I не адразу тая бяда аказвае сябе, надараецца яна і смешнаю, і пацешнаю, і радаснаю. Смяяліся, пацяшаліся вяскоўцы, калі іх старшыня Ігнат Карабель на зялёненькай «Ніве», якую толькі што набыў яму калгас, гойсаў па вёсцы і палях. Ды як не смяяцца, што рабіць, калі плакаць хочацца. На старшынёву «Ніву» патрацілі ўсе калгасныя грошы. Тры месяцы пасля таго, як прыдбалі Караблю машыну, не атрымлівалі зарплаты. Але чым бы дзіця ні цешылася... Ігнат прычапіў да «Нівы» сталёвы трос, зрабіў на канцы яго з ануч, пакулля квач, абліў яго мазутам і бензінам, запаліў і памчаў па палях і сенажацях выпальваць леташнюю траву.
Згарыць тая трава, удобрыць зямлю — і пойдзе расці новая, маладая.
— О, то накосім сена,— паглядзелі толькі яму ўслед вяскоўцы.— Хадзяін. Нарэшце і наша вёска атрымала хадзяіна, галаву.
— Каб той галаве ды яшчэ розум,— перахрысціўся Калістрат.
— А ці не занадта гэта аднаму чалавеку адразу: машыну, пасаду, галаву і розум,— адказала яму Зулька, што ўвесну зноў пачала рабіць захады, каб яе прынялі ў секту. Але Калістрат на яе паддобрыванне да яго не зважаў, плюнуў услед машыне і сам сышоў прэч з вуліцы. I ўсе сышлі з вачэй адно аднаго, разбрыліся па хатах, як сорамна раптам ім нечага зрабілася, у кожнага раптам з'явілася неадкладная справа.
Старшыня скакаў на сваёй «Ніве» па сенажацях, пакуль не зайшло сонца. На змярканні ўжо, калі прыспеў час зачыняць магазін, падруліў да канторы, стомлены, спатнелы, пракураны, адчувалася, што не менш стамілася і яго машына. Але ніхто ў вёсцы не пашкадаваў яго, не выказаў яму спачування, не выйшаў насустрач, хутчэй наадварот, хто і быў на вуліцы, дык палічыў за лепшае знікнуць, схавацца. А Карабель пайшоў у магазін, купіў на два рублі запалак і ўсе раздаў дзецям, загадаўшы ім не шкадаваць, паліць леташнюю траву ўсюды, дзе толькі магчыма. Пэўную частку тых запалак бацькі адразу ж адабралі ў дзяцей, але, мусіць, не ўсе, далёка не ўсе. I пусты гэта быў ужо занятак — адбіраць, агонь ужо гуляў па наваколлі, навісаў і над вёскаю. Не, не той, што пусціў Карабель па палях і сенажацях. Той не позна было яшчэ спыніць, і ён патух сам, дайшоўшы да ракі і залітых вадою лагчын. А рабіць новы квач старшыні перашкодзіла тэлефанаграма з міністэрства лясной гаспадаркі, якая папярэджвала аб лясных пажарах, забараняла палы. Праўда, адначасова з той тэлефанаграмай прыйшла і яшчэ адна, з міністэрства сельскай гаспадаркі, а да яе і газета яшчэ. Другая тэлеграма і газета не толькі дазвалялі, але і патрабавалі выпальваць леташнюю траву, падказвалі, як гэта трэба рабіць. Газета і дзве тэлеграмы ўвагналі Карабля ў роспач, прымусілі яго доўга думаць і разважаць. Становішча яго сапраўды было цяжкае, але ён выйшаў з яго з гонарам, бо меў падобны вопыт і назаўсёды ўцяміў: калі адзін загад супярэчыць другому, адзін гаворыць — наперад, другі — назад, то самае разумнае — заставацца на месцы. Б'юць жа не таго, хто нічога не робіць, а таго, хто спяшаецца штосьці рабіць. Вось так, пэўна, і вершацца самыя жахлівыя ў свеце пажары, што спусташаюць