— О-го, гэта штосьці новае! — насцярожыўся я.
— Тр-р-р, халера, воўчая шкура, стой, кажу! — перабіў нас голас Сляпухі.
Дзядзька з фурманкай пад'ехаў да будана. Хоць цёмна, але я смутна распазнаў на возе на фоне саломы дзве нерухомыя чалавечыя нагі. Вось па якога Мішку ездзіў дзядзька Сляпуха!..
Трашкоў адразу забыўся на мяне і падаўся да воза. Было чуваць, як ён шоргае брызентам, адхіляе палотнішча, як кажа ездавому:
— Пакінем, Волесь, яго на ноч на двары?
— Ну! — з-за каня кінуў дзядзька.
— Яму тут будзе лепш на паветры!..— апраўдваўся лейтэнант.— Заўтра ўдзень Вароніна пахаваем...
Сляпуха панёс у зямлянку хамут і лейцы. Праходзячы блізка, як і належыць у жалобную хвіліну пры мёртвым, ён не павітаўся, толькі паківаў галавой і ўздыхнуў:
— I калі, Ваня, усё гэта скончыцца, скажы мне? З'явіўся капітан і пазваў бадзёрым голасам:
— Трашкоў, Маруся, на выхад!.. А, вось вы дзе! Чулі? Разарвала вашага хросніка на кавалкі!.. Жалобныя сцягі ва ўсім горадзе... Чорны з горада перадаў!
— Вось табе і дзірачкі! — Трашкоў ударыў дзяўчыну па плячы.— Ведаеш, як ты сапсавала імі настрой? Ледзь сабе кулю ў лоб не пусціў!
— А ў мяне, думаеце, было на сэрцы лепш?
— Хопіць, дзеці, зводзіць разлікі, радуйцеся!.. Сляпуха, шукай паўлітра, памянём фашыста, царства яму нямецкае! I Барташэвіч да кампаніі прыстане!
— Таварыш камандзір...—вінавата перабіў ездавы. — Я Мішу прывёз...
— Прывё-оз?
— Вунь, на фурманцы.
Мы накіраваліся да воза. Сокалаў засвяціў ліхтарыкам, і мы паглядзелі на дэсантніка.
— I трэба ж было яму якраз налезці! — са спагадай праказаў Сляпуха.— Эх, Міша, Міша...
— Разрыўной, сволач, у самы вісок трапіў! — Капітан разглядваў рану.— Што цяпер бацьку напісаць на Урал? Прафесару даваў слова глядзець за ім як за сваім сынам...
— Занізка ляжыць! — не слухаў капітана Трашкоў і падсунуў пад галаву брызент.
Раптам побач з намі як бы выбухнула граната — бліснула магніевая ўспышка, і засмярдзела серай. Мы ўздрыгануліся і схапіліся за пісталеты.
— Адбой! — апрытомнеў я першы.— Пятро, ты клаў пад сасну ўзрывацель на праверку!
— У чым справа? — пацікавіўся капітан.
— Усё ў парадку, камандзір. Узрывальнікі не нашы, загра-нічныя. Думаў — папсутыя ў іх хімікаты. Ажно не, малайцы саюзніч-кі, узарваўся дакладна праз трыццаць мінут. Што я табе казаў, Маня?!
— Будзе вам ужо прыдзірацца!
I зноў ніхто не звяртаў на мяне ўвагі.
Я пранікся пашанай да невялічкага калектыву герояў-прафе-сіяналаў. Сваёй маленькай групкай яны рабілі больш за нашу брыгаду.
— Барташэвіч, калі ідзеш у разведку? — спытаўся капітан.
— Трэба ісці. Па чыгунцы ў бок фронту немцы пачалі вазіць нейкія бутлі. Неабходна праверыць, ці не рыхтуюцца да хімічнай вайны.
— Маня з табой пойдзе. Табе на віленскую чыгунку? I ёй у той бок. Возьмеш яе з сабой!
Я ўзрадаваўся, што будзе магчымасць пагаварыць з ёю пра Вільню:
— Да пабачэння!
4
Ішлі мы з Марусяй першымі, а за намі — хлопцы. Яна крочыла бойка, як дзяўчынка, але ўвесь час заставалася сур'ёзнай.
Ля дарогі стаяў дзікі казёл і аглядаў нас цікаўнымі вачамі. Раптам штосьці яму не спадабалася, ён гнеўна тупнуў нагой і брахнуў:
— Таф!
— Не пазнаеш? — закрычаў я.— Прывітанне!
Казёл брыкнуў цераз елачку і знік так, што не зварухнулася ніводная галінка.
Дзяўчыну не развесяліла і гэта.
Тады я заглянуў у карзінку суседкі. Тыповая карзінка спекулянт-кі: ніткі, іголкі, сахарын, нямецкае мыла з гліны, кавалачак худога сала. А пад усім пабліскваў чорны лак на магнітных мінах. З-за Дануты я быў уважлівы да разведчыцы.
Паказаліся дзяўчаты з абвязанымі дзеразой кошыкамі. Губы і пальцы ў іх — нібы ў сінім чарніле.
— Прыгажуні, дайце ягад! — спыніў я іх. Дзяўчаты часта дыхалі ад перапуду.
— Дародныя, а скупыя, каб вас памор пакараў!
— Ой, дзядзечку, настаўляйце шапку, толькі здыміце праклён!
— З цябе здымаю, а з іх не!
Усе зарагаталі і пачалі вытрасаць свае кошыкі. Дзяўчаты пайшлі, а я спыніў Марусю і прысыпаў яшчэ міны ягадамі.
— Так лепш? -- спытаўся.
— Ага...
Дзяўчына ніяк не давала ўцягнуць сябе ў размову.
Перад вачамі паўстала пакрыўджаная, з дакорлівым позіркам Стася. Праз хвіліну я зноў падумаў аб Дануце і стараўся дагадзіць разведчыцы.
Маруся была невысокая, шчуплая, на бледным яе твары выдзяляліся тонкія вусны, чорныя вочы глядзелі спадылба. Але на свежым паветры, разгарачаная хадзьбой, яна паружавела. Коратка падстрыжаныя валасы яе вецер бязладна збіў на адзін бок, і яна Іх не папраўляла, бо ведала, што так ёй да твару. Каўнер шэрага плашча прыпадняла і цесна зашпіліла пад барадой. Калі трэба было звярнуцца да мяне, яка схіляла галаву на плячо і паднімала вочы. Не ведаю, бачыла так яна мяне ці не, але выходзіла гэта ў яе міла. Безабаронная і слабая, яна ішла ў самую зяпу ворага, ёй было не да мяне. Лезці да яе з малазначнымі пытаннямі не выпадала. Разведчыцы нічога не каштавала абрэзаць мяне, малазнаёмага: «Ці не залішне ты цікавы, з кім я знаёмая ў Вільні?»
Читать дальше