– Было нам гэта справаю звычайнай
Калі б маглі мы ўзняць такі цяжар.
Азёрныя мае спагада-хвалі,
Тады ўтапіце іх на самым дне!
– Былі б мы радыя, але прапаліць,
Самотна да самога дна пратне.
Вятрам – зацяжка, хвалям – загаруча,
А я не ўмею так: як набяжыць,
А мне расстаннем – карай немінучай
За свет пяшчоты нашай –
трэба
жыць.
...I раптам адышоў, амаль адбег.
Ні слова не сказаў на адвітанне.
I кожны крок твой абяцаў вяртанне.
Вясновы дзень гуляў у «сонца-дождж».
I неўпрыкметку набракаў змярканнем.
I набракала цемраю чаканне.
Мне ж без цябе ўжо не было дарог.
А людзі абміналі, нібы здані.
Бы ў прорву,
падалі мае пытанні.
Быў родным горад —
раптам пасткай стаў.
Мая прапала вуліца дазвання.
Дзе я... дзе ты...
гуканне і блуканне...
«Каханы, мой каханы!
Мне хораша з табою.
Ніводнае хмурыны
У небе нада мною.
Усе яны знікаюць
Яшчэ на даляглядзе,
Пакуль прысутнасць сведчыць
Твая
пра душ суладдзе.
Адужаю хваробы,
Не змоўчу на абразу.
Я знаю, што «Кахаю
Цябе» —
зусім не фраза.
Ахоўна і надзейна
Тваё пульсуе сэрца.
Я знаю, ёсць людское
І шчасце, і бяссмерце.
Есць сіла, што нітуе
Свет, горам дратаваны».
...Няма каму сказаць мне:
«Каханы, мой каханы!»
Сказала: «Лепей саматой».
Не лепш.
Сказала: «Так прасцей».
Куды як проста!..
І хлеб, з табой не дзелены, —
Не хлеб.
І шлях —
Абраны быццам не па росту.
Гайдаў Сусвет.
Упёрлася ў куток.
Лячыў парыў.
Прыгорбіла натома.
Як ні рыхтуй сябе загодзь —
Ніхто
Не можа да самоты быць гатовы.
А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну
Адлегласць —
На працягнутую руку.
Даверліва ўсміхнуцца.
Працягнуць.
І збаўлены ад адзіноты мукі.
Звычайны рух.
Магутней, і глыбей,
І справядлівей той касмічнай прорвы,
Якая
Адрачэннем ад цябе
Лядзяна зеўрае;
«Не руш,
Не роўня».
Чым далей ад паверхні мы зямлі,
Тым даступней нам яе глыбіні.
Імя тваё мне
Не перабаліць.
Ніколі.
Знаю.
Быў і ёсць.
Любімы.
Я змучыла цябе. I гэта праўда.
Як праўда тое, што каханы ты.
I што хранічны страх за нас — не наўда
Так закамплексаванай прастаты.
Я змучыла цябе. Не даравання,
А кары з любых рук тваіх прашу.
Хоць што яшчэ страшней за катаванне
Агнём, якім сама сябе душу?..
Ды кара твая падае!.. Упала! —
Мой горкі, адхінаешся ў журбе...
Такога пекла сэрца шчэ не знала...
Ці вернешся?.. У ножанькі б упала...
Ці вернешся?.. Я змучыла цябе...
Нашто мне гэты дзень —
Без цябе?
Сінічка за акном —
Без цябе?
I сонечная плынь —
Без цябе?
I гурт людскі нашто —
Без цябе?
Травінка кволая —
I тая не ўзрастае
Дзеля самой сябе.
Нашто мне гэты дзень —
Пустыня?
Шэра і золка.
Вось мы і падсочаны
Вокам разлукі,
Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся
Нашыя рукі.
Не гавару табе:
«Усё будзе добра».
Добра не будзе.
Можа, тады хіба толькі, як з памяці
Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць
Хлебная луста.
...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га...
Ціха і пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці
Нешта адзначыць:
...лівень святла...
звонкі голас шчаслівы...
Сненне, няйначай.
Пачуцця твайго крыўдзіць не буду.
Пагукаеш — я голас падам.
Але ўжо не чакаціму цуду,
Не паверу ў прыдуманы храм.
Не змагу я адпрэчыць парыўнасць.
Прыхінешся — к табе прыпаду
I, як некалі, самазабыўна
Растваруся ў табе, прападу.
Але болей ужо не пытайся,
Ці кахаю цябе, як раней,
Супакою майму не здзіўляйся:
Ціха-ціха на дне.
Читать дальше