нас. Такі пажар палаў над вёскаю ўжо, хаця яшчэ не відно было ні дыму, ні полымя. Яснымі заставаліся нябёсы, зырка заходзіла і падымалася сонца. Хто ў той яснасці і зыркасці першым чыркнуў запалкай, так назаўсёды і засталося ўжо тайнай. Мо зноў жа не было першых і не было апошніх. Дзеці забаўляліся на востраве, палілі вогнішчы — гэта было. Але іх агонь нікуды не перакідаўся з вострава. Ніхто не выпальваў і сваіх дзялянак з травою ў тым годзе, хаця раней такое здаралася, і нікому ніякай шкоды ад тых палаў. З усіх бакоў сенажаці акружалі вада і балоты. I неабходна было паліць старую траву. А тут, здаецца, усе бачылі і разумелі, што агонь здольны перакінуцца, прашыцца праз кусты да лесу і вёскі і пойдзе гуляць па вёсцы, таму і перасцерагаліся паліць тыя свае ўласныя селажаці. Але зусім нечакана пачалі гарэць раптам балоты, дзе ніколі ніхто не касіў. Шмат у каго, праўда, гарэў на іх зуб, ды толькі ніхто не наважваўся падступіцца да іх. Адно — вада круглы год, другое — трава нікчэмная. Яно і зразумела, што гэта за трава ў балоце, якое ніколі не ведала касы, дзе раслі толькі чарот, рагоз ды плюшч на высокіх купінах. I вось гэтыя някошаныя балоты пачалі гарэць. I як па загаду нейкім: адно за адным, адно за адным. Агонь нішчыў траву і купіны, выпаўзаў з балота, як стогаловы Змей-Гарыныч, выхопліваўся на грудкі, віхурыста-вясёлы, грывасты. Барадаўчатае, куп'істае тулава яго смуродзіла ў чорнай скуры балота, бы з глыбі яго, з сярэдзіны сачылася сіненькае полымя, а грудкі гулі і трашчалі ад агню. На тых грудках стогаловы гад меў добрую пажыву. Колькі вёска там ні брала лесу, колькі ні зводзіла дубоў, бярозы і хвоі, якая з лёгкай рукі Знаўцоў упадабала гэтую зямлю, укаранілася на ёй, голля, сучча ніхто ніколі не прыбіраў. I счарнелыя на сонцы гурбы яго, што сумёты пораху, чакалі свайго часу. Агнявы час іх прыспеў. Вёска не паспявала тушыць лес, грудкі, у якіх было яе жыццё: на грудках добра расла трава, былі яны шчодрымі на ягаду і грыб. I ўсё гэта бралася агнём. Не менш чым тры, а то і чатыры пажары набягала ў дзень: раніцаю гарэла Залессе, удзень — Забалацце, вечарам — Беліч. I самае дзіўнае і страшнае — падпальшчыкаў не было, нібы загаралася ўсё само па сабе, нібы кара нябесная абрушылася раптам на вёску і людзей. Вякамі стваралася і стоена хавалася ў іх балотах і лясах іскра. Вясна раздула з яе полымя. Атрымлівалася ж на самай справе, што полымя тое нерукатворнае. Як заўсёды, калі няма сілы бараніцца ад бяды, шчодра пладзіліся і хутка распаўзаліся плёткі, дайшло да таго, што гаварылі, нібыта ажыла вогненная саламандра, якая векавала ў балотах, а Лукаш-страннік, кніжнік і букваед, сцвярджаў, што вінаваты ва ўсім чалавек па прозвішчы Праметэй. Праметэй той жыве ў кожным чалавеку. Колькі ў вёсцы і на свеце людзей, столькі і Праметэяў, і кожны падпальшчык, толькі ніхто не здагадваецца аб гэтым, таму што надта ж хітры Праметэй, увайшоў у чалавека, схаваўся ў ім і носа не патыкае, не паказваецца нікому, а агонь робіць. I забіваць, страляць трэба Праметэяў.
Читать дальше