Толькі на другім паверсе ў пакоі паэта панавала цішыня. Са столі ў цэнтр пакоя цягнуўся дроцік. Пачэпленая на ім дзесяцілінейная лямпа асвятляла траіх мужчын.
У воблаку дыму з папяросай у зубах за столікам пісаў вершы лабасты інтэлігент з упалымі вачыма — той самы Павел Бельскі з Пянькоў, чые гімны Альяшу спявалі багамолы. На сцяне над ім віселі два партрэты барадатых дзядзькоў — прарока Альяша Клімовіча і графа Льва Талстога. Былы грамадоўскі актывіст, вядома, не прачытаў да канца ні адной кніжкі Льва Мікалаевіча і меў цьмянае ўяўленне аб яго творах. Павел шанаваў графа, пакланяўся яму за тое, што яго праклялі папы.
Другім у пакоі начаваў вахлаты дзядзька — Піняў фурман. Ён раніцой меўся везці на станцыю Валілы воўну, лён, гусей і курэй, якія Піня купіў у прарока, а покуль што ў верхняй вопратцы валяўся сабе на нарах.
За грубым сталом прымасціў сваё магутнае цела Мікалай Рэгіс. Вышываная касаваротка з адмысловымі вензелямі ды царскай каронай на ім была расхрыстана, на смуглых грудзях вісела на ланцужку вялізнае меднае распяцце, а позірк яго быў сумны. Перад няўдалым дзячком стаялі з кепска выпаленага шкла, таму зялёная, бы ландышаў ліст, бутэлька і закусь.
— Цабаніць як!..— прыслухаўшыся, не то падумаў уголас, не то прамовіў да дзядзькі былы дзяк.— Асенняя плюха, мёртвы сезон. Цяпер тут будзе застой да самай вясны!.. Толькі Рыжы Сямён ці яшчэ які дурань з чырвонымі пяткамі прывалачэцца босы па снезе!.. Госпадзі, як перажыць зіму?!. У горад падацца, ці што?.. Сумота, хоць ты плач!
Як бы пад прымусам, Рэгіс наліў сабе з зялёнай бутэлькі ў шклянку і неахвотна перакуліў яе ў рот. Тады з глінянай місы ўзяў лусту хлеба, цыбуліну, ткнуў яе ў соль і з хрумстам пачаў закусваць.
— Як ні плакаў — бог аднакаў! — прабурчаў фурман, засадзіў пяцярню за пазуху і, прыжмурыўшы ад здавальнення вочы, пашкрэбаў сабе бок.
— Што, вошы адалелі? — паспачуваў Рэгіс.
— I дзякуй богаві, калі яны е! — з глыбокім перакананнем, сур'ёзна адказаў Пінін слуга, павярнуўшы да сябра бялкі з чырвонымі пражылкамі.— Вош толькі ад мёртваго чалавека бяжыць.
— О! трупаў яны пакідаюць адразу, што праўда, то праўда, за вайну наглядзеўся я!..
Павел нервозна зацягнуўся папяросай ды з шумам выдыхнуў дым. Адбіваючы такт і прыслухоўваючыся да свайго голасу, паэт на слых праверыў рыфму:
— Ты тру-дов по-нес не ма-ло, слез не ма-ло ты про-лил... Гм... О! Н сам бог те-бя за э-то... А што — за э-то?.. За это, за это... Н сам бог те-бя за э-то ру-кой щед-рой на-гра-дил!.. Го, атрымліваецца!..
Паэт ліхаманкава ўзяўся запісваць.
— I ахвота яму вазіпца з гэтым!..— паціснуў плячыма Рэгіс.
У гэты момант нехта пастукаў нясмела ў дзверы.
— Прошэ! — па-польску дазволіў Рэгіс. З вядром вады і венікам увайшла Тэкля.
— А, святая душа, Фёклачка! — шчыра ўзрадаваўся Рэгіс.
Маладзіца аддана тры разы пакланілася партрэту Альяша, затым — Талстому, перажагналася і мякка папракнула мужчын:
— Зноў накурылі, хоць сякеру вешай!.. Ой, мужчынкі, мужчынкі, як вы так можаце!..
— А ты для чаго, што б рабіла?.. Навядзі, навядзі парадак у нас, мілая!
— Як жа, навядзеш тут, рыхтык!.. Вазончыкі ад дыму во зусім ужэ зачахлі!.. Хоць бы фортку адкрылі, ці што?! — палезла яна белым каленам на акно.— Бы малыя!..
Покуль маладзіца мокрай анучай працірала падлогу, падбірала са стала акуркі, покуль яна любоўна раўняла саматканыя пасцілкі на нарах ды разгладжвала вытканыя ў шашачку дываны, якімі былі ўвешаны сцены, Рэгіс не спускаў ласых вачэй з пухлаватых яе пакатых плячэй і аголеных рук, якія па локаць яшчэ мелі выразныя сляды летняга загару.
Абмацаўшы Тэклю вачыма з пят да галавы, дзячок шчыра прызнаўся:
— А ведаеш, даражэнькая, пра такіх у Бібліі сказана: «Повела бы я табя в дом матери моей. Ты учил бы меня, а я поила бы тебя ароматным вином, соком гранатовых яблок моих...» Гэтая ядронасць цела, радзімкі на шчацэ і шыі, ідэальна налітыя ногі, зубы, што аж зіхацянь белізной!.. Такая ласкавасць у вачах!.. Колькі разоў на цябе гляджу, столькі і думаю — ну ж і бабу падчапіў сабе наш прарок, ну ж і ўмеў!..
— То дзіво!.. Альяш хоць I стары, але — жывы! — уставіў вазніца.
— Ты сур'ёзна?! Але ж падумай, чалавеча, што ён у свае гады можа рабіць з ёю, ды яшчэ на адной грэчневай кашы?.. Чудзяса твае, госпадзі!
— Скажаце вы таксамо, айцец Мікалай, ну-у вас! — крыху ненатуральна засаромелася Тэкля, наводзячы парадак ля печы з белай кафлі.
— Пра нашага старога смешна апавядаў шудзялаўскі войт, паслухай,— звярнуўся ён зноў да вазніцы.— Альяшу прысудзілі палякі ордэн за тое, што пабудаваў царкву. Прыслалі паперу з паведамленнем: узнагароду трэба выкупіць у Беластоку за дваццаць злотых. Стары зразумеў гэта як пакаранне — ого, выдаткаваць яму такія грошы!.. Ён узяў торбу хлеба, прыбыў у гміну і папрасіў: «Пане войце, а ці нельга было б гэтыя грошы адседзець у арышце, як за штраф?..»
Читать дальше