...Як на лета пяе сінічка!..
Дзе шчэ спелае жыта!..
Дзе знічка!..
Я сёння ўсміхаюся з самага ранку,
Мне сёння ўсё чыста ўдаецца,
Чародкаю вольнай жураўкі-спяванкі —
I тыя вярнуліся ў сэрца.
Вярнуліся, быццам і не пакідалі.
Рабіна ў падворку — і тая
Ірдзяныя ў сонцы высокім каралі
Да свята майго прымярае
I ценем прыхільным парог мой вартуе,
Бо знае, каго сёння ўсё мне вяшчуе!
Замацуй у глыбінях сваіх
Дзеля веры ў жыццё гэты міг.
Смутак прыйдзе яшчэ. А цяпер,
Калі дзень усміхнуўся вяснова,
Паўнапраўна — і ўдзячна! — прымер
Гэтай шчырай хвіліны абнову.
Не ўкарочвай святлоты яе,
Не змарнуй гэтых рэдкасных шатаў.
Чуеш, як пацішэлі твае
Несуладдзі набыткаў і стратаў?
Гэта прагне зліцця да краёў
Са святлом, пасыланым з аддалі,
Падсвядомае мкненне тваё
Да гармоніі і дасканалля.
Замацуй у глыбінях сваіх
Знакам веры ў жыццё гэты міг.
VITA BREVIS. PATRIA ETERNIS[ 1 1 Жыццё кароткае. Радзіма вечная (лац.).
]
Пажадаў дабра мне друг зычлівы.
Добра мне.
Дзень, адмалку на журбу ўрадлівы,
У цане.
Ах, не час валошкавы мой тае —
То пылок
З трапятлівых крыльцаў асыпае
Матылёк!..
Vita brevis. Patria eternis.
Зорны цвет
Чалавечых дум аб шляху ў цернях,
Запавет.
Як не выйду больш на васільковы
Я парог —
Пагукай безмежжа гэтых словаў
Чатырох...
Жыццю векавечна ў далноні
Гады за гадамі страсаць.
Узросту не мае Гармонія,
Не ведае межаў Краса.
Свяціць на сцяжынцы й найвузенькай
Святлу чалавечай душы,
Пакуль ёй жывільная Музыка
Нябёснай крынічкай гучыць!
Я маю толькі ймя.
Чатары літаркі-
нібы чатыры бакі свету.
Твор,
мне прадвызначаны
дзеля пераствору
у плынь жыцця.
Тайнапіс лёсу, каторы
спрабую адтаемніць.
Той час, які прасякнуты табою...
Не трэба пытацца, што можа
Любоў наша, еднасць людская:
Не ўсё ўзяць нам тут на аброжак,
Вось справа якая.
Ды ўсё ж узаемныя смуткі
Мы здольны хоць трошкі ўтаймоўваць —
Пакуль не змялела ціхутка
Сардэчная мова.
Купаным у гэтым вытоку
Найгодных людскіх парыванняў,
I сам ён кладзецца пад крокі —
Шлях да ратавання.
Адным і тым жа вёрстам —
Карацець
І доўжыцца —
На подзіў.
Страчаемся з сябрамі ўсё радзей.
Ужо як подзвіг —
Парыў з-за кратаў неадкладных спраў
Да тых нябёсаў,
Дзе грае фарбамі адвечны спрат
Апоры ў лёсе.
Ужо і здольны на такі парыў
Між нас не кожны.
І зорка лучнасці ўжо ледзь гарыць
Перасцярожна...
Было расстанне назаўжды.
Так трэба, ведалі абое.
І два каменных гарады
Нас падзялілі між сабою.
Далоні ўладныя свае
Раўніва ўсклалі нам на плечы,
Сказалі:
«Помніць недарэчы» —
І ўкінулі ў віры свае.
Міналі месяцы, гады.
Сцяна няведання ўставала.
Было расстанне назаўжды.
Не ўспамінаў.
Не ўспамінала.
Вясну, хоць заплаці ўтрая,
За восені слату не купіш,
Дзе непрыкаянасць мая
Уселася ў чырвоным куце.
Было расстанне назаўжды.
А колькі ж лютых мінавала? —
І хваляй весняе вады
Сцяну як маем змаявала.
Чытаю твой кароткі ліст,
Які, як парастак нязломны,
Прабіўся з нашага калісь
У дзён цяперашніх улонне.
І змоўклі стражы-гарады,
І на скрыжалях іх заззяла:
Не забываў,
Не забывала.
Было расстанне. Назаўжды?
Як доўга не вяртаюцца буслы.
Даўно на рэках лёд у вырай сплыў.
Даўно ўжо крыламі, нібы рукамі,
Разводзяць над лазою жоўтай кані.
I абтрасае звонкі свіст шпачыны
Пылок з сярожак вольхі ды ляшчыны.
На ўгрэвах паадскоквала трава.
Читать дальше