожае. Трава, якую чалавек і конь топчуць нагамі. Яшчарка, што дрэмле на імшыстай зялёнай спіне валуна. Павук-сеткаплёт. Марудная балотная чарапаха, якая паўзе ў густой цёплай гразі. Для прыгажосці Бог стварыў зямлю і чалавека на ёй. Каб не так, не запальваліся б зоркі ў нябёсах і яркая вясёлка не ззяла б над абмытым грымучай навальніцай лесам. А жэмчуг і бурштын? А рачныя вадаспады? А летняя раса і зімовы сіне-зялёны лёд? А кветкі і матылькі на кветках? Дзеля чаго, калі не дзеля прыгажосці, жыве ўсё гэта?
Паганцаў адшукалі ў змрочных бураломах, дзе аскабалкі дрэў тырчалі з сівога моху, як зубы і кіпцюры закапаных у зямлю пачвар. Гарэлі вогнішчы. Брахалі, захліпваліся сабакі. Малыя дзеці калупаліся, поўзалі між пакрытых дзірваном і хваёвым лапнікам буданоў.
Сам ваявода Белакрас выйшаў насустрач ганцам, сказаў строга:
— Што за людзі?
Раман саскочыў з каня, моўчкі аддаў яму Усяславаў пергамен з пячаткай. Паклікаўшы Люта, доўга чытаў ваявода, хмурыўся, моршчыў лоб.
— Не вер ім, — горача загаварыў Лют, — і не ідзі на дапамогу. Няхай гараць іхнія царквы. Няхай іхняга Хрыста таксама кінуць у гразь, як кінулі нашага Перуна.
Белавалод глядзеў на маладога паганца і, жахаючыся ягоных кашчунных слоў, міжволі любаваўся ім. Якая мужная прыгажосць! Танклявы, гнуткі ў поясе стан, але шырокая грудзіна, размашыстыя плечы, смуглыя рукі са светлым пушком, доўгія русыя валасы з мядзяным адлівам, белы, слаба загарэлы твар і празрыста-сінія вочы. У позірку — сіла і ўпартасць і ледзь прыкметная разгубленасць. На мяккай юначай шыі завязаны льняны шнурок, і на тым шнурку густа вісяць абярогі: дзіковыя і ваўчыныя зубы, вылепленыя з чырвонай гліны кружочкі. «Гэта ён выяву сонца носіць на грудзях», — падумаў Белавалод.
— Вы палачане? — запытаў Лют.
— Палачане, — адказаў Раман і хмурнавата ўсміхнуўся: — На палачан кіеўскія князі ходзяць ахвотней, чым на полаўцаў.
— Чаму ж вы не пабеглі на сваю Дзвіну?
— Мы бяжым туды, куды бяжыць наш князь Усяслаў, — горда прамовіў Раман.
Паганцы пайшлі раіцца ў велізарны будан, каля якога стаяў чатырохтвары дубовы ідал. Адтуль даносіліся ўзбуджаныя галасы, нават крыкі. Нарэшце выйшаў пабляднелы Лют, сказаў:
— Наш меч — ваш меч. Мы пральём кроў за Кіеў. Ты, — строга зірнуў ён на Рамана, — паедзеш да вялікага князя Усяслава, каб рыхтаваў нам тысячу мячоў, тысячу лукаў са стрэламі і дзве тысячы коп'яў. Заўтра ўвечары, як толькі сонца ўпадзе за лес, гэта зброя павінна быць у нас. Астатнія застануцца з намі. Калі князь Усяслаў парушыць сваю клятву, мы спалім вас у гонар Перуна.
Ганцы і Белавалод са страхам паглядзелі на маўклівага ідала. Раман жа адразу ўзляцеў на каня, ад'язджаючы, крыкнуў паганцам:
— Чакайце зброю!
Нявесела было на душы ў Белавалода. Іх накармілі смажанай на вогнішчы дзічынай, напаілі крынічнай вадой, потым Лют даў знак — і паганцы прыцягнулі тоўстыя дубовыя цурбаны з жалезнымі ланцугамі. За правую нагу ўсіх прыкавалі да цурбаноў, і Лют разважліва сказаў:
Читать дальше