Настаўнікі прапанавалі, каб прарокам занялася паліцыя. Але пранікаць у тайнікі душ сваіх грамадзян, спыняць пажар «новага вучэння» ўрад і не думаў. А пасля «візітацыі» прэзідэнта ў Гродна была надрукавана ў «Газеце беластоцкай» пастанова:
«За будаўніцтва святыні
і выдатныя заслугі перад Рэчпаспалітай
узнагародзіць пана Эльяша Клімовіча
з Сакольскага павета
ордэнам «А драджэння Польшчы».
Неўзабаве і праўда Альяшу прыбылі па пошце ордэнская кніжачка ды запрашэнне — выкупіць у дзесяціднёвы тэрмін ордэн вартасцю дваццаці злотых у беластоцкім магазіне рэгалій.
1.
«Новае вучэнне» разрасталася.
Знаходзіліся ўсё новыя фанатыкі, што пакідалі свае сем'і, зракаліся гаспадарак ды прыязджалі ў Грыбоўшчыну, каб служыць прароку. I калі пачатак гэтага руху ўзнімалі галоўным чынам жанчыны, то цяпер хлынулі і мужыкі.
«Новае вучэнне» патрабавала і новай арганізацыі.
У святога неўзабаве з'явілася верная кагорта «трэціх свяшчэннікаў». З іх арганізавалася «святая тройца», «святая пяцёрка», «святая сядміца», «святая дванаццатка»...
На самай справе гэта былі звычайныя дзядзькі з якіх-небудзь Сыраежак, Гнойніцы, Плецяніцы, Ганчароў ці Сабакін-цаў — Васіль, Макар, Базыль... У Грыбоўшчыне гэтыя людзі прысвоілі не толькі сабе старазапаветныя імёны, загадавалі біблійныя бароды. Цяпер кожны з іх трымаў сябе перад людзьмі паводле ступенькі іерархіі, якую дзядзька займеў у абшчыне, падабраў сабе адпаведную інтанацыю ці тэмбр голасу.
Па нейкім законе супрацьлегласці да наогул смірнага і непітушчага дзядзькі Клімовіча пацягнуліся скончаныя алкаго-лікі, буйныя фантазёры і аферысты, таленавітыя валацугі, прыроджаныя спевакі, паэты ды звычайныя графаманы і жулікі. Адчуваючы, што сродкі тут неабмежаваныя і жыць можна прыпяваючы ды цікава, у «штабе» прарока кожны з іх у момант знаходзіў сабе прымяненне ды занятак — толькі крыху трэба было для гэтага праявіць кемлівасці і ініцыятывы.
Былі такія, што зусім не імкнуліся да Альяшовай кампаніі, вялі жыццё самастойнае і незалежнае, спатыкаліся з прарокам адно тады, калі ўздумаецца як, напрыклад,— бас з Ісакійскага сабора ў Пецярбургу, Мікалай Аляксандравіч Рэгіс, пра якога будзе мова асобна.
Покуль у Грыбоўшчыне адны складалі Альяшу гімны ды частушкі, а другія спатыкалі пілігрымаў поўнымі царкоўнай тарабаршчыны ды высакапарнай блытаніны прамовамі, «трэція свяшчэннікі» з грашыма на начлег і харчаваннем у кішэнях рыхтаваліся ісці ў праваслаўную Польшчу прапаведа-ваць «новае вучэнне». Ролю кіраўніка апосталамі-прапаведні-камі ўзяў на сябе міхалоўскі Ломнік.
Гадоў сорак вазіў ён з міхалоўскіх фабрычак на склады ў Беласток сукно, а перад смерцю сваю бываласць балагола ды няздзейсненыя мары прынёс у Грыбоўшчыну. Густым басам, якім столькі гадоў паганяў ламавых коней, мудры стары перад адпраўкай «трэціх свяшчэннікаў» даваў ім настаўленне:
— Адно будзьце там асцярожнымі, лішняго не гаварэце — добра вяроўка доўгая, а рэч — кароткая.
— Спыняйцеса на тым, што зацікавіло вашага слухача, і на пытанне адказвайце словам божым — пачытайце шчэ раз Біблію, там на ўсё знойдзеце адказы.
— Пры размове будзьце ветлівымі, не хвалюйцеса, не абурайцеса з-за быле глупства, з сябе не выходзьце. Калі нават людзі абражаць стануць — карона з галавы не спадзе, губляць не маеце чаго!
— Старайцеса гаварыць шчыро, не панібратнічайце і думайце, дзе памыліліса.
— Не саромейцеса, не падайце духам, калі не ўдаецца,— пераканаць усіх нельга, так рабіў нават сам Хрыстос.
— Ніякіх смешачак, ні жарцікаў — зубаскалаў і нашыя людзі не любяць надто.
— Заўсёды гутарку канчайце малітвай і падарункам — іконак, маліцвеннікаў, крыжыкаў з сабой браць не лянуйцеса!..
— Майце конскую вытрымку, сабачае цярпенне, упар-тасць вала і прыхільную рахманасць ягняці, тады чаго-небудзь даб'ецеса, амін.
— Амін! — пакорна падхоплівалі на кожным такім інструктажы Ломніка «трэція свяшчэннікі» ды ішлі ў народ.
У іншай глухой і лясной вёсачцы, куды навіны даходзілі са спазненнем на цэлы год, такія прапаведнікі замянялі сённяшнія тэлевізары. Даведаўшыся, хто да іх завітаў, бабы зляталіся з часалкамі, калаўроткамі, вязаннем ды шыццём.
Доўгімі зімовымі вечарамі вопытныя жаночыя пальцы механічна скублі кудзелю і вязалі панчохі ды світэры, часалі воўну, абдзіралі крупу, а ўражлівыя душы, бы губка, убіралі апавяданне місіянераў з легендарнага Грыбава аб вісельніках, жыцці святых, заваленых чалавечымі касцямі ямах ды такіх страшных выпадках, ад каторых у цётак на галаве дыбам валасы паўставалі і жанчын разбіралі халодныя дрыжыкі.
Читать дальше