Тая вясна была знамянальнаю: пад вокнамі амаль на кожным падворку прыгожа і дружна зацвілі цюльпаны. З'явіліся яны ў вёсцы нейкі год-другі толькі. А да гэтага, трэба адзначыць, вёска кветак наогул амаль не прызнавала. Былі, канечне, усялякія там макі, уюнкі, півоні, настурцыі і вяргіні, але да іх прыгледзеліся ўжо і не заўважалі, за кветкі не лічылі. А даглядаць іх асабліва не даглядалі. Што гэта, жыта ці картопля, каб марнавацца ля іх, убачыць яшчэ хто, што корпаешся, завіхаешся над імі, засмяе: картопля свірэпкаю зарасла, а цвецікі-красачкі красуюць, ну, як у гарадской пані ўсё роўна. Сама размалявана, намазана да вушэй і — купіце фіялкі, купіце фіялкі. Палкі няма добрай, добрай пугі на такія фіялкі. Каб у вёсцы хто тыя фіялкі з гарода звёў, павыдзіраў, то яшчэ б і прыплацілі. Распанелі людзі, распусціліся. I самая верная прыкмета гэтага распанення і распусты, канечне, кветкі. Лічылася, што займацца імі маюць час толькі гарадскія жанчыны. А тут Мар'янава Светка ўзяла ды і развяла ў сваім гародзе тыя панскія гарадскія кветкі — цюльпаны. Абгавораў хапіла на ўсю вясну і лета, пакуль не адцвілі яны і не перасталі мазоліць вочы: «Во, брат, дае, што жывая. Мо то замуж, ялаўка, надумала пайсці». Злавалі нават, здаецца, вяскоўцы на Светку, хаця да гэтага часу адносіліся да яе літасціва, спачувалі ёй. Не даў бог шчасця дзеўцы, гаварылі, і трэба ж так, не гуляшчая і на твар удалася, а што працавітая ўжо, дык другой такой і не знайсці. А вось усё адна ды адна, вякуе і векаваць, пэўна, будзе. Вёска бачыла, што Мар'ян, як з падчарыцаю, абыходзіцца са сваёй старэйшай дачкой. Не б'е, не шкаляе, але ласкай, як сваё кроўнае дзіця, не адзначао. Купіць цукерак у магазіне, на тры роўныя долі дзеліць, мо Светцы яшчэ і большая дастаецца. Але тут галоўнае не ў тым, што больш-менш, як ты падносіш да дзіцячай далонькі тую цукерчыну, у рот яе гатовы пакласці ці так, каб толькі адчапіцца: бяры, еш, каб чэрці цябе ўзялі. Горкімі былі Свеце бацькавы цукеркі, папярок горла стаялі. I што недадаваў у ласцы бацька, як заведзена, імкнулася папоўніць вёска, што спрадвеку заўсёды добраахвотна і без усялякае платы і падзякі бараніла, даглядала і зычыла сляпенькім, глухенькім і тым, каму бог розуму не даў, сіротам і калекам. А тут імгненна ўсё адышло, усе адвярнуліся ад яе. I вінаватымі былі цюльпаны, гарадскія кветкі ў яе гародчыку, якіх у вёсцы ніхто не меў. «Нічога, нічога, хай любіцца, мілуецца са сваімі кветачкамі, паспеюць, адальюцца ёй яшчэ ягадкі...»
Тут варта зрабіць невялікае адступленне, расказаць ужо разам і пра ягадкі. Пра тыя ж клубніцы, што з'явіліся ў вёсцы таксама нядаўна, ці не разам з цюльпанамі, ну, мо крыху раней. Завялі іх Місцюкі, засадзілі амаль увесь гарод. На гэтую ягаду вяскоўцы пазіралі таксама скоса, лічылі, займацца ёю — пустая забаўка: «Хо, прыдумалі яшчэ, зямлю пад ягады займаць. Ды вунь яе ў лесе процьма, хоць граблямі грабі, і чорныя, і чырвопыя, парэчка і маліна, ажына і нават бадніка. Лес пад ягаду ёсць, а зямля дадзена...» Ну, вядома, навошта дадзена зямля: каб сытна карміць чалавека і худобу, а не засмечваць яе ягадай, якую ты з аднаго капца ўзяў, а з другога аддаў, і ведаць не ведаеш, ці то еў, ці то не. Вось сала кус — гэта справа. Аплёў, і цэлы дзень ходзіш... Не, не мужыцкі гэта фрукт, ягада, не сялянская справа займацца ёю. Так разважалі тыя, хто не меў той ягады. А хто разжыўся ёю, маўчаў, збіраў, на ўсю губу еў сам, даваў дзецям, на базар вазіў. I што цікава, меў з яе жывую капейку, і добрую капейку. I шмат хто з тых, што ўчора пасміхаліся, пачухалі, пачухалі патыліцы дый самі кінуліся ў тыя ягады. I так заўзята, так рупілі, так дбалі, што дзіву можна было дацца. Наганялі ўпушчанае, займалі пад клубніцы ўсе свае соткі: «Хо, кардопля, што з той кардоплі. Ну, кабану, ну, сабе. Дык ці ж багата сабе трэба. А хадзі, гніся, гніся, а толку. А за ягадкай нагнуўся — капейка, нагнуўся — капейка. Прыбытак адзін і задавальненне, бяры мех і збірай грошы. Зноў жа карысна, гавораць, вельмі, вітаміну на ўсю зімку». I за нейкія гады два вёска, што круціла раней, убачыўшы на гародзе ягаду, носам, зрабілася сталіцаю клубніц. Адкуль толькі набраліся спрыту вырошчваць тыя клубніцы, што за пуга, што за бізун такі засвістаў раптам над усёй вёскаю. I адны ж, лічы, пенсіянеры жылі ў той вёсцы. А клубніцы любяць дагляд, патрабуюць, каб прыклалі да яе рукі. I нічога, ніхто не скардзіўся, што ўрабіўся на сваім гародзе, гэта калі калгаснага тычылася, то ўсе як павіннасць нейкую адбывалі. А свая ношка долу не гнула. Паспраўлялі на клубніцы тэлевізары і дываны, шыфаньеры і канапы, а той-сёй дабіўся і матацыклаў. I на матацыклах цяпер ужо вазіў збываць ягады ў горад, дзе яе адрывалі з рукамі і нагамі, у чэргі станавіліся. I як не станавіцца, побач казённую прадаюць, дык глядзець — з душы верне, усе сокі недзе з яе ўжо высмакталі. А тут ягадка да ягадкі, а што ўжо буйная, сонечная.
Читать дальше