Кідаецца на шыю, абдымае, трэцца тварам аб яго твар, а ён і вачэй яе не бачыць, толькі чуе, як часта б'ецца, тахкае яе сэрца. I разумее, што не да яго яна прыпадае, не яго мілуе, а сум свой і тугу збывае. Па кім толькі яны, сум і туга тыя, ведаць бы, ён свет перавярнуў бы, увагнаў бы ў зямлю ці дастаў бы з-пад зямлі таго, хто патрэбны Светцы. Але Светка маўчыць, і ён слепне каля яе. На такой цемры, на такой чорнай скрусе замешана яе нуда, што і ён, Уладзік, які валодае здольнасцю бачыць у цемры, уначы бачыць лепш, чымсьці ўдзень, нічога не можа разгледзець, губляе Светку, калі яна побач з ім. I чымсьці так мучыцца, вока ў вока, лепш прэч з вачэй, туды, куды ўсе, у горад.
Так Уладзік вырашыў зрабіць яшчэ толькі ўчора. I ўчора зранку ён быў у горадзе, дамовіўся там наконт работы. Работа як работа, не горш за ўсякую іншую. Машыніст-качагар на маторным заводзе, што будуецца ў горадзе. Качагар увогуле: суткі на дзяжурстве, двое сутак адпачынку. I сто сорак рублёў у месяц. Удвая больш, чым ён атрымлівае, займаючы пасаду міністра культуры нашага сяла. Уладзіку не бракавалі, канечне, і грошы, але больш ён быў рады гэтаму: двое сутак адпачынку. Ён мог заставацца жыць у вёсцы, не разлучацца ні са сваёй рэчкай, ні са сваімі бабрамі. Праўда, увесь час на вачах будзе і Светка. Але тут ужо нікуды не дзенешся. Ды калі падумаць: на вачах-то на вачах, але ўжо не так, як раней. Інакшым будзе цяпер ужо яго становішча і званне. Ён жа будзе адрэзаны ўжо ад вёскі, рабочым будзе. I хто яго ведае, як яно ўсё павернецца тады з той жа Светкаю. Гэта ў горадзе, калі ты ўжо загадчык клуба, дык ужо загадчык, а ў вёсцы ўсё той жа Іванька, адна толькі мянушка міністр культуры нашага сяла. А да чалавека, які робіць у горадзе простым, далей ужо няма куды, качагарам, ставяцца ў вёсцы зусім ужо інакш. А ён жа не просты качагар, а машыніст-качагар.
Такім чынам, яшчэ толькі вечарам Уладзік адчуваў сябе гарадскім ужо чалавекам і даваў вёсцы развітальныя танцы пад радыёлу. Танцы тыя кончыліся пасля таго, як праспявалі ўжо другія пеўні. Але і тады, калі пакінулі клуб самыя заўзятыя танцоры, Уладзік не спяшаўся дамоў. Застаўшыся адзін, ён доўга стаяў пасярод залы, забаўляючыся замком, невідушчым вокам прыглядаючыся да сцен, крэслаў, якія сам паспеў ужо расставіць уздоўж тых сцен, да сцэны, чырвоных занавесак на вокнах. I ад тых занавесак твар Уладзіка, на якім выразна адбівалася тое, што яго ўжо няма тут, рабіўся барвовым і як бы мёртвым. Апусцелы ачаг культуры выглядаў няўтульна і паныла, якім здавалася Уладзіку ў тую хвіліну само вясковае жыццё. Клуб нагадваў штосьці прамежкавае між магазінам і кароўнікам, таму што з яго яшчэ не выветрыліся пахі тых, што нейкія паўгадзіны назад скакалі, пахі тых мясцін, адкуль яны прыйшлі на гэтыя скокі. I Уладзіку было шкада развітвацца з гэтымі пахамі. Ён не ведаў, ці звыкнецца з пахамі іншымі, пахам машыннага масла, вугалю і дыму. А яны ўжо ўвайшлі ў яго, кружылі яму галаву так, што яго нават крыху нудзіла, яны наплывалі на вёску з боку горада, куды ён павінен заўтра, а праўдзівей, сёння ўжо ехаць. I клуб, які і сам ён пад гарачую руку называў кароўнікам, не здаваўся яму такім ужо няўтульным і панылым, ніштаваты ўсё ж у іхняй вёсцы клуб. Так цёпла і чырвона, напаўнакалу толькі, свяцілі дзве лямпачкі ў іх, так па-хатняму былі раскіданы на стале касцяшкі даміно, хоць сам з сабой садзіся і забівай казла. I ён падсеў да стала з касцяшкамі даміно, але зусім не таму, каб гуляць у тое даміно. Чырвоны водсвет, што сыходзіў ад занавесак, адбіўся на яго твары і выдаваў яму за водсвет разяўленых пашч топак качагаркі. Ён парываў з клубам, адразаў усе шляхі да яго, каб не было ўжо нікуды адступаць. Звяртаўся да горада і прасіў горад, каб той прыняў яго, міністра культуры нашага сяла, у машыністы-качагары. Пачаў пісаць заяву. I на тую заяву, хоць слоў у ёй было небагата, ён патраціў як не гадзіну. I ці то так старанна пісаў яе, ці ад чаго іншага, але ў яго памяняўся нават почырк, кожная літарка на паперы атрымалася наасобіцу і кожная такая разлапістая, падобная на сабаку, што з перапуду прыпаў да зямлі. Але Уладзік застаўся задаволены тым, што напісаў. Двойчы перачытаў і адсунуў убок, і яму заставалася зрабіць яшчэ адну, апошнюю на яго пасадзе справу, вельмі непрыемную і заўсёды нялюбую яму. Трэба было скласці квартальны план работы клуба. Ён ужо спазніўся з тым планам і цяпер думаў, ці варта яго складаць. З аднаго боку, здаецца, бы і не, калі ён звальняецца, а з другога, ён ведаў: не будзе таго плана — і старшыня сельсавета не падпіша яму заяву на звальненне, будзе скандал. А звальняцца са скандалам ён не хацеў. Разыходзіцца трэба было па-людску, хто ведае, як яно яшчэ ў гэтым жыцці павернецца. Ды і як бы там ні павярнулася, нельга паскудзіць, рабіў з людзьмі, трэба і развітацца з імі па-людску. Так ён угаворваў сябе, але складаць план, які будзе выконваць ужо нехта іншы, не спяшаўся. I хто ведае, што перамагло б, абавязак ці лянота, але тут хтосьці паскробся ў дзверы клуба. I Уладзік, злуючы на нечаканага госця і дзякуючы яму, адвёў вочы ад чыстага аркуша паперы.
Читать дальше