— Чаго прыпёрса, кудла ?!
I ў віднага саноўніка праваслаўнай царквы з-за спінаў пярэдніх мужыкоў паляцелі гнілыя памідоры ды яблыкі — дакладна гэтак, як ляцелі мінулым годам у Крынках, калі забаставалі гарбары, а рабочыя праганялі з трыбуны нежаданага аратара з прадажнага фабрыкантам прафсаюза, пана Капітулку.
Айцец Якаў з Савічам кінуліся ўладыку ратаваць.
2.
Вярнуўшыся ў Гродна, архірэй паспешліва сабраў у кансісторыю свяшчэннікаў, служачых ды старастаў храмаў.
Калі ўсе сышліся і з'ехаліся, узбуджаны саноўнік пачаў даваць разгон падуладным звычайнымі свецкімі словамі. Сарамаціў іх доўга, не хаваючы сваёй горычы.
— Цёмныя мужыкі, нейкія сектанты, а як дзейнічаюць, бачыце?! Госпадзі, як яны народ паднялі!.. Якія папулярныя, як людзі ім вераць! Чаму не вераць гэтак нам — адукаваным?! Бо яны дружна ды ўпарта блюдуць сваю лінію! А мы свой ісцінны шлях не беражом, мы — хто ў лес, хто па дровы!..
Разам з матэрыяльным дабрабытам прысутныя ўжо набылі характэрныя рысы чыноўнічага саслоўя —кар'ерызм, саперніцтва, інтрыганства, нізкапаклонства перад начальст-вам ды іншыя неабходныя якасці, для таго, каб лічыцца чыноўнікам добрай закваскі, быць на віду і ў фаворы маючых уладу. Агледзеўшы гладкія твары, уладыка Антоній ужо з абурэннем касціў падуладных:
— Ваш галоўны абавязак — сеяць мір і згоду, даваць маральную падтрымку і духоўную сілу міранам, а вы чым займаліся ўвесь час?! Колькі я мусіў патраціць сілы на такое глупства, каб памірыць стары архірэйскі хор з новым саборным?! А колькі трачу часу, каб стрымліваць ашалелых нахабнікаў?! Які-небудзь непісьменны, але пранырлівы бацюшка бязлітасна спіхвае з цёпленькага месца людзей з вышэйшай адукацыяй — свяшчэннікаў са шматлікай сям'ёй — і адбірае ў іх апошні кавалак хлеба!.. А хто пазаймаў у нас пасады царкоўных старастаў?.. Былыя ротмістры жандар-мерыі ды майстры вінакурань!.. Чаго тут дзівіцца, што ў нас шырыцца сектанцтва і з'явіўся «прарок» Ілья — які поп, такі прыход?!. Зрэшты, пра Альяша ў нас з вамі будзе размова аддзельна! — саноўнік разлютаваўся не на жарты.— Вы мяне ў зман увялі!
Уладыка Антоній быў чалавекам рашучым, нават крутога нораву, таму сабраныя ў зале ўгіналіся, хавалі вочы — кожны баяўся, каб уладыка яго не крануў.
— Вы супакойвалі мяне, што «прарок» — лакальная з'ява!.. Хіба адтаго, што прамаўчым, закрыем на яе вочы, не стане праблемы?! Так толькі могуць дзейнічаць платныя слугі, якім няма справы да поспеху нашай місіі!.. Я навяду ў сваёй епархіі парадак!.. I вас працаваць прымушу!..
Да Альяша ў наступны дзень памчалі кансісторскія паны ў капелюшах. Толькі Клімовіч да іх нават не выйшаў.
Тады архірэй выклікаў з Крынак бацюшку Савіча. Адводзячы ад протаіерэя вочы, саромеючыся аголенага ў сваіх словах намеру, уладыка Антоній заявіў:
— У святой царквы павінны быць у Грыбаве свае вушы. Падбярыце там бабак, якія за плату згодзяцца дакладваць пра кожны крок Альяша. На грошы не скупіцца!
...Хто ведае, што яшчэ прыдумаў бы ініцыятыўны архірэй Гродзенскай епархіі, каб абмежаваць уплыў грыбоўшчынскіх мужыкоў на праваслаўных прыхаджан і іх прыручыць, калі б далі размахнуцца.
Сам таго не разумеючы, дзядзька Альяш даўно стаў аб'ектам, з-за якога ішла барацьба паміж каталіцызмам і праваслаўем. За дзейнасцю Антонія з насцярожанай увагай сачыў віленскі каталіцкі епіскап — Рамуальд Ялбжыхоўскі. За плячыма віднага каталіцкага дзеяча і ўплывовага чалавека стаяла магутная арганізацыя з тысячагадовым вопытам барацьбы з ідэйнымі праціўнікамі.
Калі стала відочна, што гродзенскі ўладыка становіцца папярок дарогі каталіцкім вярхам, «біскуп» націснуў адпаведны гузічак, і добра наладжаны механізм адразу здзейнічаў.
У каталіцкай газеце нечакана для ўсіх, з'явіўся хлёсткі фельетон аб непрыстойных паводзінах архірэя Гродзенскай епархіі. Са спасылкай на шматлікіх сведак, з пералікам пікантных падрабязнасцей, журналісты размалявалі епіскапа Антонія гомасексуалістам.
3.
Зганьбаваны ўладыка сеў у свой «хрыстлер» і памчаў у Варшаву. Па дарозе ў польскую сталіцу Антонію было пра што думаць. Ён аж кіпеў ад абурэння і ні на момант не сумняваўся, што мітрапаліт яго абароніць. Іначай і быць не магло!
Грыбоўшчынская абшчына знаходзілася пад кантролем кансісторыі ўсяго пару месяцаў, а ў цэлай епархіі вырашыліся адразу ўсе эканамічныя праблемы. Гэта не нова! Некалі за ахвяры паломнікаў да іконкі маці божай на грушы пад Слонімам быў пабудаваны Успенскі сабор у Журовічах ды яшчэ тры храмы, а журовічскія епіскапы валодалі такой маёмасцю, што па багаццю маглі пацягацца з Хадкевічамі, Сапегамі ды Радзівіламі!..
Читать дальше