Слоў гэтых, праўда, у памяці яго не засталося, у памяці назаўсёды толькі зараджэнне спалоху і крыку. А пазней, калі спалох адрынуў, адышоў у сэрца і сэрца пачало скідвацца ў грудзях, біцца ў рэбры, вырывацца з рэбраў і бязгучна там, у грудзях, крычаць, ён, асавелы, лежачы зноў у ложку, адчуў: нешта перайначылася ў навакольным свеце, нешта зрушылася, але ўхапіць, асэнсаваць гэты зрух ён быў не здольны. I толькі калі выйшла з запечча і прайшлася па падлозе кошка, якую ён жа і напалохаў, чорненькая, з белым бантам на шыі, ён уцяміў, што адбылося, што скранулася ў свеце. Кошка свяцілася чорным ад лоба і да хваста і зіхацела белым бантам на шыі. Свяцілася, зіхацела і хата, быццам сонца ў хату закацілі і яно вісела цяпер у красным куце, які знаходзіўся справа ад яго, і ўсё, што знаходзілася ў хаце, ён бачыў як пры сонечным святле. Нежывое, праўда, цьмянае, як нежывое. Сякера, хаця і сярэбрана адлівала лязом пад лаваю, высвечвала адпаліраваным тапарышчам, але неяк вяла, млява, не сваім святлом, у якім адчуваецца струменне жыцця, а водсветам тых рук, якія карысталіся ім. Таксама цьмяна высвечвалі крэслы і лава, стол, вядро. А вось вазоны, кветкі, што стаялі на падаконніку, тыя раптам ажылі ўночы, зазелянелі звонку і забялеліся ўсярэдзіне да тоненькіх пражылак. I над кожным вазонам зіхацела вясёлкаю дрыготкае серабрыстае мроіва. «То яны дыхаюць так вясёлкава,— падумаў Уладзік і пабег вачыма да бацькоўскага ложка, яшчэ не ўцяміўшы, што ж гэта адбылося, сустрэўся з вачыма маці і бацькі. Напалохаўся, што яны бачаць, як ён глядзіць на іх. Але яны нічога не бачылі, яны проста пазіралі ў яго бок, яшчэ, пэўна, не пазбавіўшыся спалоху ад таго, што адбылося з ім, узрушаныя, устрывожаныя. I яму было соладка паглядваць за гэтай іх трывогай, застаючыся нябачным. Ён разгледзеў нават колер гэтай трывогі, шэра-бляклы, як іх твары. Уладзік тае ночы зразумеў, што ў кожным чалавеку пераважае адзін які-небудзь колер — колер яго душы. Ён, канечне, няўстойлівы і мяняецца ў залежнасці ад таго, у якім настроі знаходзіцца чалавек, радуецца ён ці смуткуе, мяняецца не вельмі моцна, робіцца бледным ці зыркім, можа бляднець ці цьмянець, асноўны колер, які сыходзіць ад людзей, а асноўных колераў у чалавека не так ужо і багата, столькі, колькі і ў вясёлкі. Уладзік нікому не сказаў аб гэтым сваім адкрыцці, таму што яно напалохала яго. Амаль што дарэмна атрымаў такое багацце.
А да нечаканага багацця ці ўдачы ў вёсцы адносіліся насцярожана, калі не сказаць больш — варожа. Ды і сапраўды, як гэта так — жыве, як і ўсе ішныя, сярэдне жыве, што тут пахваляцца і крывіць душою, сярэдне расце, сярэдне вучыцца, сярэдне б'ецца і раптам выскачыў наперад, займеў штосьці такое, чаго ніхто не мае; як гэта зразумець, як гэта растлумачыць. Вось калі б яму нагу на вайне адарвала і за гэта далі ордэн, тут усё ясна. Нагі няма, ордэн ёсць, чыкільгай сабе моўчкі. А то толькі прыпадкі нейкія, і не кожны дзень, а ў тыдзень адзін раз, а бачыць больш за ўсіх. Не, калі ўжо ты такі, як і мы, дык і не вытыркайся, будзь як усе.
I Уладзік імкнуўся быць як усе, хаця ў яго ўжо і не атрымлівалася, як ва ўсіх. Зусім не так, як ва ўсіх, было ў яго. Калі нагадаць хаця б тую ж армію. Надышоў яго год служыць, радуючыся бег на прызыўны пункт, радасна махаў рукой з борта ваенкаматаўскай машыны, развітваўся з бацькамі, і як было не радавацца; забрылі яго не куды-небудзь, а ў маракі-падводнікі.
— Ну, хлопец, ды цябе нібы спецыяльна радзілі і расцілі для падлодкі,— сказаў яму наборшчык, мічман-марачок,-— што рост, што лёгкія, што плечы, што грудзі, ціхаакіянец-падводнік выліты.
Але да Ціхага акіяна Уладзік так і не даехаў, яго знялі з поезда ўжо недзе за Масквой, на другі ці трэці дзень дарогі. Ён, канечне ж, нікому ў ваенкамаце не адкрыўся са сваёй хваробай. Спадзяваўся, пройдзе. Здаровы ж, здаровы. Ну, скалане раз-другі, нікому ад гэтага ні холадна ні горача. Толькі б ступіць на падлодку, для каторай спецыяльна рос. I сапраўды, здаецца, прайшло, мацаваўся. Душыў прыпадак і не задушыў. Эшалон з прызыўнікамі пабег да акіяна без яго. А яго ж, як інваліда якога, калеку ці псіха ненармальнага, з праважатым на ганьбу ўсёй вёсцы адправілі дамоў і пад распіску аддалі бацькам: прымайце сваё дзіця, нікуды не вартае, нават у маракі-падводнікі. Гэтая дастаўка з праважатым пад распіску так ударыла па самалюбстве Уладзіка, так зняважыла, што ён і сёння не можа забыць нічога, хаця ўсё прайшло ўжо і мінула. Прайшло і мінула... Але вось і сёння ўспомніў — і загарэліся вушы. Цяжка жыць, калі ніхто цябе не памяне добрым словам, ніхто не пашкадуе, але куды цяжэй, калі ты ў кожнага на языку, калі ўсе цябе шкадуюць, азіраюцца ўслед табе.
Читать дальше