Шчэ не журуся я па харастве,
Якое параскрадваюць маршчыны.
Смуткую: без мяне мае сцяжыны
Марнеюць па пяску і па траве.
Па мураве, па камені, вадзе
Мной не адкрыты свет мяне гукае,
І з немагчымасцю ўсё не звыкаю,
Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.
Пакуль яе не абарве няўзнак,
Мне столькі трэба зведаць і пабачыць
Людзей у працы, весялосці, плачы,
Каб зразумець, што так, а што не так,
Што не па-людску складваю ў жыцці.
Падчас і па чужых краях журуся,
А хопіць і куточка Беларусі,
Каб цэлы век свой да яе ісці.
Ведаем, жывём занадта мала,
Каб на прыканцы не шкадаваць,
Што не ўсё, чым доля нас вітала,
З годнасцю мы ўмелі адвітаць.
Ды ў часы расцугленых нейтронаў,
Прамянёвай хуткасці часы,
Так жывём, нібы ўжо забаронена
Выпадку наш промень пагасіць.
Быццам не паўвеку нейкіх толькі —
Дадзена паўвечнасці ў запас,
І падбаць яшчэ паспеем з толкам,
Будзе дастаткова сілы ў нас,
Каб вярнуць запушчанаму саду
Плён надзеі і харашыню,
Каб, шануючы душы радню,
У сабе знайсці апору й раду...
Твайго палону прагну я —
Не пакідай мяне, работа.
Хай дыхае у твар спякотай
Ралля суровая твая.
Адно на ёй, адно на ёй
Каласаваць таму спакою,
Што непастойнасцю сваёй
Знявечаную памяць гоіць.
Ён, як бясцэнны дар, нясе
У плыні руху забыванне,
Што след наш тут — след па расе,
Што вечны тут адны пытанні.
Але з прасветласцю якой
Сцвярджаць я свету не баюся
Сваёю кожнай баразной:
Жыву!
Люблю!
Не наталюся!
Снег упаў на голле залатое.
Толькі ўчора сонцам ліўся ліст —
А сягоння пад завейны свіст
Снег упаў на голле валатое.
І шчыміць разгублена душа,
Нібы не бярозка, а сама я
Так безабаронна адгараю, —
І разгублена шчыміць душа...
Сшывае лёс крывой іголкай
Памкненні й чыны ніткай скрухі.
Душа нектар свой,
быццам пчолка,
Усё шукае ў полі руху.
Нічым пагрэбаваць не можа,
Хоць не заўсёды патрапляе
З падзейнай наквеці варожай
Жывіцца тым, шго прасвятляе.,
І мус уроку паўтарацца,
Пакуль не ўсвоіцца належна,
Што не ад змены дэкарацый
Спектакль
і ролі ў ім
залежаць.
Толькі мо ў казцы ёсць лёс —
нібы кошык,
Поўны адно медуніц ды суніц.
Бойся спазніцца са словам харошым:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
Ах,
запіваць бы сухую скарынку
Наканаванага —
з чыстых крыніці
Бойся спазніцца з харошым учынкам:
Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
Гляджу на галінку плюшчу пакаёвага:
Упарта імкнецца яна з кута цёмнага
Да праёму ваконнага,
Лістком за лістком сягае
Наўпрост да святла,
I няма на шляху да яго
Ніякой перашкоды.
Толькі ж раптам
Бы нейкая сіла галінку спыняе
I нават у бок процілеглы
Заварочвае!
Як прыкметна мізэрнее лісце яе
У такім адхіленні —
У шуканні ранейшага сонца свайго,
Падаванага ёй
У час побыту ў іншым пакоі...
Але на шляхах у былое
Няма поступу ўперад.
I выпростваецца сцябліна,
I разгортвае новае сакавітае лісце
У руху да Сутнага!
Гляджу на галінку плюшчу пакаёвага.
Бачу самую сябе.
Дзе ты, даўняя любасць?
Белы корань душы...
Глей самотнасці грубай
Дзёрзка разварушы!
Даўкіх будняў прагалы
Перакрэслі сабой.
Без цябе што б я знала
Пра пяшчоту, пра боль?
Мне маркоты не збыцца,
Як гарбунні — гарба.
Без цябе не адкрыцца,
Што такое журба.
Так настойліва беды
Промнік сонца дзяўбе...
Як магла б я паведаць
Прагу жыць —
без цябе?
Дзе б я чэрпала сілы
Усміхацца, спяваць?
Чым
падцятыя крылы
Тут змагла б мацаваць
Ты ці лекі, ці згуба —
Нематой не душы,
Безаглядная любасць,
Вечны корань душы...
Читать дальше