— Што ты заладзіла — адно і адно! Ідзі да д'ябла са сваёй студэнткай!
— Не буду, Янэчку! — пачала яна лашчыцца.— Толькі не сярдуй. Ты — адзіны чалавек, з якім мне так хораша!
Мне зрабілася яе шкада, я размяк і зноў забыў пра сваю тугу, пра ўсё на свеце.
Назаўтра Дануся з'явілася з кавалачкам аптэкарскага пластыру на шчацэ.
— Вязальнай спіцай укалолася,— паясніла яна.
Лапінка адстала, і я заўважыў кропку, выпечаную ляпісам.
— Не глядзі!— пачырванела яна і прыціснула пальцам пластыр.
Мяне гэта кранула. Зноў зрабілася яе шкада. Агарнула такое жаданне схапіць паненку на рукі і пацалаваць, што гэта нават яна адчула. Хутка закрыла падручнік і насцярожылася. Ад чыстых і спалоханых яе вачэй я сумеўся. Толькі нязграбна ўзяў яе касу і, як у нас на вёсцы хлопцы з-за самалюбства прыкрываюць сваю чуллі-васць грубасцю, праказаў:
— Эк, хвост... Бабскія фокусы...
Дануся пакрыўдзілася, адабрала касу і закінула на плячо.
Наогул я часта заўважаў, што грубыя і часамі дурныя мае вы-хадкі надта яе абражаюць, але дзяўчыну цягнула да мяне нейкая сіла, якой паненка, відаць, не магла даць рады. I Дануся з яшчэ большым імкненнем спяшалася на спатканне ды старалася дагадзіць мне.
Так здарылася і на гэты раз. У паступны дзень яна прыйшла ў хусцінцы і спыталася:
— Нічога не заўважаеш?!. Не?!.
— Абсалютна! — здзівіўся я.— А што?
— Тады пачакай тут, а я зайду на гару першая.
У гэты дзень я наогул мала бачыў з таго, што рабілася навокал. Калі я ўзабраўся на гару, Дануся была ўжо без хусцінкі.
— Ну, а цяпер? — спыталася яна зноў.
Нібы іншай канфігурацыі твар?.. Не, мабыць, мне так здаецца.
— А ў чым справа, вытлумач!..
— Па-твойму, сёння я такая самая, якая была ўчора? Толькі цяпер я спахапіўся, што ў яе не было кос. Валасы Данусі былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія ці карэйскія дзяўчаты.
— Я іх спецыяльна... Яны табе не падабаліся...
— Выдумала нешта!..— адвярнуўся я, нездаволены. Яна пакрыўдзілася зноў. Крыўда была ціхая, бяссільная. Дануся пайшла на край гары, села, апусціла галаву і заплакала.
— Слёзка мая...— вырвалася ў мяне, калі я яе прытуліў да грудзей.
Дануся захлябнулася ад шчасця:
— Як ты сказаў? Скажы яшчэ раз!
Я паўтарыў.
— О-ох, як мне добра! — выдыхнула яна з набалелай асалодай.— Толькі цяпер бачу, які ты да мяне нераўнадушны!.. Ты сваёй грубасцю прыкрываеш пачуцці, праўда? Чым ты грубей са мной, тым больш...
— Так у нас на вёсцы...
— А ты кінь дзеравеншчыну!.. Выкінь яе, добра?.. Я нічога кепскага не думаю пра вёску, але ты не будзь такім!..
— Я і сам бачу, часамі раблю ці гавару не тое, што трэ... А ты разумная, Дана!.. I дзіўна падобная на маю маму! — упершыню я гэта заўважыў і далонню адгарнуў навісшыя ў яе валасы.
— Праўда? — узрадавалася яна.
— Лоб — дакладна як у маёй мамы, сур'ёзна!..
— А ты, Янку, як глыба!.. О-ей, як я цябе такога люблю!.. Скажы, мая прычоска табе падабаецца?
— Ужо адно таму, што яна твая!
— Гэткую насілі ўсе рэваліоцыянеркі! I Эмілія Плятэр. I Марыя Канапніцкая. I пані Пілсудская, калі яе муж быў у Сібіры... Нават твая Вольга носіць такую!
— Ну-у?!.— здзівіўся я.
— А ты, дурненькі, і не заўважыў?!.
— Калі ўсе рэвалюцыянеркі пачнуць аднолькава падстрыгацца, лёгка будзе дэфензіве працаваць!
— Вядома, і тут ты свой практыцызм прымяніў!.. Што з табой сёння?.. Ты ўсё нешта ўтойваеш ад мяне, нібы не давяраеш!..
— Дапуся,— пачаў я апраўдвацца,— зразумей, ёсць такія справы, пра якія я не маю права гаварыць!
— Не верыш мне? Так? Не верыш?.. Няўдзячны! — расплакала-ся яна па-сапраўднаму.
Я пачаў паненку суцяшаць. Дарэмна! Скрозь слёзы яна цвярдзіла:
— Я хачу пра цябе ўсё-ўсё ведаць! Клянуся памяццю мамусі, нікому не скажу!
— Не мялі глупстваў, перастань, я ж табе веру, адкуль ты ўзяла!..
Што яна нікому не скажа, я быў упэўнены. Калі так, чаму ж не адкрыць ёй таямніцу? Хіба канспірацыя існуе для канснірацыі? Яна ж нават рэвальвер дала, не пабаялася!
«Вялікае геройства — узяць з дому і падарыць татаву цацку! — гаварыла ва мне развага.— За рэвальвер дачку генерала не пасадзяць!..»
7
Аднак таямніцу ёй усё ж такі адкрыў.
У той час урад меў шмат клопату са студэнцкай дэмакратычнай арганізацыяй. Кіраваў ёю аўтарытэтны Юзэф Шус. Не прыдумаўшы нічога лепшага, дэфензіва нанесла арганізацыі ўдар метадам царскай ахранкі. Сышчыкі падпільнавалі Шуса на вуліцы, упіхнулі ў машыну, завезлі за горад і падстроілі так, бытта студэнт сам павесіўся. Да мяне на кватэру прыходзілі раніцой Яцкевіч з нейкім чалавекам: і прапана-валі з'явіцца ноччу ў гарадскі парк, там мелася нешта адбыцца.
Читать дальше