Бачыць Бог,
ты напраўду рады,
калі я сама
да цябе азавуся,
ты напраўду рады,
і гэтаму, бачыць Бог, рады
няма.
Адхварэлі?
Закаяліся?
Трапятліва малюся
да роўнаапостальнай Ніны:
памажы нам, Святая, ўтрымаць
і на цяперашняй сцюжы
наш трыкір,
нашыя тры святліны:
свечкі,
птушкі
і ружы!..
А як падумаць:
Гэта ж колькі іх, людзей тых, на зямлі,
Што нарадзіліся з табой адначасова —
У той жа год, у той жа самы дзень,
у тую ж самую гадзіну!..
То няўжо
Дарожкі ўсіх-усіх іх праляглі
Праз кушчы райскія,
Адно табе
Даводзіцца брысці ледавікамі гора?..
Няўжо нікога болын,
Адно цябе
Пякельная тут мучыць смага,
Бо ўсе жаданыя азёры
Апынаюцца саланчакамі,
Як толькі прыпадаеш ты да іх?..
Няўжо адзіна ты
У знемагальным пошуку сцяжыны,
Якая вывела б з сіроцтва?..
Аж смешна, як падумаць!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
I ўжо лягчэй ісці
З усімі разам.
У юнацтве жывеш,
Не дужа думаючы
Пра вынікі ўласных учынкаў.
У сталасці,
Жорстка зранены ў вечных сутычках
Уявы і явы,
З павагаю часам глядзіш
На свой вопыт жыццёвы.
Але ён немінучы, прыход той хвіліны,
Калі да бязлітасці ясна сам бачыш:
Жывеш па старых шпаргалках.
На лёс ці варта наракаць?
Ныццём нягоды не адужаць.
Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць.
Яе ж не возьмеш напракат...
У якой пылінцы,
У якім камені,
У якой зёлцы,
У якім звярку
Шчыравала сотні эпохаў ты,
Агню спрадвечнага іскрынка жывая
Пад гэтым часовым няўдалым назовам
«Мая душа»?
Бо плоць і мая для цябе —
Толькі чарговая — з безлічы — абалонка.
Вылузнеш —
Не азірнешся нават.
Даруй, што яшчэ я не тая істота,
Якой ты прагнеш,
Якая цябе адшукае,
I цябе адняволіць,
I пераможа табой
Усе моракі свету.
Яна ж некалі спраўдзіцца,
Казка пра папараць-кветку.
Абавязана спраўдзіцца.
I ты ведаеш гэта.
Слухаю дзіўную птушку.
Няма яе ні ў пакоі, ні ў двары.
Няма яе ні ў клетцы, ні ў кусце.
Нават ва ўяве няма птушкі гэтай.
Бо гняздо яе —
На крайнім памежжы
Сэрца і пусткі.
Загрубелым слыхам,
Прывучаным да какафоній,
У напрузе салодкай лаўлю
Чысты-чысты,
Няведамна гарманічны
Загадкавы голас.
Ён яшчэ гэткі далёкі,
Што здольны прабіцца насустрач
Толькі зіхоткім бліскам —
Знакам усемагутнай
Неспазнаванай дагэтуль радасці.
Дзе ковы мае,
Дзе сама я?!.
Выклікаю,
Слухаю светлазарную птушку...
Каб змрок не пасіліў да рук нас прыбраць,
Паглядвайма ў неба пры кожнай нагодзе:
Нам зоры сусвету
штоночы
гараць,
Нам сонца сусвету
шторанку
ўзыходзіць.
Паглядвайма ў неба, і вочы расплюшчацца,
I вушы адчыняцца, і морак растане:
Бо сэрца не схоча стаць рэчывам тым,
Якое ні промніка не вылучае.
На свеце, й праўда, роўных не бывае:
У нечым хтосьці першы, хтось другі.
Але няхай нас гэта не кранае,
Каб не казалі нашы варагі,
Нібы няма ні шчырасці, ні згоды,
А добры лад ёсць толькі напаказ.
Зла са святлом змаганне йдзе заўсёды.
Няхай святло перамагае ў нас!
Бо толькі ў ім душа расце крылата.
Хай не пакіне нас такое свята!
Калі спелае зерне пшанічнае
Падае ў глебу,
Вылушчваецца з яго
Пшанічны колас.
Калі чалавек у зямлю сыходзіць,
Вылушчваецца з яго
Зернейка Духу.
Толькі чалавек помніць,
Што пшаніца была аўсюгом,
I памагае ёй быць пшаніцай.
Толькі чалавек забывае,
Што быў ён глінаю
I што хлеб надзённы
Здольны браць яго ў рабства.
Калі зерне пшаніцы
Падае ў глебу,
Вылушчваецца з яго
Пшанічны колас.
Калі чалавек у зямлю сыходзіць,
Вылушчваецца з яго
Зерне Духу.
Зерне Духу раба,
Які воблік набудзеш?
Читать дальше