Вось і родны дом партызана.
Ноздры зашчыкатаў дым. Пахла сушаным мясам, скурай. Пад нагамі блыталіся галінкі елак, што пападалі з нацягнутых дратоў — камуфляжа ад самалётаў. Тут можна спакойна сесці, сцягнуць боты з натруджаных ног, панежыцца ў цяпле, пад'есці гарачай стравы... Але цяпер мяне гэта не радавала. У лагер я вяртаўся неахвотна і нездаволены сабой.
Хтосьці прайшоў з мокрым венікам. Я ўздыхнуў і падумаў — першым чынам трэба будзе схадзіць у лазню. Стала на душы лягчэй.
Кухар вёз дровы, і конь на ўзгорак ніяк пе мог усцягнуць сані. Васіль упёрся плячом у бярвенні і натужліва закрычаў:
— Но, мілы, яшчэ крыху!
Конь паспешліва перабіраў пярэднімі нагамі, але падковы былі сцёртыя, ён пакаўзнуўся — гоп! — і сеў на зад.
— Здароў, Васіль! — павітаўся я.— Ты ўсе возіш і варыш?
— А-а, вярнуўся на маю галаву! Жывы? Здароў, братка. Не здаецца Гітлер, каб на яго халера, трэба вазіць, нічога не зробіш,— разважыў кухар без злосці і пачаў цягаць каня за грыву:
— Ну, Гняды, уставай, чаго рассеўся!
Я паказаў сваім людзям на сані, і мы ўраз выпхнулі іх на ўзгорак.
— Дзякуй, Ваня!
— Думаеш, гэтым адбудзеш? Прыйдзем да катла!
— Знайду што-небудзь!
Ля зямлянак я ледзь не сутыкнуўся лоб у лоб з партызанам, які бег па вузенькай і глыбокай сцежачцы. Я саступіў у снег, і чалавек саступіў: мы зірнулі адзін на аднаго.
— Ванечка, вярнуўся? — пачуўся шчыры і радасны голас Стасі.
— Як бачыш...
Яна ўзняла рукі, памкнулася схапіць мяне ў абдымкі, але стрымалася і, выгаварваючы на польскі манер «ло», закрычала:
— Хуопцы, Барташэвіч вярнуўся!
— I не адзін, як бачыш! — паказаў я на групу аброслых і стомленых людзей, якія збегліся ў купу і з нейкай вінаватай цікавасцю пазіралі на нас.
— Я толькі што напаліла печ, цяплынь — нібы ў лазні! — адводзячы ад мяне шчаслівыя вочы, паспешліва гаварыла дзяўчына.
Толькі цяпер мы ўбачылі, што віленцы плачуць ад шчасця.
Мы са Стасяй разгубіліся.
— Для вас усё цяжкае ўжо мінула! — супакоіла яна.— Тут вам будзе добра! Вашы ўжо лагер сямейны будуюць!.. Вядзі людзей у зямлянку, грэй! Там і камбрыг! А я збегаю да сувораўцаў па акумулятары, будзем зводку з Масквы слухаць! Чуў, як нашыя на Да-ну ціснуць фашыстаў?
— Вартаўнікі крыху расказвалі...
— Ціснуць!.. Толькі аддай мой пісталет. Я ўвесь час рабіла выг-ляд, што ён у мяне, панапіхвала ў кабуру індывідуальных пакетаў...
— Трэба яго пачысціць.
— Ты з яго страляў?!. Ага, спатрэбіўся! — паскардзілася яна яўрэям: — А ён усё «не вазьму-у», «наво-ошта»! — дражніла яна мяне з лагодным папрокам.
Пакідаючы Дануту з мёртвым Станеўскім, я выбег на двор з пачуццём нейкай няўпэўненасці. Быць можа, Станеўскі зайшоў выпадкова?.. Пытаннё вісела нада мной як змора. I толькі шчаслівы бляск вачэй радысткі яго развеяў. Правільна я паступіў — так ёй і трэба, паліцаевай падсцілцы.
Раздзел шосты
1
Летам нечаканы выпадак зноў напомніў мне пра генералаву дачку.
Немцы павыскрэбвалі ўсе тылавыя рэзервы, нават скарацілі гарнізоны ў партызанскіх зонах да мінімуму і кінулі ўсё на Курскую дугу. Мы ўздыхнулі на поўныя грудзі. Вестка аб разгроме нямецкіх ар-мій патроіла нашы сілы, і мы пачалі дзейнічаць яшчэ больш дзёрзка.
Жнівеньскім днём выйшлі мы ўзводам на Беласток-Ваўкавыскую аўтастраду і стаіліся ў засадзе. Першым паказаўся вайсковы немец на веласіпедзе.
— Прапусціць! — загадаў я хлопцам.— З-за салдаціка не будзем пэцкацца!
I немец праехаў.
Праз мінут пяць выскачыла легкавая машына. Яе мы захапілі і разам з пасажырамі — двума афіцэрамі і салдатам-шафёрам — прыгналі ў лагер. Пры допыце палонных выявілася, што прапусцілі генерала, якому прыйшла ў галаву фантазія праехацца па чыстым паветры на веласіпедзе. Нічога не зробіш, давялося мірыцца. Легкавая машына з афіцэрамі таксама не абы-што.
Вечарам партызаны ўцяклі ад машкары да вогнішча, там чысцілі сваю зброю, зашывалі вопратку. Кухар памешваў у катлах, а яго Лёнік забаўляўся з нямецкімі медалямі.
— Салам! — зухавата прывітаў я кампанію, з'явіўшыся з цемры.
— А, герой? Салют!
— Выспаўся? — азваліся галасы з прыкметнай сімпатыяй.
— Набраў мінут шэсцьсот, хлопцы яшчэ дабіраюць... На, Лёнік, табе яшчэ цацак! — падсыпаў я хлопчыку жменю нямецкіх медалёў.— Васіль, вячэру пакінуў?
Кухар наліў у кацялок гарохавага супу.
— Чаму мяса так мала паклаў, скнара!
Я быў у тым узбуджаным стане самаўлюбёнага ап'янення, якое бывае пасля ўдала выкананага задання, калі ўсё табе дазволена і ты разам з сябрамі цешышся сваімі новымі якасцямі. Сёння мяне разбірала ненатуральная весялосць.
Читать дальше