Дагэтуль пры спатканні з народам Альяш не адчуваў да яго ніякай жаласці, абыходзіўся з людзьмі бесцырымонна і рэзка. Сёння яго бытта падмянілі.
— Гэ, паздымалі!.. Надзеньце, надзеньце шапкі, бо прыпякае!— кінуў ён бліжэйшым дзядзькам, якія глядзелі на яго з пашанай.
— Нічого, і без шапак пастаім!— спакойна разважыў той селянін з Глінян, які нядаўна прывязваў карову.
— Бог нават травы, лесу ці жыта і то не зраўняў, а ты на прыкмеце ў госпада!— лісліва выгукнуў нехта з натоўпу.
Альяш на гэта нічога не адказаў. Ён уздыхнуў, са спачуваннем паківаў галавой ды ціха прамовіў да людзей:
— Мае вы бабы, мае вы мужчынкі, мае чадо!.. Туліцеса, бы бяздомныя авечкі, не ведаеце, якого бога шукаць!.. Папы, кудлы, не любяць вас, не лю-убяць, ого!.. Цярпець усіх нас яны не могуць!.. Я ведаю, ім — абы малебень адправіць і грошы вырваць!.. Няма ў іх ніякай веры, няма!.. Прапілі яны сваю веру, прапілі-і, прабалява-алі і панам яе прадалі!
Натоўп, звязаны ў адно цэлае настроем, бы сухая салома, загараецца ад слоў, якія адпавядаюць іхняму настрою. Тады застаецца толькі людзям загадваць.
— Ох, прадаюць нас, прадаю-уць!— прашамкала бяззубым ротам і цяжка ўздыхнула бліжэйшая бабка.
— Яшчэ я-ак!— уздыхнулі іншыя.
— А чаго ты ад іх хацела?!— жвава павярнуўся Альяш да бабкі і напаў на яе, нібы цётка з ім не згаджалася.— Нават у Бібліі пра гэто напісано!.. Адзін чалавек ішоў калісь у Ерусалім ды трапіў на бандытаў. Розныя паўтаракі здзерлі з яго вопратку, пакалечылі, пазбыткавалі ўволю і пакінулі ледзь жывого. Праходзіў блізко бацюшко, паўзіраўсо на пабітаго ды пайшоў сабе далей. Гэтаксамо прайшоў мімо левіт-дзячок. А ўбачыў яго просты мужык-самаранін, і толькі ён зжаліўсо. Затрымаў сваго асла, злез, перавязаў чалавеку раны, завалок слабого ў пастаялы двор, пакінуў яму нават яшчэ і грошай на лячэнне!
Апавядаючы з паперці прытчу, бацюшкі сотні гадоў людзям гаварылі, што пад выглядам міласэрнага самараніна быў сам Хрыстос. Тлумачэнне легенды ў даслоўным значэнні выстаўляла яе зусім у іншым святле. Таму людзі як бы анямелі ад начаканасці, а ў іхніх вачах застыла абуранае здзіўленне: «Ага-а яны ашуквалі нас, падлы!..»
— У святым пісанні гаворыцца, што так было калісь, так е і цяпер!— правіў далей прарок.— Ад папоў і дзіяканаў няма чаго добраго нам чакаць! Ого, дачачаешса ад кудлаў і лайдакоў, а як жа — кішэнь трымай шырэй!
Людзі на цвінтары асмялелі. Словы прарока іх адразу зблізілі, узрадзілі ў кожным адчуванне сваёй значнасці таго, за што яны змагаюцца. Альяшову думку жыва падхапіў многагалосы хор:
— Праўда твая, Альяшку! — Так яно і е!
Яны ўпершыню мітынгавалі пра тое, што дагэтуль гаварылі толькі за вуглом.
— Ратуй нас, няшчасных!— крычалі ўжо некаторыя са слязьмі ўміленага захаплення і надзеі.
— Усявышнім табе ўказано праз Іаана Кранштацкаго!
Уздым масы перадаўся ўжо і Альяшу. У яго па-маладому заблішчалі вочы, шэры твар раптам паружавеў, сам ён зрабіўся порсткі, маладжавы, нават як бы падрос, а голас павысіў да віску:
— Папы, гэтыя махляры кудлатыя, вас палохаюць, што калі не будзеце слухаць іх, то звёзды з неба паспадаюць!.. Вы нікому з іх не верце!.. Кожнаму звязда загарыцца ў вашых сэрцах, і яе агонь напоўніць вашыя душы! Вы толькі аднаму мне верце!.. Я вас вывяду ўсіх на дарогу!.. Мяне нічога не ўтрымае!.. Я кіем удару па моры, вада расступіцца, і павяду вас па сушы!..
Альяш у парыве афекту ўзмахнуў рукамі.
— Павяду, от пабачыце!
У простых і адсталых людзей закладзена якаясьці містычная пашана ад алегорый і прытчаў. Асабліва на іх уздзейнічаюць біблейскія сказанні. Таму аб'яўленае прарокам загіпнатызавала натоўп.
Акрыяўшыя і падабрэлыя людзі, гэтыя барадатыя, з засмяглымі і патрэсканымі вуснамі дзядзькі, з густа збараздованымі плугамі жыцця тварамі бабулькі і свежыя маладзіцы, у якіх шчокі і шыі былі кранутыя, як чэсаны лён, загарцам, а валасы старанна раздзеленыя на прабор, узіраліся ўжо на грыбоўшчынскага Майсея з адданасцю, бязмернай надзеяй, поўнымі любві і веры вачыма, поўныя прагнай гатоўнасці, і гэта прыдавала ім натхнёнай велічы. Бы дзеці, якія ані хвіліны не сумняваюцца, што ў дарослага ёсць сродак, каб споўніць любое жаданне, загаіць кожную больку, людзі дружна пацягнулі рукі да прарока, а з глыбіні душ паляцелі просьбы:
— Вядзі нас, Альяшку, у зямлю абетаваную!
— Саваофе Ілья, злітуйса над намі!
— Гора нам!
— Толькі ты можаш уратаваць усіх — ты ў бога на прыкмеце!
— Бяры маю душу, бяры мае рукі і ногі, бяры мае малітвы і рабі з імі што хочаш, адгэтуль я не пай-ду-у! — заплакала, завішчала, забілася ў істэрыцы жанчына.
Читать дальше