Ніхто ёй не адказаў.
Я за ім сачыў незалежнымі вачыма. Любецкі зрабіўся вартым жалю. Усё выглядала так, бытта тут стаяў настаўнік, якога вучань Браніслаў вельмі баіцца. Ён перайшоў амаль на шэпт:
— Панно Данко, вас можна на хвілінку?
— Калі ласка!— пераглянулася яна з Бэтай.— Прабачце, пане Янэк!
Я не паспеў адказаць: рэакцыя ў маёй галаве праходзіла замаруджана, усё адбывалася нібы ў сне.
Браніслаў павёў паненку ўбок, але Дануся весці сябе далёка не дазволіла.
— У тэатр, як дамовіліся?
— Вядома!— капрызна паціснула яна плечыкамі і вярнулася да нас.
— Бывайце! Мяне на Антаколі чакаюць нашы карпаранты!
— Калі ласка, клічце і іх сюды!
— Яны нешта арганізуюць!.. Прыемнай забавы! — кінуў ён, стараючыся не сустрэцца з маімі вачыма, і пайшоў.
Брэшаш, ніхто цябе не чакае. Заела самалюбства. З ахвотай ты пабыў бы тут, каб не я.
Мы трое глядзелі яму ўслед. Браніслаў нехлямяжа крочыў у чор-ных лакірках, прыпаднімаючы калашыны і выбіраючы месца, куды паставіць нагу, каб не надта запыліць абутак. Дануся з Бэтай не вытрымалі і пырснулі. А ў мяне бытта зняў хто з сэрца вялізны цяжар.
Не вельмі мяне кранула, калі пад вечар я ўбачыў, як Браніслаў выходзіў з генеральскага дома і вёў Данусю.
2
Міналі лепшыя нашы дні.
Дапуся пасля абеду з падручнікамі спяшалася да мяне, а дома гаварыла, што ідзе да сяброўкі.
Мы вельмі адно аднаго дапаўнялі і ў той жа час не разумелі адно другога.
Аднойчы, напрыклад, яна шчыра рассмяялася з мяне, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Якраз у гэтую хвіліну, асцярожна абыходзячы дубцы, наста-віўшы клінам свіную мысачку, праклыпаў ля нас вожык. Калі ж я сказаў, што вожык зімой спіць у трухлявым пні, сівее ад старасці, лю-біць лізаць расу і вельмі храпе ў сне, Дануся паглядзела на мяне ўжо з павагай.
— Чаму ў цябе ў адным чаравіку падэшва дзіравая, а ў другім — цэлая? — выбухнула яна смехам зноў.
— Бо на левай абутак заўсёды хутчэй рвецца, нават — у цябе.
— На правай!
— Якраз наадварот.
— Та-ак?..
Усё гэта ёй было так цікава, што яна не знаходзіла слоў, каб выказаць здзіўленне.
У адзін пагожы дзень выбраліся мы за горад. Па дарозе Дануся пачала расказваць аб сваёй паездцы за граніцу. Яна бачыла там такое, пра што я чытаў толькі ў кніжках.
— Паехалі мы першы раз у Германію з паняй ваяводавай. У Дрэздэне зайшлі ў карцінную галерэю. Пані Бацянская падышла да адной карціны і расчаравана закрычала: «Дык такая ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — «Тут арыгінал!» — тлумачу ёй. «Варта было толькі з-за гэтага ехаць тысячу кіламетраў?!» Адтуль адправіліся на мора...
— Раскажы пра яго!
— Ты яшчэ ніколі не бачыў?! — здзівілася паненка, калі мы крочылі палявой дарогай.
— Дзе ж я мог бачыць?!
— Слухай тады. Пад'язджаем да Трыеста, і мамуся кажа: «Гля-дзі, мора!» Зірнула я праз акно — ніякага мора! Толькі чамусьці па небе плавае бервяно, а над небам высяцца спічастыя хмары. Калі добра прыгледзелася, ажно гэта не хмары, а — горы са снегам і ніякае не неба, а вада, і па ёй плавае не бервяно, а — лодка з чалавекам!
Яшчэ мінулай восенню, калі не знаходзіў сабе месца ў Вільні, я аблюбаваў за горадам азярко. Цяпер прывёў да яго Данусю.
У апошнія дні моцна прыпякала сонца, азярко высахла і нагадвала вялікую лужыну, якая густа зарасла травамі, трысцём і аерам. Дануся падбегла да берага і анямела.
Дзіва! Чым тут захапляцца? Усё звычайнае, як ля маёй вёскі.
Пахнуў разапрэлы сітнік, і над ім трашчалі крыльцамі з сухога цэлафану конікі. На супрацьлеглым баку азярка пад кустом спаў пастух. Яго каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Здавалася, прырода — нібы гэтыя каровы — растлусцела, аблянілася, млее ад раскошы і ні аб чым не хоча ведаць. Успомніліся доўгія нудныя дні, калі я з торбачкай цераз плячо гэтак цэлыя дні, тыдні, месяцы праводзіў са статкам, кожны раз не могучы дачакацца, калі настане той вечар.
— А чаго яны забраліся ў ваду, Янэк? — спыталася Дануся.
— Каб малако не скісла ў вымі.
— А-а...— прыняла мой жарт за праўду. Божа, да чаго ж яшчэ дзіця.
— А хвастамі чаму махаюць, сказаць?
— ?..
— Хвасты ў іх для таго, для чаго пані Бацянскай служыць веер на балу. А смятана адкуль бярэцца, ведаеш? У каровы з вымені зві-саюць унь, бачыш, чатыры такія штучкі з кранікамі. Адзін адкруціш — сырадой пацячэ, другі — смятана, трэці — масла стане капаць...
Читать дальше