Пасля першай гутаркі з чалавекам, бывае, я ўжо цвёрда ведаю: пайшоў бы з ім «у разведку» ці не. Як правіла, у такім чалавеку потым не памыляўся. Бо, як кажуць, разгадаў яго інтуітыўна, а гэта нічога агульнага не мае з містыкай. Прырода з'явы — з чыста матэрыяльнай асновай.
Мне ніхто ніколі не гаварыў, каб я, узбіраючыся на конскі хрыбет, не садзіўся блізка ад крупа. Адно дарослым зразумеў — бярог каня, каб не зламаць яму хрыбет.
Калі выступае лектар, а мне хочацца кашлянуць, я абавязкова пачакаю, калі чалавек скончыць фразу, і толькі тады дазволю сабе падаць гук.
I гэтаму мяне ніхто не вучыў. Усё — ад жыццёвага вопыту на шматлікіх прыкладах (хоць існуе вялікая катэгорыя людзей, у якіх гэты вопыт чамусьці не пакідае ніякага следу, і ацэнкі людзям ды з'я-вам у іх, з майго пункту гледжання, бываюць заўсёды крыху дзіўныя).
Па-мойму, жыццёвы вопыт паступова і перарастае ў чалавеку ў інстынкт, г. зн. у такі стан, калі ты з часам набываеш (нават сам не заўважаючы) здольнасць па ледзь прыкметных дэталях бачыць з'яву глыбей, у яе развіцці, сюжэце, даваць правільную ацэнку, рабіць вывады ды адпаведна сябе паводзіць.
Не ўяўляю сабе празаіка з бедным жыццёвым вопытам ды беднай інтуіцыяй.
«Далі мне весці курс у завочнікаў. Чытаю ў іх лекцыю на тэму: «Уплыў выхавання, наследнасці ды асяроддзя на фарміраванне асобы». Стараюся давесці, што наследнасць — не самае галоўнае і вельмі памыляюцца педагогі, якія на кожным кроку сцвярджаюць: «Гарбатага — магіла выпраміць».
Тут — глядзь! — перада мной сядзіць гарбаценькая завочніца. Студэнтка зразумела, пра што я падумала, уся ўціснулася ў лаўку ды пачырванела да вушэй. Зрабілася няёмка, хоць ты праваліся скрозь зямлю.
На шчасце, прагучаў званок.
Прыйшла я ў прафесарскую ды не магу знайсці сабе месца. Давялося вярнуцца на курс і пашукаць старасту. Ім аказаўся мажны мужчына з нейкімі непрыемнымі рысамі твару, але я да яго яшчэ не паспела добра прыгледзецца.
— Стараста, ой, вы ведаеце, я так перажываю за свой ляпсус! — скарджуся.— Як мне няёмка, каб вы толькі ведалі!.. Такое бухнуць на лекцыі!..
— Не перажывайце, Іна Анатольеўна,— супакойвае мужчына.— Я даўно ўжо да гэтага прызвычаіўся!
Пры чым тут ён, што ён вярзе?! Тым часам мужчына апавядае далей:
— Я з Княжаводцаў. Мабыць, чулі такую вёску, расстраляную немцамі? Перад вайной разбіў губу, і мне наклалі швы. Калі ў сорак першым наступалі немцы, усіх вяскоўцаў з нашага сяла павялі за нешта на расстрэл. Мяне несла маці — я меў тады паўтара года.
Мама на хвіліну вырвалася ад немцаў і адкінула мяне ў кусты, каб хоць уратаваць наследніка. Падабралі мяне потым зусім чужыя людзі, прыгрэлі, але швы тады разышліся, і вось...
Я насцярожана прыглядаюся да старасты.
Бо-ожа, у завочніка — дзве верхнія губы!»
1.
Анатоль Мамонаў — намеснік начальніка аддзела ЦЭЦ-2 і яго жонка Зіна — інспектар з «Магнітолы» — у аўторак вечарам вярнуліся з работы ды не засталі дачкі. Іна была ў іх адзіным дзіцем, дашкольніцай хварэла, ледзьве выхадзілі,— малую абое вельмі бераглі. Заклапочаны бацька кінуўся адразу на двор.
Неўзабаве Анатоль прынёс вестку, бытта суседка бачыла Іну з санкамі. Маці гэта не супакоіла. Чаму ж тады няма партфеля? Не магла ж малая браць з вестыбюля санкі, не пакінуўшы кніжак.
Да школы — больш кіламетра. На дварэ цямнела, трашчаў люты мароз і намяло па пояс снегу. Анатоль з Зінай неўзабаве ўстрывожыліся па-сапраўднаму. Мо настаўніца пакінула Іну зноў клас прыбіраць?
Бацька памчаў у школу і даведаўся — вучні пакінулі класы своечасова. Пасля званка дачка заглянула ў буфет, купіла коржык, булачку і з сяброўкамі ішла аж да гарадской бальніцы, дзе яны, як заўсёды, разышліся хто куды...
Праз пару гадзін Мамонавым на падмогу падключылася ўжо міліцыя. У гарадскім аддзяленні запісалі Ініны прыкметы. Стварылі пошукавыя групы. Аб здарэнні паведамілі па рацыі пастам. Міліцыянеры з сабакамі на матацыклах памчалі неўзабаве на Пярэсялку, Палясціну, Фарты Першыя, Фарты Другія...
Бацька абзваніў бальніцы, «Хуткую дапамогу». Аблазіў паркі, вакзалы і закамаркі горада, забег нават на Пышкі. У міліцыю заглядваў у тры гадзіны ночы, у пяць і ў сем раніцы.
Загарнуўшы ў цёплую хустку гарачых бліноў, кінуўшы ў сумку тэрмас з чаем, спрабавала не адстаць ад мужа і Зіна. Маці сябе цешыла, што Іну днём абавязкова прывядзе хто—небудзь у школу. Да полудня не спраўдзілася і гэтая надзея — жанчына, ні жывая ні мёртвая, звалілася дома на паркет. Калі ўчастковы прыйшоў па фатаграфію, кабеціна ледзь знайшла ў сабе сілы падняцца.
Читать дальше