За горкай на санцапёку пад бэзам сядзелі жанчыны. Прывітаўшыся, я асцярожна спытаў пра Соньку.
— Яе дом за рэчкай! — паказала жанчына ў белай хусцінцы.— Унь той, незашклёны шчэ, пакрыты дахоўкай!
— Наўрад ці дома застанеце, яна — у дачкі! — дадала другая.
Ад сэрца адлягло.
Тым часам бабы адна перад адной мяне інфармавалі: .
— Невядома толькі ў каторай. У Софіі іх — па ўсім свеце!
— Напэўна, у старэйшай, каторая за марачком. Гэты зяць у турме сядзіць. Сонька дапамагае гадаваць дзяцей без бацькі. Мараку, кажуць, шчэ год застаўся!
— Падумайце, маці родная знайшлася, а яму — марынуйся ў астрозе!..
— Шкада, Палагеі не ўваскрэсіш ужэ!.. Выходзіць, артыстка тут была.
— А за што марак трапіў у турму? — насцярожыўся я.
— Гарэлка нарабіла! Выпілі і пабіліся вечарам! Цяпер за гэта судзяць моцна!
На загарэлых тварах цётак прабівалася цікавасць. Ім аж не цярпелася ведаць, чаго ад Сонькі хачу, таму ўсе былі гатовыя мне дапамагчы.
— Скажыце, калі ласка, Палагея Казлоўская, якую павесілі немцы, як тады дзіця знайшла?
— Бо надта хацела мець малое. У першыя дні вайны бабы беглі да шашы па дабро, а там яго валялася — хоць набірай вазамі. Паляцела з бабамі і Казлоўская. Хто прасціню ці якую падушку хапаў, а яна — дзіця. Ну, і стала гадаваць. На пялюшках было вышыта імя, яна і не мяняла яго. Праз два гады ранены Сібірак лячыўся ў яе сястры, Марусі, і немцы штосьці пранюхалі ды прыехалі з вобыскам. Сібірака злавілі ўжо на полі, а ў сенніку знайшлі яго сцяг. Маруся мела трое дзяцей, таму Палагея віну ўзяла на сябе, толькі папрасіла заапекавацца сіратой...
— А як жа маці малога?
— Што артыстка шукала сына, ніхто і не чуў. Пра знаход-ку мала хто і ведаў, бо Казлоўская не надта хвалілася. Такіх маленькіх іншы бобік браў за ножкі і — аб вушак галоўкай!
— Мо захавалася ў вас у каго фатаграфія Палагеі?
Бабкі хвіліну напружана моршчылі пад хусцінкамі загарэлыя лбы.
— Наўрад ці знойдзеце іх нават у бацькоў!
— Хто калісь ведаў тыя картачкі, гэта — цяпер!..
— Сваякі, калі хочуць растлумачыць каму, як выглядала Палагея, прыводзяць Марусіну ўнучку:
«Во, такія валасы ў яе былі!..»
— Яе пляменнік, Міша, трактар водзіць. Калі жартам падвяжа хустку, падапрэ кулаком шчаку — вылітая Палагея!
Нічога сабе партрэт.
Зайшоў я да старых. Яны амаль не змяніліся, мелі на сабе нават тыя самыя безрукаўкі з чорнага сукна. Толькі старыя сталі больш даверлівыя — атрымліваюць ад калгаса пенсію. Пра падпольныя справы дачок у вайну не ведалі нічога. Не мелі, вядома, і фота Палагеі.
— Пры Польшчы фатаграфавацца надта дорага каштавала! — растлумачыў стары.
4.
Соньку знайшлі мы праз гадзіну за дваццаць пяць кіламетраў ад Вількаўшчыны, у старэйшай дачкі, якая некалі хварэла туберкулёзам — яна і была за «марачком» замужам.
Бабе гады дарма не прайшлі. Яе толькі што выпісалі з бальніцы пасля аперацыі зоба. Твар у жанчыны выразна пастарэў, і ўся яна змянілася. Сонька выйшла да мяне ў тоўстым байкавым халаце — падарунку сванькі-артысткі. Хацела яна быць вясёлай ды бадзёрай, але гэта ў яе не атрымлівалася. Пазнала мяне адразу.
— У гэтай — двое, васьмігадовы хлопчык і дзяўчынка пяці годзікаў. Другая дачка замужам за трактарыстам, у яе трое. Трэцяя — выйшла замуж за гарадскога, паехала на цаліну. Старэйшы сын адслужыў армію, застаўся на Урале, забраў і брата. Пры мне самы меншы. Яму — 15, ходзіць у школу. Не ведаю, мо зноў не пяройдзе ў сёмы, бо не хоча, падла, вучыцца. Адпусціла зараз на вяселле сватам...
— А — школа?! — жахнуўся я, успамінаючы сцэнку каля фотаатэлье.— Канец жа вучэбнага года!
— Усе так ездзяць, хіба ён горшы? Усё роўна ў шостым другі год сядзіць і вучыцелька збіраецца пакінуць на трэці. Будзе мець хоць што ўспомніць!
— Дом чаму не канчаеце?
— Навошта. Апошні сын хутка пойдзе ў свет, а я пры ўнуках. Гэтай дачцэ яшчэ дапамагаць цэлы год, покуль мужа выпусцяць...
— Артыстку пазналі?
— Адразу! — чакала гэтага пытання Сонька. З крыўдай, якая ў яе таілася праз дваццаць пяць гадоў, з жаночай зайздрасці, яна помсліва кінула: — Нябось, калісь брыдзілася ў нас нават абедаць, а цяпер і сваячніца стала, во! З немцамі абедаць не брыдзілася, а з намі — шчэ як! А тут — на табе, маеш!
I на самай справе — на фоне зробленага гэтай малапісьменнай сялянкай-патрыёткай Белая выглядала такой сабе звычайнай мяшчаначкай, якую водаварот вайны ўцягнуў у сваю вірлівую стрыміну. Артыстка са сваім становішчам, выхаваннем ды магчымасцямі не прыдумала нічога лепшага, як «спяваць у час пажару» сярод руін і агульнага гора ды прыкідвацца, што не бачыць падполля. Вось чаму я быў да яе ўвесь час так насцярожаны.
Читать дальше