У адзін такі вечар Грыбоўшчыну ахінула цемра. Акенцы хацін блішчалі цьмяным святлом, а на падлогах баковак і вялікіх хат покатам, як заўсёды, валяліся чужыя людзі. Святы ўзгорак пілігрымы наведалі яшчэ ўдзень. Там яны наплакаліся і нажаліліся ўволю. Большасць не захацелі нават ужо чакаць і вячэры, а знямоглыя ляглі спаць.
Тыя пілігрымы, хто паспеў заснуць, варочаліся, сіпелі прастуджанымі бронхамі, скавыталі скрозь сон, стагналі ды скрыгіталі зубамі — мо якраз адбіваліся ад чорта, які прыходзіў купляць іхнія душы. Некаторыя раптоўна прачыналіся, устава-лі на калені ды горача маліліся і маліліся да непрытомнасці, да слёз, да шаленства, з нявольнічай адданасцю ды пакорай, і ўсё прасілі бога дараваць «віны». А яе і было толькі — якое-небудзь вострае слова нявестцы, непадпарадкаванне свёкру альбо, ад вялікага жадання купіць дзецям фунт цукру, жанчына на рынку сунула пакупніку масла з бульбінай у сярэдзіне. О! Што значылі дробныя грашкі іншай такой цёткі перад абліччам вялікага злачынства, зману, гвалту і нянавісці, якія па божай волі царылі на свеце! Але ж гэтыя ахвяры, выгадаваныя ў пакорнасці і забабонах, лічылі грэхам вялікім нават сумнявацца!
Адным словам, каб сны тых пілігрымаў можна было чуць, Грыбоўшчына, мабыць, задыхалася б ад скавытання і енку.
Але найгорш было самым цвярозым. Такія цяпер насцярожана прыслухоўваліся з трывогай да ночы і былі сам-насам з думкамі.
За акном сумна цабаніў зацяжны дождж. Цяўкалі перад вячэрай, напаміналі аб сабе гаспадарам галодныя сабакі. Пад печчу завялі сваю манатонную песню цвыркуны. На кухнях пры газовачках гаспадары шаткавалі капусту, і пілігрымам было чуваць, як малыя падшыванцы спрачаліся з-за качаноў і морквы, як хлюпала ў гаршках, перакіпала свіная бульба і пырскі шыпелі на пліце...
Да раніцы можна было яшчэ выспацца на абодва бакі, і найболей цвярозыя заснуць не спяшаліся. Адно цяпер людзі спахапіліся, што зусім не падрыхтаваныя да зімы, а дома чакаюць не дачакаюцца такія ж самыя жэўжыкі са знямоглай бабкай і трывожна мычыць недагледжанае быдла.
З астаткамі забабоннага страху, яшчэ не смеючы нічога кепскага нават падумаць аб прароку, людзі дзівіліся з сябе, як далёка забрылі, з жахам уяўлялі разлезлую дарогу з застылымі і гнілымі лужамі, якія ім зноў мясіць і мясіць пасталамі.
Ногі аж гулі, страх і падумаць, што заўтра трэба абкручваць іх тымі самымі мокрымі анучамі! А казалі, бытта нейкая сіла ў Грыбаве знімае з ног боль, што са святога пагорка ідзеш, нібы ступаючы па небе, нібы напіўшыся гаючай вады.
Сон такіх пілігрымаў не браў. Людзі неспакойна ўздыхалі, варочаліся, шасталі саломай, масціліся так і гэтак, і не адзін з іх у распачлівым адчаі гаварыў сам сабе:
«Эх, і праўду гавораць разумныя, што сам ад сябе, халера на яго, нікуды не ўцячэш, не схаваешса, хоць ты трэсні!»
А ў царкве ў гэты момант Ішло вячэрняе малебства. Зрэшты, такое слова, мабыць, падыходзіць найменш для вызначэння таго, што там адбывалася.
2.
Перад палаючымі падсвечнікамі ля алтара згрудзіліся аброслыя па самыя вушы, з ільнянымі торбачкамі цераз плячо, у лазовых пасталах фанатыкі з Валыні.
Злева перад імі ляжалі на сталах боханы хлеба, пірагі, цукеркі, яблыкі і грушы. Стаялі абвязаныя дратваю ды трысцём бутэлькі ўкраінскага віна. Наверсе гэтых прынашэн-няў бялелі паперкі з імёнамі для памінання «за ўпакой», а справа на такіх жа ахвярных сталах ляжалі запіскі «за здароўе».
Тут жа на лаўках чынна сядзелі апосталы, «трэція свяшчэннікі» і сам Альяш. Вялізная кубатура храма танула ў глухой цемры, дзе харысты цягнулі псалмы. Манатонныя гукі мацнелі і адзываліся рэхам у густым змроку скляпення. Адчувалася насцярожанасць, якая бывала заўсёды, калі ў царкве прысутнічаў сам прарок. Настрою гэтаму не паддавалася мая цётка.
Цётка Хімка сачыла за падсвечнікамі.
У цэнтры пазалочанага дыска гарэў тоўсты васковы валік з залатымі абадкамі, а ў плоскай чашы трымцелі васковыя дубцы, акуратна ўстаўленыя ў гнёзды. Для нашай цёткі кожная свечка была канкрэтнай душой, за якую недзе маліліся сваякі. I Хімка гэтага не забывала ні на момант. Свечкі ў яе стаялі роўна, адна ў адну, выгаралі амаль датла.
Калі ўсе чатыры падсвечнікі, дыхаючы расплаўленым воскам, яскрава палалі залатымі пікамі неспакойных агеньчыкаў, Хімка не адводзіла ад жывога букета агню вачэй, а ў гэты час пілігрымы з забабоннай асцярожнасню, нібы дробку солі, перадавалі адны адным новыя тоненькія патычкі. I свечкі цяклі да яе скрозь апрануты ў саматканыя світкі натоўп з раніцы да вечара — толькі Хімка паспявала іх устаўляць.
Читать дальше