— У вайну тут, кажуць, нямецкія салдаты жылі, дровы калолі ў пакоі, ленаваліся вынесці на двор нават...
— От бадзягі!..
Навошта засмучаць яе светлую, нібы сонца, душу цяжкімі ўспамінамі? Я развітаўся і пайшоў.
2
Ідучы па Вільнюсе ад генералавага дома, падумаў сабе: і да чаго ж усё на свеце не вечнае! Здаецца, толькі ўчора тут лазіў, нечага хацеў, кудысьці імкнуўся, змагаўся, а як гэта было ўжо даўно?!
На вежы Гедыміна ветрык гуляў вялізным чырвоным палотнішчам. Сцяг гэты нібы лунаў над горадам.
На Зарэчн, ля моста – помнік. Той самы, польскаму хлопчыку Мечыславу Додзіку, які ўтануў, ратуючы яўрэйскага – Хацкеля Харцмеца. Зімой 1943 года каля яго праходзіў і не заўважыў. Мабыць, мне засланілі ўсё падзеі, а помнік і тады сабе стаяў, як сімвал неўміручай Чалавечнасці ды пераможна глядзеў на выхадкі фашыстаў.
Як цяпер выглядае ўсё ясней, выразней!..
Вуліцы запоўнены моладдзю — рослымі хлопцамі і дзяўчатамі. Калісьці законныя гаспадары — літоўцы — былі тут яшчэ ў большым загоне, чым беларусы. Затое цяпер гучыць усюды літоўская мова.
I ва ўсіх гэтых пераменах прымаў удзел і я.
Памятаю, некалі зайздросціў я балгарам за іхняга Дзімітрава, а датчанам за Андэрсена і перажываў за беларускую беднасць. А цяпер і я магу ганарыцца.
У вайну фашысты з беларусаў не маглі стварыць ні адной вайсковай часці, затое ў нашых лясах было чатырыста тысяч партызан! Нідзе іх столькі не было!.
Што і як зрабіць, каб тое, што адбылося, не абразіла памяці загінуўшых?!
Вось набліжаецца ваенны патруль. Вайсковыя — свае, блізкія. Толькі ў салдат незвычайныя аўтаматы-карабіны — новенькія і пераліваюць матавай сінявой варанёнай сталі. У капітана на рамяні — пісталет незнаёмай мне сістэмы ў драўлянай кабуры, падобнай да той, у якой нашы партызанскія камандзіры насілі маўзеры. Патрулі так ходзяць, нібы хадзілі па гэтых вуліцах век. На грудзях — камсамольскія і гвардзейскія значкі, хлопцы імі фарсяць, як мы некалі медалямі і ордэнамі...
Пройдуць гады. Ва ўсім свеце запануе мір і лад. Будуць лятаць на другія планеты. Тады людзі нашы ордэны, аўтаматы і пісталеты будуць разглядаць у музеях з цікаўнасцю і спачуваннем да нас, як мы, разглядаючы лукі і прашчы...
Перад кінатэатрам стаяла неспакойная чарга вучняў за білетамі на партызанскі фільм. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі праз хвіліну будуць у крэслах ціхутка лізаць марожанае ды з павагай і страхам сачыць за кадрамі. Яны пра вайну ведаюць столькі, колькі мае сыны. «Тата, а што гэта такое ў яго руцэ, нібы эскімо на палачцы?» — «Нямецкая граната, дурненькі...» Тое, што на экране,—для іх поўная заманлівай рамантыкі гісторыя. Скажы ім, што па тратуары ідзе ўдзельнік тых падзей, яны вельмі здзівяцца: вось гэты? Такі звычайны?..
Шмат чаго змянілася. Няважна, што вунь, у скверыку, сядзіць стары інтэлігент і чытае газету так, як мелі звычай чытаць яе людзі старэйшага ўзросту дваццаць год таму назад: склаўшы паперу ўдоўж. З таго часу прайшла цэлая эпоха. А я прыехаў сюды шукаць учарашні дзень.
— Грамадзянін, прабачце! — перарвала мае думкі прадаўшчы-ца, выглянуўшы з-пад брызентавага тэнда.— Дапамажыце!
— Што ў вас?
— Зашрубуйце, калі ласка, помпу на бочцы. Забылася, у які бок трэба круціць, і не магу прадаваць піва!
— Зашрубоўваюць заўсёды ўправа, а адшрубоўваюць — улева. Як можна забыць такія простыя рэчы?..— падумаў я ўголас, устаўляючы помпу.
— Гы?! — здзівілася прадаўшчыца той лёгкасці, з якой я выканаў яе просьбу.— Дзякуй!
— Калі ласка...
Пакінуў я яе са смешным пачуццём: нарэшце, зрабіў нешта карыснае ў Вільнюсе, значыць, недарма прыехаў!..
Ну, а што рабіць далей?
З
Не памятаю, як я апынуўся над Віліяй.
У гэтым месцы павінен ляжаць вялізны камень. Вось ён. Такі самы. Магутныя яго бакі вылізалі хвалі, а той самы пушок моху надаваў яму зялёнкавы колер.
Аднойчы мы з Данусяй паспрачаліся: я хацеў на гэтым камені пасядзець, яна адмаўлялася. Цяпер яго абляпілі дзяўчаты, якія паводзілі сябе так, быццам толькі яны адкрылі гэтае месца і наогул далі пачатак жыццю. Відаць, яны толькі што здалі экзамены: на-строй у іх быў святочны, канспекты валяліся на беразе бязладна, як непатрэбныя паперы.
— Ой, дзяўчаткі, караву-ул! — паскардзілася адна з іх звонка і меладычна.— Ногі набраклі, туфлі не магу абуць! Што рабіць?
— А навошта іх так размачыла? Цяпер босая ідзі па горадзе!
Да кампаніі падыходзіў хлопец. Ён суцешыў:
— Ото ж будзеш мець поспех! Кожны на цябе азірнецца!.. Эй, курскія салаўі, чаму ўжо не спяваеце?
Читать дальше