Апосталы і «трэція свяшчэннікі» ад разгубленасці пахаваліся. Падводы на выгане за вёскай перапынілі валыняне ды мясцовыя багамолкі. Паліцыянты падскочылі выручаць сваіх фурманаў.
— Прэч, прэ-эч! — з церпялівай ветлівасцю на тварах адціскалі яны коламі машын людзей.
— На, бяры лепш мяне, цацаліст ты! — поўзала на каленях, падстаўляла сухія грудзі ды рвала на сабе кофту цётка Піліпіха.— Руку падняў на божаго чалавека, антыхрыст!.. Высмаліць табе маланка слепакі нахабныя, чакай, бальшавік ты няверны, і ўвесь твой род здохне, калі не адступіш, калі святого чалавека не выпусціш!
— Псяюхо, будзеш блытацца тут яшчэ? — зазлаваў Клявітар.
Ён лёгка, бытта кацяня, занёс бабку за кювет, паклаў на мурог. Не паспеў камендант вярнуцца, бабка ўжо перапаўзла роў і апынулася зноў ля яго ботаў.
Апамяталася, на выгане дагнала іх і Тэкля. Маладзіца была ўжо апранутая як у дарогу, трымала клумачак. Тэкля бухнула на калені, палезла да каменданта, абхапіла яго ногі, пачала з плачом прасіць Клявітара:
— Па-ане, гэто ж я-а ва ўсім вінаватая!.. З-за мя-не-е, нягодніцы, усё гэто выйшло!.. Арыштуйце мяне-е разам!
— Дойдзе калейка, пачакай! — паабяцаў ёй начальнік, прытрымліваючы маладзіцу, каб ад'ехаліся фурманкі.— Хоро-оба, якая ты мяккая і файная бабка!.. З табой, псяюха, і я згадзіўся б у адной камеры замкнуцца на тыдзень!.. Недарма мужыкі разбівалі голавы адзін аднаму!..
А гэтым часам праз выган памалу прабіваліся падводы.
Як валыняне ні кідаліся пад колы, як ні вішчалі, ні кусаліся, ні галасілі бабы, яі хапалі за полы паліцыянтаў наша цётка Хімка і Піліпіха, а прадстаўнікі ўлады арыштанта адстаялі.
Службістыя чыноўнікі, надта гордыя, што так хутка ўдалося выявіць злачынцу, на якога ніхто і не падумаў бы, павезлі старога ў павятовую турму ды смакавалі сенсацыю, якая мелася ашаламіць усю Саколку, а потым — цэлае ваяводства.
1.
Як толькі падвода з арыштантам ад'ехала, Тэкля з Хімкай кінуліся збіраць апосталаў. Зрэшты, праз пару дзён тыя ўжо і самі адумаліся. Іх агарнула трывога — засудзяць прарока, разгоняць і ўсю абшчыну. Адно цяпер усе яны ўразумелі, чым для іх быў стары.
Бяда апосталаў неўзабаве аб'яднала. Давідзюк Тэклю супакоіў, узяў у яе ключ ды вечарам сабраў у царкве савет «трэціх свяшчэннікаў».
— Гэтаксама арыштавалі некалі бесарабскага прарока, айца Інакенція, і пасадзілі ў Мурамскі манастыр! — трымаў прамову Павел Бельскі.— Людзі дабраліся аж туды і выручылі яго! Дзве тысячы вёрст ішлі малдаване з Бесарабіі ў Аланецкі край!.. Скрозь сумёты, у лютыя маразы!.. Нам жа да Саколкі — смех, вёрст трыццаць, і надвор'е стаіць цярпімае — толькі вады много, тык жа мы не паны!.. Чаго сядзець склаўшы рукі?!. Пад ляжачы камень і вада не пацячэ! Трэбо даць кліч — адразу вёскі паднімуццо!.. Унь камуністы арганізавалі паход сваіх на Васількоў і праперлі штрэйкбрэхераў, хібо мы — горшыя?.. Рабочыя Гарадка хадзілі на Пяшчанікі цэлай кампаніяй, і ніхто не змог іх спыніць!.. А ў часы нашай «Грамады» якія мы паходы рабілі з Паўлам Валошыным?..
— I таксамо паліцыя не магла даць нам рады! — падхапілі іншыя.
— З сякерамі нават туды хадзілі! Паліцыянты з пастарункаў паўцякалі!
— I я памятаю, як усе смяяліса, што Клявітар даваў драла праз акно без мундзіра, а потым загадаў слесарам дзверы абабіць жалезам і засовы паўстаўляць!..
— Гуртам і бацьку біць добро!..
Ломнік, які дагэтуль маўчаў, астудзіў іхні запал.
— Перасаджалі потым і вашых Валошыных і гарадоцкіх герояў! Не тое правіш, брат Павел. Адумайса! На якое ліхо ўвязвацца нам яшчэ ў бойкі з паліцыяй?! Хібо мы падурэлі?! Хай цацалісты сабе грызуцца з ёю, ім так чэшуцца рукі, а нам, мужыкам, рабіць усё трэ з толкам. Што зробіш, часамі трэ і чорту лысаму пакланіцца!
— У трынаццатым раздзеле паслання апостала Паўла к рымлянам гаворыцца, што ўсякая душа няхай будзе пакорнай вышэйшай уладзе! — азваўся і Давідзюк.— Бо няма ўлады не ад бога, ісцінно вам кажу! Начальнікі страшныя не для добрых спраў, а для кепскіх! Рабі дабро і атрымаеш пахвалу ад іх, от чаму наш айцец і прарок Ілья атрымаў ад Пілсудскаго залаты медаль!..
— Супроць уласці не папрэш, халера, ён мае рэхт! — згадзіўся міхалоўскі балагол.— Уласці заўсёды нас падтрымліва-лі, трэ нам гэтым даражыць. На чыім возіку егдзіш, таму і песні спявай, а пакорнае цялятка дзве маткі сасе, так шчэ нашыя прадзеды любілі гаварыць! Я добро памятаю той паход бесарабаў, брат Павел. Ну і што, калі падняліся і пайшлі?.. А колькі малдаван памерло ад тыфуса, акалела на марозе, колькі іх перасаджалі ў турмы?! Не, гэто не ратунак, мужыкі!
Читать дальше