— Калі ласка, вось папяльнічка. I наогул, маглі б папрасіць дазволу на курэнне ў дамы, рыцары! — заўважыла Данута, кепска прыкрываючы трывогу какецтвам.
У яе голасе і выражэнні твару адчуваўся жаль аб мінулым.
Я — ад роду купаны ў гарачай вадзе — і быў вельмі хуткі на рашэнне. Мне здалося, што ў Дануты інтымныя адносіны з паліцаем. На тумбачцы каля люстэрка стаялі фатаграфіі. На ёй твары Дануты і Генрыха аж расплываліся ад шчасця. Рэўнасць паслужліва выдала здагадку за праўду, я сядзеў і аж закіпаў ад злосці.
— Салдаты фюрэра не маюць звычкі прасіць дазволу нават у прыгожых жанчын,— адказаў Станеўскі Дануце і звярнуўся да мяне: — Я ў сваёй вёсцы не быў з ліпеня сорак першага... А вы былі ў сваёй?
Толькі цяпер ён заўважыў, што мы з Данусяй гаворым аб адным, а думаем пра другое. Ён, відаць, пра ўсё здагадаўся і пачаў бялець. Каўкнуў перасохлым горлам, а на лбе выступілі бліскучыя кропелькі. Трэба было канчаць.
Жадаючы штосьці папярэдзіць, не даць нам апамятацца, Данута часта загаварыла:
— Ну, Янэк, расказвай нам, дзе ты цяпер? Чаго маўчыш!.. Ох, які ты ладны ў мундзіры!.. Ты прыродны вайсковы! Праўда, Генусь, яму вельмі да твару мундзір! Нават Генку так не ідзе яго адзенне, праўда, праўда...
Бачачы, што я ўстаю сам не свой і вымаю пісталет, яна кінулася да мяне:
— Янэчку, супакойся!
Я за руку адцягнуў яе ўбок, каб не перашкаджала: яе чамусьці аставіў на пасля. Вокны былі зачынены. на аканіцы, я адступіў да дзвярэй: паліцай трапіў у пастку, выняць з кабуры парабелум не меў калі.
Але Станеўскі не разгубіўся. Ён знізу штурхануў столік і з сілай кінуў яго на мяне. Я адбіў столік каленам, стрэліў, але не трапіў.
— Барташэвіч, што ты! — узмаліўся ён з жахам і скочыў за вазон, перакуліўшы кадку ў мой бок.
Я лічыўся добрым стралком. Але тут прыйшлося левай рукой трымаць Дануту, якая тулілася да мяне і збівала прыцэл. З аднаго, з другога пісталета выпускаў я кулю за куляй — і ўсё дарэмна: толькі пырскалі кавалачкі адшчапанага паркету, тынку і каціліся па падлозе пустыя гільзы.
— Herr Leutenant, was ist denn? [ 30 30 — Пан лейтэнант, у чым справа? (ням.).
] — заенчыў ён і мітусіўея па гасцінай.
— Я табе не гер, а — партызан!..
Генрых ступіў на пустую гільзу, пакаўзнуўся і выцягнуўся на падлозе. Зразумеўшы, што ўсё скончана, ён закрыў галаву рукамі і ўзмаліўся:
— Лёнгі-інус, тады я цябе не выдаў з пракламацыямі на Міцкевіча, памятаеш?.. Ты павінен...
Але я яго дабіў.
Нельга пакідаць і сведку. Бацькі жывуць на вёсцы, немцы ім адпомсцяць. Ап'янелы ад страляніны, я выпіхнуў на сярэдзіну пакоя Дануту і прахрыпеў:
— А цяпер — ты!
Яна глядзела на мяне спалохана, пакорліва, на нейкі момант стала дакладна такой, якой я ведаў яе да вайны. I ў мяне пачала абуджацца літасць. Ці не прыгразіць, каб прыдумала немцам гісторыю смерці Станеўскага?
— Янэчак, завошта? — часта дыхаючы, спыталася паціху яна.— Вось мы і спаткаліся...
Мяне агарнула новая хваля азвярэння.
— Ах ты-ы, паліцыянтавая падсцілка, яшчэ будзеш папракаць?!
Калі я падымаў пісталет, яна ціха ўскрыкнула, быццам ёй заняло дыханне ад таго, што нехта піхаў у халодную ваду. Я націснуў спускавую скабу. На момант адчуў у правай руцэ добра знаёмую няважкасць пісталета і металічны стук гільзы аб сцяну, падлогу. На шчасце, Дануся адскочыла.
Не лічачы стрэлы, пачуццём, якое ішло ад вопыту, я з аблягчэннем адзначыў, што ў пісталеце выйшлі патроны. Але я працягваў іграць разгневанага: зноў прыцэліўся і націснуў спуск.
Цык! — шчоўкнуў баёк ухаластую...
Клацнуў затворам — пусты магазін! Другі пісталет я разрадзіў раней.
Пакуль мяняў магазіны, за плячамі пачуўся голас генеральшы — яшчэ адзін сведка, трэба і яе?.. Але страляць у жанчын я ўжо не мог.
Станеўскі ляжаў сярод пакоя. Яго вочы мутна глядзелі ў столь, а з-пад кіцеля цякла на паркет кроў і збіралася ў густую лужыну. Я зняў з паліцая рамень з парабелумам, павязаў яго сабе паверх шыняля і кі-нуў:
— Мяне тут не было, разумееш?.. Хто яго забіў, прыдумай сама. Выдасі — тады...
Апошнія словы я намерваўся вымавіць унушальна і строга, але нечакана для мяне самога прагучала просьба, шэпт.
— Добра, Янэчку...— прашаптала Дануся пакорна. — Прыдумаю...
Я накіраваўся да дзвярэй.
— А я-а?.. Не ідзі, Янку...— узмалілася яна гэтаксама шэптам.— Куды ты?!.
Ледзь я не вярнуўся.
8
Праз тыдзень з групай віленцаў набліжаўся я да лагера. Варту мінулі яшчэ ўдзень, а калі падыходзілі да зямлянак, пачало ўжо цямнець.
Читать дальше