6
З задумы Лаўрэна вырваў званок. Стала чуваць, як нявестка бяжыць адчыняць дзверы і незадаволена бурчыць:
— I каго там нялёгкая нясе?!.
Праз хвіліну ў калідоры пачуліся галасы школьніц:
— Нам патрэбен Лаўрэн Яфімавіч!
— Бачыць яго можна?
— Дома Лаўрэн Яфімавіч?
Дзяўчынкі пыталіся на ўвесь голас — настырна, адна перад адной, бытта выхваляючыся.
— Няма ў нас такога! — адказала нявестка непрыемным тонам ды моцна ляснула дзвярыма.
Лаўрэн таксама не прыдаў значэння іхняму пытанню, бо дома на яго гаварылі — «дзед», «бацька», «стары», «тату», «ты» альбо «вы». Старэйшым дагэтуль не прыходзіла ані разу і ў галаву, што і яго можна велічаць па імені і па бацьку. Паддаўшыся агульнаму ў сям'і настрою, і Лаўрэн пытанні дзяўчынак прапусціў міма вушэй. Толькі падумаў, што бессаромная нявестка са школьніцамі магла б, напэўна, гаварыць больш далікатна і зважліва — яе дачка неўзабаве таксама такой стане.
Праз хвіліну пазванілі зноў. На гэты раз са школьніцамі з'явілася ля дзвярэй суседка.
— Кіра Трафімаўна, прабачце! Вашага тату, здаецца, тут школьніцы шукаюць!
— Вы так думаеце, Лілія Уладзіміраўна?
— А хіба ж бацька ваш не ўдзельнічаў у вайне, не ветэран ён?
Дзяўчаткі з крыўдай пачалі апраўдвацца:
— Лаўрэн Яфімавіч, а прозвішча — Мар-ке-віч, так?
— I ў мяне гэтак напісана!
— Эл. Я. Маркевіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і ў маім спісе стаіць пад гэтым нумарам кватэры і дома!
Са свайго пакоя як куля выскачыла Святланка:
— Мамка-а, ма-ам, а наш дзед ваяваў на вайне з Гітлерам, ваяваў! — закрычала ўрачыста.— I з немцамі на штыкі біўся! Праўда-праўда, біўся! I баба наша ваявала з немцамі!.. Толькі тата тады шчэ маленькі быў і не ваяваў! А дзядзя Павел для іх патроны па лесе збіраў!..
— Ой, я няўважліва вас слухала... Адзін з нашых Маркевічаў на вайне быў таксама, гэта праўда... Прабачце, дарагая Лілія Уладзімі-раўна...
Як пад вялікім прымусам, нявестка вінавата да свёкра ўсміхнулася, заглянуўшы ў залу:
— Гэта — да вас прыйшлі, сюды ідзіце! Калі ласка, дзяўчаткі, праходзьце далей!
— Мы ненадоўга!
— На адну мінуту мы!
Тры вучаніцы нешта перапісалі з пашпарта ветэрана сабе ў сшытак. Спыталіся, дзе служыў. Далей выйшла ў іх закавыка.
Бедныя дзяўчаткі аніяк не маглі ўцяміць, што яшчэ за вайна была ў 19З9 годзе і чаго Лаўрэна Яфімавіча вазілі тады аж да Віслы, калі нашыя войскі — усе тры школьніцы ведалі дакладна з урокаў гісторыі — дайшлі да тае польскай рэчкі толькі аж летам сорак чацвёртага.
Дзед не стаў дзяўчынкам талкаваць, не стаў і апраўдвацца. З унучкай абое паблажліва гасцей выслухалі і прамаўчалі, а затым — правялі да дзвярэй.
Калі дзяўчаткі зніклі, нявестка нібы адно цяпер убачыла свайго свёкра ды першы раз пасля сваркі з мужам запрасіла да стала на гэты раз ужо сама:
— Пара вам абедаць, Лаўрэн Яфімавіч!
— Да я не надто і... Шчэ можно...
— Пара, пара! Света, бяжы мыць рукі, сядай да стала і ты!
— Мамка, а я ведаю, чаго дзяўчынкі дзеда запісвалі! — малая не спускала з Лаўрэна ўлюбёных вачанят.
— Ну, скажы?
— Па тэлевізары яго цяпер стануць паказваць!
— Адкуль ты ўзяла?
— Бо нашай Інкі Пятровай дзеда ўжо ў целіку паказвалі, і цяпер няхай яна не хваліцца, задавака такая! Ужо ва-ажная такая ходзіць у класе!..
Лаўрэн усё маўчаў.
— Мо шчэ ў Маскву павязуць, і наш дзядуля ў метро катацца будзе! О-о, дзед, не забудзь свае медалі надзець! Дзе яны ў цябе? Дзед Інкі Пятровай выступаў з медалямі — такімі новенькімі, бліскучымі! Усе-ўсе грудзі імі ўвешаны ў яго — аж да жывата! І ты так зрабі, а мы на цябе з татам, мамкай і Ігарам узірацца будзем! Ма-ам, а ў Маскву нам з ім можна паехаць?
— Еш, не балбачы, спознішся ў школу!
Тым часам Лаўрэн усё знаходзіўся ў прыемным здранцвенні, і душу яго падмывала радасць:
«Ты глядзі, пра мяне недзе там, аднак, памятаюць! Хале-ера, ты ба-ачыш — я ў іх цёнгле на ўліку стаю, бы той які хлопец малады, што навабранства чакае! А што, на добры лад, то, вядомо, так і павінно быць! Людзей такіх цяпер надто павінны цаніць ды шанаваць маладыя!..»
Першы раз, відаць, ад самай Нінчынай смерці, на сэрцы Лаўрэна расплылося штось цёплае, свет пахарашэў, і чалавеку захацелася ўсім дараваць свае крыўды і ўсіх абняць.
СКАРГІ СУСЕДАК
1
Надышоў вечар, а там — дзень новы. Лаўрэн стаў пакрысе забы-ваць, да каго прыходзілі вучаніцы. Душу яго паступова зноў пачаў раз'ядаць той самы чарвяк неспакою.
Читать дальше