— Праваслаўныя брацця і сёстры! — звярнуўся ён з прамовай.— Што б ні было паміж намі, аднак усе мы застаёмся авечкамі аднаго вялізнага гурту — усе мы асобы той самай веры. Што такое вера? Пра яе цяпер пытаюцца гэтак, як Понці Пілат некалі — пра інсціну!
Разгледзеўшы застылыя твары і насцярожаныя позіркі мужыкоў, духоўны саноўнік свайму голасу прыдаў яшчэ сардэчную цеплыню і душэўную даверлівасць.
— Ні на мінуту не забываючы тут, на зямлі, госпада нашага нябеснага,— працягваў ён, перадыхнуўшы,— мы пры дапамозе божай благадаці, якая жыве ў нас, імкнёмся к духоўнаму і маральнаму ўдасканаленню, што накрэсліў нам пастыр наш і начальнік — гасподзь і спасіцель! Святло яго на працягу двух тысяч гадоў гарэла перад чалавекам, і ён, азароны ім, вучыўся славіць веру святую і айца нашага, іжэ есі на небясі, да свяціцца імя яго! Для нас, праваслаўных, вера — аграмадны дар вялікага госпада бога грэшнаму чалавеку, упэўненасць у тым, чаго не можам бачыць і чуць. Калі яна дадзена каму памерам толькі з гарчычнае зерне, той можа перастаўляць з месца на месца горы, а хто ёю валодае поўнасцю, пра гэтага гавораць: «Вы богі есць!» I славяць самого госпада: «Вся возможна верующему!»
У доўгім і раззалочаным адзенні прамоўца цяпер нічога не бачыў. Аслеплены ад плыні замыславата-напышаных фраз, ён цэлымі патокамі ўжо кідаў іх у здранцвелыя мужыцкія твары.
— Праз гэтую веру мы ўсе ведаем, што з намі выдарыцца і што быць павінна. Праз яе мы ведаем, куды ідзе памёршы. Адкуль гэта нам вядома?.. Усё гэта абгрунтоўваюць аўтарытэтам людзей, якія неапісаным цярпеннем, энергіяй ды з дысцыплінаванасцю сцвердзілі рацыю нашай праваслаўнай веры. Вы іх не шукайце ў сваёй вёсачцы, дзе жывуць звычайныя аратыя,— прамоўца асцярожна падышоў да самага галоўнага, з-за чаго прыехаў.— Такія людзі, якіх і ўвесь свет не варты быў, якіх шануе ўся Усяленная, а супроць ісціны, што яны прапаведавалі, не магла выстаяць ні адна варожая сіла!.. Мы не раздзяляем думкі з католікамі аб звышчалавечых якасцях дзевы Марыі, як гэта робяць з-за цемнаты сваёй некаторыя з вас!.. Праваслаўная царква дае сваім членам шырокі прастор, але ў сваім вучэнні яна дае багаслову пункт апоры і маштаб, з якім і рэкамендуе саразмерыць уеякае рэлігійнае разважанне, каб пазбегнуць супярэчлівасці з догмамі ды вераю царквы! Праваслаўе ніколі не забараняла прыхаджанам чытаць Біблію, каб чарпаць з яе больш патрэбныя звесткі аб веры, як гэта робяць католікі! Аднак праваслаўе прызнае неабходнасць пры гэтым кіравацца талкаваннямі святых айцоў царквы, а не давярацца непісьменным разважанням аддзельных сялян, як легкадумна давяраюць у вас многія сумленныя аратыя і хлебаробы...
На яго здзіўленне намёк на Альяша ў мужыкоў ніякай рэакцыі не выклікаў, і ўладыка ўжо быў упэўнены ў поспеху сваёй місіі.
— Няма, брацця і сёстры, сумнення ні ў кога, што праваслаўе — тая анёльская гіпотэза, якая ахоплівае ўсе выпадкі нашых паводзін! Мае дарагія сябры, сёстры і брацця,— мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні, а вучэнне праваслаўнай царквы...
Мажліва, з пункту гледжання царкоўнай рыторыкі прамова гродзенскага архірэя была «на вышыні», але мужыкі слухалі яе, бы турэцкае казанне. Мажны ж саноўнік да таго захапіўся, што нават не адчуў — людзі толькі чакаюць моманту.
Нарэшце адпаведны момант наступіў.
Калі ўладыка Антоній з глыбіні свайго балахона пачаў даставаць хустачку, каб выцерці ўспатнелы лоб, нехта закрычаў:
— Мужыкі, што тут ён нам усё трэліць? Сколькі нагаварыў, а пра што, каб яго спытаць?!.
— Туману нам пускае!..
— Не бойса, ён ведае, што кажа! — прагрымеў голас Ломніка ад дзвярэй.— У Бібліі, бачыш, мы не можам самі разабрацца! I дзеве Марыі зашмат пакланяемса!.. Ашчэ — Альяша занадто слухаем!.. Ён ведае, што казаць!
У храме адразу загуло. З усіх бакоў пасыпаліся выкрыкі:
— Дурня знайшоў!
— Братоў і сясцёр тут шукае! — Бач, сваячок знайшоўсо!..
— А язык у яго як падвешаны!..
— Матавіло!..
— Пазайздросціў, што дзеву Марыю славім? — віскнула Хрысціна і з узнятымі кулакамі кінулася ў яго бок.— Ты бы столькі перацярпеў, падло!
— Не чапай, паліцыю шчэ навядзе сюды! — стрымліваў цётку Ломнік.— А табе, архірэй, будзе нам зубы загаворуваць!
У зале забушавала яшчэ больш.
— Цэрквы ў Гродне папрадаваў і нас падбіваць прыехаў! Унь якое пузо наеў нашым гарбом!
— I сыпле — вокам не міргне!
— Школу спецыяльную канчаў, каб людзей простых ашукуваць!
Читать дальше