— Там, Лімця, нікого не ашукаеш, не бядуй! Усіх наскрозь убачаць ды разбяруццо — каго ў рай рассарціруюць, каго ў пекло, а каго куды шчэ!..
— I я змагу надзівіцца, як гэтая выдра будзе мэнчыцца?
— Шчасце ў раі было б не поўным,— пачаў павучаць бурклівец,— калі б адтуль мы не змаглі назіраць за пеклам і бачыць, як грэшнікаў пажырае агонь!
Яго абарваў нездаволены Волесь:
— Хопіць табе! Ідзі, ідзі, сатана, адгэтуль!.. Бач, радуваец-ца чаму, антыхрыст!..
I муж папракнуў жонку:
— А ты выкінь з сябе гэтую гардыню!.. Хрыстос умеў дараваць нават сваім ворагам іхнія віны!.. А табе, Лімця, памятаць іх?.. Глядзі, унь дзіця ўлезло ў штось!
Жанчына толькі цяпер успомніла пра сына і кінулася да малога:
— Яначку, на каго ты падобны?! Ці табе не гаварыла — не пэцкай касцюмчыка, не лезь нікуды?! Дзе мне памыць цябе на небе: там і карыта не знойдзеш!.. Во, маеш, маеш, атрымлівай, гіцлю! — адлупцавала яна малога.— Хадзі цяперака ўвесь свой век у раі замурзаным, бы шмаравоз!
— Не можа быць, Лімця, каб там не знайшлосо ў што пераапрануць малых! — супакойваў яе Волесь.— Ладно, не карай!.. Глядзі, як вочы пасалавелі, яно спіць ужэ на нагах!
Стомленыя за гэтак багаты ўражаннямі дзень малыя пачалі капрызнічаць і румзаць. Мужчыны навалаклі саломы, паклалі дзяцей цесна адзін каля аднаго пад акрытым небам спаць.
5
У кутку цвінтара была звалена горка сасновых плошак. Майсак іх падпаліў, людзі пападалі на калені, пачалі горача маліцца.
— Бом!..— трывожна, сумна і рэзка, нібы ўсадзіў нож у сэрца, першы раз прагучаў у вячэрняй цішы га-лоўны звон грыбоўшчынскай царквы.
— Цілім-цілім-цілім!..— заўторылі яму спехам меншыя.
— Госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй!— пранёсся па натоўту шэпт, бытта вецер прашуршаў вялізнай гурбой сухога лісця.
— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..
— Госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй, госпадзі, памілуй!..
Сухія і смольныя плошчкі з гулам і трэскам ужо шугалі ў неба пругкія языкі агню, асвятлялі заклапочаныя твары і кідалі вакол выдаўжаныя хісткія цені. Ад полымя ўсё на цвінтары як бы прыйшло ў рух, стала нерэальным.
Цётка Хімка прагна чакала ракавога моманту ды з нецярплівай радасцю рыхтавалася праз хвіліну ці праз пару гадзін убачыць свайго Яшку ды Маню, не заўважаючы і агню. Так, мабыць, толькі стаялі на арэне якога-небудзь рымскага цырка першыя хрысціяне ды са складзенымі, як да малітвы, рукамі, са светлымі ды ўзнёслымі ад унутранай перакананасці тварамі прагна чакалі, калі ж нарэшце з тых клетак вырвуцца раз'юшаныя дзікія звяры, разарвуць іхняе грэшнае цела і спрагнёная душа прадстане перад богам, каб спазнаць вечнае шчасце і блажэнства!
Цётка трывожылася толькі аднаго — як дзеці спаткаюць сваю маці. Ці не адмовіліся ад яе, не праклялі, што яна, нягодніца, пакінула іх на чужбіне ў голад ды разруху?
Якія яны цяпер?..
Сын калісьці гэтак перажываў, што малы, ці падрос потым?..
Маня баялася гусей, ды галава ёй вельмі кружылася, калі даводзілася часамі цягніком ехаць, але ж тады не было чаго і ў рот пакласці!..
А калі яны, не дай бог, і праўда печаныя той страшнай пячаткай і пойдуць у пекла?..
Тады кінецца яна богаві ў ногі, стане маліць, поўзаць за ім па ўсім небе, цалаваць кожны раменьчык на яго сандалях, каб і яе пусціў туды разам! Яна з радасцю, з найвялікшым шчасцем прыме за іх страшныя агні, мэнкі і цярпенне!
Але ж гэтага не можа быць — яна столькі малілася, цярпела, несла крыж і верна служыла богу, што гасподзь, напэўна, даўно злітаваўся і тыя страшныя кляймы загаіў!..
У жахлівым чаканні сярод багамолаў шаптаў малітву і сам прарок. У яго «пасланні к Народу» быў вызначаны толькі ракавы дзень, а цяпер людзям не цярпелася ведаць — калі ж наступіць той самы момант — раніцой, у абед?! Многія жадалі ўдакладніць, крадком прабіраліся да прарока і спрабавалі спытацца. Альяш злаваў, нервозна ўсхопліваўся ды некуды бег.
Піліпіха падказала:
— Ходзіць далей ад народу і там з усявышнім гаворыць!
— Вядомо, клопату цяпер у яго — бы ў генерала! — з гонарам вызначыў Давідзюк.
— Галава задурана, такое дзе-ело!..
— Дзяды і прадзеды дарэмно чакалі!..
— Нічого! Анёлы затрубяць, і яны таксамо ўваскрэснуць!..
— Цяпер уваскрэснуць усе-е!..
Тым часам дзядзьку Клімовічу сапраўды было не да іх. Ён ужо не мог не бачыць, што перабраў. Практычнага мужыка, які ў ім цяпер прабудзіўся, разбірала вінаватая ўзбуджанасць ды неспакой — што ж з гэтага такі выйдзе, як яму быць?! Альяш чакаў бяды і ліхаманкава шукаў выйсця.
Читать дальше