— Спазніўся, наспяваліся!
— Давайце зноў, я ішоў падцягваць!
— Нічога не атрымаецца, семак панаядаліся, і пяршыць у горле!
— От бяда! — паспачуваў жартаўнік, падлабуньваючыся да крайняй дзяўчыны.
— А няўжо ж, бяда! Не падлазь, а то ў ваду піхну!.. Уй, чаму ты не паголішся!
— Бо няма грошай. От не зачапі, яшчэ і брыкаецца!.. Эх, несвядомы ты, Люська, элемент, хоць і вельмі вучоная, атрымліваеш павышаную стыпендыю і носіш акуляры!
— Вучоная!
— От, каб была яшчэ і добранькая-а!
— То што?
— То дала б трыццаць капеек!
— I што?
— I я пайшоў бы, пагаліўся б!
— I што?
— I пацалаваў бы цябе!
Узняўся смех, шум. Замільгалі загарэлыя рукі, узляцелі фантаны пырскаў і заблішчалі на сонцы жывым серабром.
— У мяне ёсць пяць капеек,— азвалася дзяўчына, калі ўсе супакоіліся.
— А ў мяне сем!..
Сабраўшы патрэбную суму, адправілі жартаўніка ў цырульню. Потым засумавалі.
— Бр-р-р, мне холадна! — азвалася адна ўстаючы.— Мая, ты ўжо можаш абуцца?
— Паспрабую...
— Хутчэй!
— А куды цяпер пойдзеш, яшчэ рана! — уздыхнуўшы, разважыла другая.
— Во, дзяўчаткі, ідэя! — закрычала трэцяя, таксама ўзнімаючыся.— Давайце паходзім па кандытарскіх магазінах!
— Няма грошай.
— Проста так паходзім, для цікавасці. Паглядзім, якія ёсць новыя цукеркі!
— Эўрыка!
— Я і старых не бачыла, цэлы год не вылазіла з інтэрната!
— Хадзем! Ён вернецца, а наш і след прастыў!
— Піхайце сшыткі мне ў чамадан і айда!
Нібы чародка шпакоў, дзяўчаты ўзняліся з каменя, і ўраз іх не стала.
У гэтай бяздумнай бадзёрасці сучаснай моладзі і светлым аптымізме было нешта новае, народжанае эпохай. Калісьці хлопцы і дзяўчаты былі больш замкнутыя, насцярожаныя.
I ў той жа час у іхніх паводзінах я знайшоў нешта такое, што радніла іх са мной і Данутай.
Я падумаў аб дзяўчатах: «I маеце да каго заляцацца! Гэта ж яшчэ мамін сынок...» Як на злосць, ніводная з іх на мяне і вокам не павяла, нібы мяне тут і не было!..
Я ўздыхнуў. Зрабілася сумна. Нічога не зробіш, маё юнацтва прайшло. А ўсё ж такі цікава пабудавана жыццё! Яго, нібы бясконцую эстафету, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Што ж, мы сваю эстафету не так ужо і дрэнна неслі...
Калі на камені нікога не стала, я накіраваўся ў горад. Адчуваў цяпер сябе няёмка — будні дзень, а я блукаю тут, як валацуга, падглядваю за маладымі, быццам сам не быў такі.
Вельмі не люблю хадзіць па магазінах. Стася наказвала нешта купіць. Заглянуў у адзін, другі: ля прылаўкаў тоўпіліся людзі. Не штурхацца ж і мне тут?!. Быццам у нашым Гродне не тое самае?.. А чаго маім хлопцам не хапае? Жанчын толькі слухай!..
I я накіраваўся на ўскраіну, дзе некалі жыла цётка Антося.
4
Па дарозе да былой служанкі я ўбачыў бабульку. Яна пасвіла коз. Бабулька сядзела на сонечным баку гары і высушанымі, як курыныя лапы, рукамі перабірала чорныя гарошыны ружанца. Старая каза з падвязаным вымем спакойна пасвілася ля тратуара, а маладая — паставіла пярэднія ногі на дрэўца ды зграбна, як гэта могуць рабіць толькі козы, аб'ядала лісточкі.
— А ну, артыстка, пайшла! — шпурнуў я ў яе каменьчыкам.
Бабулька вінавата падхапілася і з залішне клапатлівай старэчай паспешнасцю пагналася за шкодніцай, нібы рабіць расправу.
Божа мілы!
Толькі цяпер я пазнаў у гэтай дачасна пастарэлай кабеціне цётку Антосю!
— Ідзіце да майго дома, зараз туды прыйду і я! — калі мы павіталіся, сказала старая, трымаючыся як мага далей, каб я не разгледзеў яе трантаў.
Нельга было паверыць, што гэтая сухая бабуля ў падраным і нейкім іржавым, нібы кальчуга з музея Луцэвіча, світэры — разважлівая і некалі цвёрдая характарам цётка Антося. Сэрца маё сціснулася ад жалю.
Давялося вярнуцца ў магазін за падарункамі.
Праз гадзіну я знайшоў панадворак цёткі. Крапіва, старая салома, іржавае жалеззе — ногі можна паламаць!
Старая ўжо мітусілася дома. У хаце поўна катоў. Чорныя і шэрыя, малыя і вялікія, чыстыя і брудныя, гладкія і струпастыя — яны ўсюды лазілі, горда задраўшы хвасты, пацягваліся, выпускаючы кіпцюры, пазяхалі ружовеыькімі роцікамі або ў незалежных позах афрыканскіх львоў ляжалі на зашмальцаваных падушках, на падлозе, табурэтках, нават на стале і ложку. Паветра было цяжкае.
— Што гэта ў вас, цётка Антося?! — асцярожна, каб не наступіць на каторага звера, здзівіўся я, прабіраючыся ў пакой.
— Мае дзеткі...— сарамліва і вінавата адказала старая, не паднімаючы вачэй.
— Навошта ж яны вам?
— Падабрала, бедных, на вуліцы... Калі ж адной так жыць вельмі сумна!
Читать дальше