— Не засланяй мне стала!.. Мажліва, айцец Ілья паспяшае, і трэ хутчэй канчаць работу!
— Хохэм балайлы!.. Табе і жыць перашкаджаю ўжэ?! Чуеце, пане Клімовіч?!.
— Думаеш, айцец Ілья — дурань, не бачыць, што ты ўлез у раму і свет мне засціш?
Хайкель нездаволена паківаў галавой — нібы сына і зяця мірыў.
— Зноў прыехаў гэты д'ябал? — паказаў бацюшка бародкай на шырму.
— А мне — будзь ты святы, будзь ты сам Люцыпар, абы — плаціў!
Госць нядобразычліва агледзеў Хайкеля з ног да галавы.
— Зрэшты, я — бедны яўрэй, што магу зрабіць?..— зараз жа паправіўся стары рэстараншчык і ўздыхнуў: — Ай, і плата — вялікі цымэс — адны слёзы!..
Бацюшка зноў адхлябнуў піва.
— Айцец Якаў, пра што я вас хачу прасіць!.. Зрабіце ласку, растлумачце вы мне, беднаму яўрэю і нявучанаму чалавеку, які пражыў ужо вось семдзесят тры гады, хутка ў саван ляжа, а так і не разумее нічога!.. Ну, ёсць на небе гасподзь бог, ёсць рэлігія — іудзейская, праваслаўная, каталіцкая, магаметанская... Ёсць і святыя недзе, вядома,— на Афонскай гары, у Ерусаліме... Але пры чым тут гэты мужык, спытаю я вас?.. Мажліва, прыйдзе і Месія яшчэ раз на землю, толькі ён будзе ехаць на белым кані і пакідаць залатыя сляды на пяску!.. З яго будзе прамянець боскае ззянне, і ён згорне неба ў сувой, як сказана ў святым пісанні!.. Але якое ззянне праз гэтага мужыка, спытаю я ад вас? Не разумею!
— Пра што вы гаворыце, пане Хайкель! — ажывіўся бацюшка ды адразу падабрэў да рэстараншчыка.— Месія ўжо аднойчы прыходзіў і болей не з'явіцца да самага страшнага суда, а ўсё гэта — ашуканства і ерась!
— I я тое ж хачу сказаць! — узрадаваўся стары.
— Калісьці такіх на вогнішчы смажылі! — бацюшка з нянавісцю кіўнуў на шырму.
Свяшчэннік некалі марыў усё жыццё правесці на вёсцы, каб аддаць усяго сябе служэнню богу і людзям, намерваўся перавярнуць свет, а скончылася тым, што не мог нават уталкаваць мужыкам пра Грыбоўшчынскае цемрашальства. Людзі адвярнуліся, а ўсявышні ўпарта не заўважаў яго ахвярнасці.
Ад суму ў апошні час айцец Якаў прыдумаў сабе забаўку — паляванне на зайцоў у Вастрынскім беразнячку. На брака-ньера нехта данёс, і бацюшку сёння выклікалі ў пастарунак.
Айцец Якаў спадзяваўся на арышт. Каб не акалець у халоднай, ён апрануў усё зімняе — на цэментавую падлогу было б якраз. Але паліцыя з-за яго сана на першы раз браканьерства папу даравала. Пан камендант бацюшку адпусціў з высакамернай велікадушнасцю нават без штрафа, але гэта айца Якава ўкалола найбольш. Падумайце толькі, нейкі палячок, які яшчэ пятнацнаць гадоў таму назад не адважваўся і пікнуць, цяпер рабіў яму ласку!..
З гора айцец Якаў заглянуў да Хайкеля, дзе яму і надарыўся аб'ект, каб сагнаць злосць. Зрэшты, з Альяшом у папа не зведзены парахункі былі даўно.
Перакуліўшы кубак у бяздонны правал рота, айцец Якаў выцерся рукавом ды загаварыў да Хайкеля з затоенай крыўдай:
— Калі спасіцель рабіў свае цуды ў Галілеі, і то не было тады такога стоўпатварэння, як у гэтай задрыпанай Грыбоўшчыне... I не ў дакор вам будзе сказана, пане Хайкель, калі вашы суайчыннікі распіналі нашага госпада на крыжы, я заўсёды абураўся жорсткасцю гэтага ўчынку — пакараць можна таксама іншым спосабам. Але, калі я бачу такое безабразіе, я гатоў сам гэтага д'ябла распяць на крыжы, даруй мне, госпадзі, калі няправільна падумаў! — перахрысціўся бацюшка.— Я б уласнымі рукамі цвікі яму забіваў у голае цела, яшчэ раз даруй, божа!
— Ой, што вы гаворыце, айцец Якаў?! Які б ні быў ён, але ж хіба можна заганяць цвікі ў жывога чалавека?
— Сатана, нячысты, антыхрыстаў пасынак, толькі воблік чалавека мае!
— Вы адно так гаворыце! Ведаю праз сябе — каб, дайшло да справы, не хапіла б смеласці!
Госць зняважліва паўзіраўся на старога.
— У мяне-е?!
—...I я так думаю,— не даваў яму гаварыць рэстаран-шчык,— казкі пра тое, што кажуць на яўрэяў, бытта яны распялі Хрыста! Не маглі нашыя гэтага зрабіць! У жывога чалавека заганяць цвікі?! О-вэй, мы нават курэй самі не рэжам, а робіць гэта шайхэт!.. У паласатым халаце шайхэт іх рэжа, а равін над ім чытае талмуд!
— Зрэшты, калі быць зусім дакладным, яўрэі і не распіналі,— разважыў свяшчэннік.— Яны толькі крычалі: «Распні, распні яго!..» Распіналі рымскія салдаты. I ўсё гэта было ад госпада, бо ні адна пылінка, ні валасінка не ўпадзе без волі яго!.. Таму і рымскіх легіянераў гасподзь паслаў!
— Не маглі, не маглі нашыя гэтага зрабіць...— запэўніў рэстараншчык ды раптам, уражаны, спахапіўся: — Як вы сказалі? То вы, айцец Якаў, сказалі, што рымскія салдаты распялі яго?!
Читать дальше