Каб толькі Прыгажосць была
I смагай, і памкненнем.
Пакуль хоць каліўца святла
Надзея песціць — да святла —
Узмах крыла!
Узмах крыла!
Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, —
Ажно шчыміць і замірае сэрца
Ва ўзбуджана шчаслівай паняверцы
Раскошу гэту бачыць блізка так.
І рукі узлятаюць да яе,
І пальцы чуюць трапятлівасць цела!
Але,
зіхоткая,
амаль нясмела
Ірвецца птушка прэч
і растае...
Асірацела гойдаецца трон —
Вечназялёны куст, што цуд той гушкаў.
Была такой вясёлкаваю птушка —
Скуль на далоні чорнае пяро?
Біты шлях пад нагамі
ці ні следу няма?
То імгла,
то прызыўна далягляд замаячыць,
Быццам змрок расхінае
святлістая доля сама
Рукою гарачай.
Пагражальна правіслі над зямлёй правады —
Чалавека хітае
ад смяртэльнай напругі
Шчасцятворнай, пакутнай,
самаахвярнай хады
За другі.
Быць не можа ў братэрства нічыйных палос,
Між людзей
быць не можа старонняга болю!
Даўжынёй у стагоддзі дарога;
толькі днець пачало
Над доляй.
Здаецца ж, і лес наш не цёмны,
І час не глухі наш, не позні, —
Канае самотнае рэха:
Гукаем,
Ці чуем адказ?
Блукаем.
І зноў спадзяемся.
Ігліцаю коле туга,
Каб нам у ваколле ўзірацца
Напружаней і пільней.
Часцей пераходзяць дарогу
І зорка, і рыбіна, й звер,
Каб мы адшукалі нарэшце
Сябе —
Чалавека.
ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці.
Курыць туманцам нізкім пожня.
Усё звычайна ў гэтым свеце:
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Як дым над комінам вясковым,
Як тонкі месяца акрайчык.
Спакон вякоў было такое:
Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках
Ноч зорна-жнівеньскае масці.
Чаму ж ад кволай думкі зябка —
Што згэтуль знічкай мне прапасці?
Усё звычайна ў гэтым свеце,
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Былі каб толькі вечна дзеці,
І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашнай сілы
Без горычы, без наракання
Сысці ў нябыт, а што любіла —
Пакінуць тут усё дазвання,
Калі й надзеінка не свеціць,
Што ўпэўніцца зноў будзе можна:
Усё звычайна ў гэтым свеце —
І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
— Дзе завязваюцца ветры,
Тыя,
Што прыносяць буру
У чалавечую душу?
— У пустынях адзіноты.
За гарамі, за марамі
Ёсць такі куток,
Дзе чарней начы асенняй
Змрочны мкне паток.
Ён зглынае ўсё жывое
На шляху сваім,
Найхаробрая істота —
Як сянінка ў ім.
Гінуць зоркі, гіне сонца
У глухой тужбе...
- Дзе ён, той куток злавесны?
- Зазірні ў сябе.
За гарамі, за марамі
Ёсць такая шыр,
Дзе пануе неасяжны
Шчасцямоўны мір.
Выпадковае, не мае
Там прытулку зло:
Толькі радасць, толькі воля,
I святло, святло
Над усім, ва ўсім, што чэзла
У глухой тужбе!..
- Дзе ён, край той блаславёны?
- Зазірні ў сябе.
Узіраешся ў побыт —
бы расчытваеш почырк чужы, незнаёмы.
Зноў і зноў намагаешся ўцяміць
сэнс кожнага знаку —
іначай
застанецца замкнёны
сэнс
і слова, і тэксту ўсяго.
Можа, гэтым хоць разам
патрапіш?
Пры сцежцы
гарыць куст ружавы.
Мінаюцца з ім людзі
і зрываюць
дзівосныя бутоны.
Рукі ж мае —
пустыя.
Бо сцежка не мая?
Бядуеш: не цямлю як след,
Што свет скрозь ілжывы, злачынны.
Сама яго трохі звучыла.
Не трэба мне лекцый пра свет.
Ён часам папраўдзе турма,
Дзе людзі бязлітасна злыя,
Дзе сэрцы такія малыя,
Нібыта й зусім іх няма.
Дзе кожны адно аб сабе
Пыхліва, хапужліва дбае,
З убогай уявай аб раі,
Усё ў сваю норку грабе.
Жалёта казаць!.. Ды хіба
Яно не таму і балюча,
Што ў кожнай душы немінуча
Сядзяць — Чалавек і гурба?
Што гэта ж ад кожнага з нас,
Ад сэрца й сумлення залежыць,
Дабру нашы сцежкі належаць,
Ці зло мае сыты папас...
Читать дальше