Сакраментальна вырашаем,
Што не прыняць, што зберагчы,
Замоваю лясных вяршалін
Шукаем зорныя ключы.
Суладдзе душ пакутна творым.
Зляціць праменьчык па камлі,
Сасновы ў ногі кіне корань:
За неба ўдзячны будзь зямлі!
Спаткнуся.
Зорны ключ не блісне
Між асыцелае травы.
І прыме за паклон мой бліжні
Маё падзенне да крыві...
Не памыляецца наканаванасць.
Калі пры ясным сонцы заблукаю,
Як знепрытомненая,
У трох соснах,
Яна маланкай выбавіць з зацьмення,
Якая вокамгненна давядзе,
Куды зайшла я,
Дзе мая дарога.
Ці хопіць сілы на дарогу зноў?
Жывая засталася —
Значыць, хопіць.
Не памыляецца наканаванасць.
Так доўга чалавек глядзеў пад ногі,
Навобмацак шукаючы дарог,
Нібы ў пачатку даў сабе зарок
Нідзе не спатыкнуцца, покі змога.
Якім пакутным быў няроўны крок!..
А зоры так зіхцелі над разлогай!..
І ўскінуў горда галаву нябога:
«Ад бед сябе я тут не абярог.
Быў я пакорны. Вырас нецярплівы.
Даволі плазаваць пад зорнай злівай:
З самое зоркі дом сабе зраблю!»
І ўладна з гэткай сілаю шчымлівай
Наблізіў зоры да сябе!.. Шчаслівы
Ці будзе ён, пакінуўшы Зямлю?..
Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася,
Дык усё яе пыталася, дапытвалася:
— Што ж ты, мілая, так мала пагасціла?
Пэўна, нечым я табе не дагадзіла.
Мо няўдалай гаспадыняю была я?
Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала:
— Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я.
Не малая твая хата. Завялікая.
Яшчэ ўсё навіваецца вопрадзень
утульнасці, супакоенасці, святла, —
толькі б хто не чапіў
груба, жорстка выкручанага крыла,
толькі б хто —
незнарок, а ці неабачна —
зноў не вымкнуў ранейшага болю!..
Хай хоць трохі яшчэ
патрымае ў сваім прыполе
абярэжлівая спагада нябёсаў
на доле...
За разважлівасцю, ўдумлівасцю —
Як за крапасной сцянон.
Годны рух цвярозы твой,
Слова сказанае ўзважана,
Столькі вытрымкі паважнай, —
Закратованы спакой.
О якое гэта шчасце,
Што жыве на свеце хтось,
Каб хоць зрэдку, час ад часу
Выбаўляць цябе з палону
Незалежнасці тваёй.
Каб вяртаць табе самой
Існую цябе, такую—
Рассмяяную, слабую,
Безразважную, пакорную, —
Па якой няўсцерп смуткуеш
Па-за ўзведзенай сцяной •
Волі й мудрасці тваёй!..
Спагадаеш чорным зорам,
Звышмагутным,
Тым, з каторых
І праменьчыку не вырвацца...
Жыву на Беларусі.
Беларуска.
Кахаю беларуса. —
Вось ён, мой
Найдасканалы свет:
Адзіна тут,
У Любасці дзяржаве,
I ўтульна мне,
I вольна мне,
I песенна.
Бо толькі тут
Я дыхаю паветрам праўды,
I справяддівасці,
I мовы прадзедаў маіх.
Так мала нас,
Шчаслівых узаемнасцю,
На заняхаянай адступнікамі,
На абабранай,
Абражанай зямлі радзіннай.
Ты й тут, Адпомста!
Прытульныя, ўсеачышчальныя,
усёзагойлівыя воды
Нашай любасці!..
Непараўнаная ні з чым,
Адзіная такая,
I такая ўсеагульная, —
Не драбяза,
Не драбяза яна пад зорамі,
Дзе ўжо блукае прывід «зорных войнаў».
Бо што ж яшчэ тут
Здольна з мораку выводзіць,
Калі не распрамененыя сэрцы?
Не даймася ж руйноце
Ачужання!
Хай будзе шчаслівейшы свет,
Хай будзе ён трывалейшы
I намі!
- Скажы, каханне, адкажы,
Што дорага табе найболей?
- Скажы, каханне, адкажы,
Дзе смерць твая, тваё крушэнне?
Читать дальше