Ах, які маладзенькі унь і ўжэ курыць!.. Што з цябе будзе, дурачок?!. Табе шчэ малачко піць, а ты ўжэ гэтую заразу смокчаш!..
А тая унь з белым сабачкам выйшла! Такой бабе само дзяцей раджаць ды народ імі цешыць, а яна — смярдзючаго цюцьку на павадок ды цванцыкуе з ім па вуліцы. Цьфу, каб ты раганула, каб ты!..
Ат, Нюшка, адна нашая радасць — унукі. Але ж і з імі таксамо, скажу табе шчыро, вухо трымай востро — о-ох, трыма-ай! Ты адно паслухай.
Вяду ўчора сваго верталёта з заапарка, а ён: «Баба, а хто з тых звяроў цігрэйшы — леў ці тыгр?.. Тата казаў — усе людзі парабіліся з малпаў. I ты была калісьці малпай?.. Даўно-о?.. I па дрэвах лазіла?.. Высоко?.. Раскажы, ба-ба-а!.. А з тых малпачак, што мы цукеркамі кармілі, дзяўчынкі паробяцца ці хлопчыкі?»
Не паспяваю і слова вымавіць, а ён усё сыпле: «Баба, звер з вешалкай на галаве — алень? А сланы перад вайной мамантамі называліса, праўда?»
От табе і малое!
Далей іду ды думаю — як жа табе, унучак, адказаць? Пра тыграў, аленяў і малпаў — дальбух ніц не ведаю. А сланы, здаецца, і даўней былі. Гэто пра мамантаў, Ганна, у нас на вёсцы ніхто не чуў! Але адкажы так, а яно перапытае ў бацькі, і зяць, калі, барані бог, няпраўда, шчэ будзе рагатаць з дурной вясковай бабы! Пасмяецца, вядомо, не са зла, ды ўсяроўно гадко, калі маладыя з цябе зубы скаляць. Бы ў той паліклініцы.
Зайшла ўчора туды, а там — давай мне з пальца кроў браць. Я сястры тлумачу: «Што ты, мілая, у палец колеш, што ты там угледзіш — у мяне ж во тутака ўсё нутро баліць, бо прагніло, бы ў старым цілівізары! Вундзека мой скрылёз, вундзека і маё ўдаўленне, а ты куды сваю тупую голку сунеш?»
I што ты думаеш? Надто смешно ёй стало, пагляньце. Волесь мой такую пстрычку абрэзаў бы файно.
Калі шчэ жыў, завяла яго туды з хворым каленам. Дохтар трапіў малады, а ўжэ чыпурысты — куды там! Тое калено памацаў, памацаў дый кажа: «Вам, папаша, восемдзесят гадоў, нічого тут не дапаможаш».
Мой чалавек як зазлуе, як закіпіць: «Мае гады лічыш? Тваё дзело — лячыць, на тое цябе вучылі! Спраўны такі! I гэтаму калену восемдзесят, а яно ж не баліць?!.»
У таго дохтара ўсю фанабэрыю — як рукой зняло!
I перад сястрой мяне Волесь адстояў бы, а зара — каму заступіцца?
Кане-ешне, грэх цяпер, Гандзечко, што і казаць. Ісцяны бог, усянютко е — і смачная ежа, і файная вопратка, і часу даволі... Жызня добрая пайшла, каб хоць не было толькі чортавай вайны!.. А якія цяпер шыкарныя кватэры — шчэ нават з гарачай вадой! Дахтары бясплатныя, авер'янка ці іншае лякарство за капейкі!.. Унь, каторы год мы з табой, Ань, нідзе не робім, а паштарка, бы тым паням, кажнюткі месяц пераводы нам прэ — дзе і хто чуў такое калісь?!. Маем велькую радасць і ад дзяцей, не трэ надрывацца да сёмаго поту, ногі твае заўсёды ў цяпле... Але ж — о-о, як і цяжко стало жыць старому чалавеку! Часамі сходзіш во, як дзісь, да цэрквы, надыхаешса даўнейшым, усенькаго наўспамінаеш, адпачнеш душой... Заадно наслухаешса — тая памерла і яе на новых могліцах пахавалі, а тую шчэ на старых...
Не-е, я свайго зяця ўпрасіла, каб мяне хаваў на вёсцы. I не таму, што на могліцы тут бацюшку не надто водзяць — мы з табой і калісь яго не вельмі цярпелі, за што старыя людзі абзывалі нас бязбожніцамі. Тое бяды, што ў горадзе не надто і адпяваюць. Але ж паду-умаць толькі, тут нават магілы капаюць не рыдлёўкамі, а гэтым... эскалбат... скалуват... аскулат... а-а, каб на яго ліхо! — кантэйнерамі! Шчэ бянзінам смярдзець потым будзе!
Ты-ы, Аню-ута, паслу-ухай — цяпер нават ямы лянуюцца лапатай заваліць! Дальбух, сама бачыла, калі віленскую Зінку хавалі! Падганяюць ужэ таго... а-ай, як бо тое страшыдло называецца... бульба... во, бульвазёра! I тады ўжэ ён такім жалезным казырком суне на чалавека гліняныя груды з дратамі, бутэлькамі ды ражнамі — от велькі мне інтэрас тут ляжаць!..
А-аей, Нюрачко, а што гэто за аўтобус там паказаўсо?.. Рыхтачкі, бы наш?!. Ага, на-аш, яшчэ здалёк я пазнала!.. Давай, дзеўка, залазь! Э-э-э, старая недалэнга з кіёчкам, і куды ты прэшса?!. У пярэднія, у пярэ-эднія хутчэй карабкайса, бо тут унь якой сняной ужэ студзенты збіліса — хібо ж ты прадзярэшса праз іхнія куфэркі?!.
1.
Не памятаю, каб дзядзька Юравец хоць адзін раз павітаўся з кім-небудзь. Маўклівы і панылы сноўдаўся цэлы дзень на падворку і ў полі, бы сонная муха, а вечарам завальваўся спаць. На сходкі ці гутаркі з суседзямі не выходзіў. Без жончынага пануквання не раскалоў, мабыць, для хаты і палена дроў, не нарэзаў карове сечкі. А перлі паны на шарварак[ 21 21 Бясплатная павіннасць па ўпарадкаванні дарог у былой Заходняй Беларусі.
] ці паліцыянты загадвалі везці іх у гміну[ 22 22 Адміністрацыйная адзінка (польск.)
], дзядзька з той жа панылай абыякавасцю запрагаў каня ды адпраўляўся на паншчыну.
Читать дальше