Снягі прыпалыя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І цэлы свет працяжна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
Дзе недазвол на безнадзейнасць,
Дзе спадзяванняў правата,
Што нас нявыказнае здзейсніць
Раней, чым прыйдзе немата.
Дні зімняга сонцастаяння!
Мяцельнае кудасы баль,
Калі на ўсяленскім аргане
Па нотах раскладзена даль!..
Дарога па следу смуткуе,
Сустрэчы — нібы міражы,
Пакуль сваю ўладу святкуюць
Раскутыя маразы.
Раптова прасветлена гляне
Адліга з-пад волкіх павек, —
Дні зімняга сонцастаяння,
Цяпла неўміручы павеў!
Як шчодрацца блізкія вочы!
Як ломка адзвоньвае лёд!..
Цяпер ужо сонца не збочыць —
На лета яго паварот!
Дубовы лісток падаеш —
як руку —
I два жалуды...
Не весела сэрцайкам на скразняку.
Халады.
Не нам іх баяцца. Нейк перажывем —
Людзьмі
ды з людзьмі.
А гэты лісток —
яму лепш у траве —
Ты садзьмі.
З маёй далані ты садзьмі яго сам
Без жалю-тугі:
Хай будзе як ёсць ужо ў нашых лясах,
Дарагі...
Замець —
З белага свету ды з чыстага поля.
Як дзівосна туліцца гарачай шчакою
Да шалёна-вясёлага твару завеі...
Зноў, як некалі, толькі ў харошае веру.
Зноў, як колісь,
пяшчотай заходзіцца сэрца.
Толькі белая замець. Ні гора. Ні смерці.
Белы вір раўнавагі. Ні здрады. Ні звады.
Не канчайцеся, вейце, мае снегапады...
Яшчэ трымаюць маразы,
Яшчэ ўспаноўваюць завеі,
Але прамень святла на веі
Ужо кладзецца ад слязы.
Ад той слязы, пасля якой
Дыханне набывае песня —
Усё, з чым вера не зачэзне —
Не ў шчасце —
«Ў волю і спакой».
Пакуль глядзіш на белы свет...
Ніяк не ўстаць.
Ніяк не распрастацца.
У невядомасць цягне, бы ў смалу.
Але ўпіліся ў край планеты пальцы,
Усходзіць галавы цяжкой валун!
А за спіною —
Дзень таго не бачыць, —
Хай бачаць тыя, хто сустрэне Дзень! —
Як тайны вырыс Космасу,
Маячыць
Светлая постаць —
Часу пільны цень.
Ляжыць зямля пустынная, нямая.
Стварэнню свету йсці ў каторы раз!..
Глядзіць нам проста ў вочы, не міргае,
З засцерагальна ўзнятым пальцам
ЧАС.
«Не адгаворвайце, — рака прасіла
Сваіх разумных, асцярожных сёстраў. —
Я маю знаць, што там, за гэтым лесам.
Я толькі гляну і назад вярнуся».
А за дубровай стэп ляжаў асмяглы,
Любімы толькі кавылём ды ветрам.
І рэчка-неўгамонка навучыла
Яго, няплоднага, сады выпешчваць.
«Малю, застанься тут! Навек пашана
І слава з тваім імем будзе зліта».
«Даруйце... Але ж мне мусова трэба
Даведацца, што там, за той гарою...» —
Шапнула рэчка стэпу вінавата.
Быў шлях яе і доўгі, і нялёгкі.
Нарэшце стаў лавіць напяты слых
Якісьці невыразны, певыказны,
Як мара неакрэсленая, пошум.
Забілася няроўна, гулка сэрца
У шчасным прадчуванні адкрыцця.
Ды трэба ж!
Паслізнулася рачулка
На шэрай, абыякавай скале
І ўніз — грудзьмі ў бяздоннае правалле!..
I, падаючы, шчэ вярнуць паспела
Замоўленай сівой цясніне мову
І на ляту ўжо ўчула шчэ пра мора,
І мільганула яснае: «Дайсці б!..»
Жыла-была рака...
Жыві, рака!
Ловяць далягляд
гады імклівыя, —
Таямнічы, непазбежны дар...
Чалавек адно датуль шчаслівы,
Покуль сам
умее шчасце даць.
І адвеку
будні нашы ўпарта
Цвердзяць,
новы беручы рубеж:
Дай нам,
лёс,
таго, чаго мы вартыя,
Каб не здрадзіць нам
самім сабе.
Жыццё з маленькага вучыла:
Як ні мудруй тут, ні пручайся,
А немагчыма, немагчыма
Адолець прыцяжэнне часу.
Агорне веснавосць павеву —
І квеценню зазорыць мусіш,
Як абрыкосавае дрэва,
Прыручанае Беларуссю.
Скапычаныя смуткам гоні —
І неспазнанага прасторы...
Ты стаў дасведчанней сягоння,
А шчаслівейшы быў учора...
Читать дальше