Да вёскі дайшлі толькі водгукі таго бою і пажару, раздзьмутыя, перабольшаныя стовуснаю пагалоскай, нібы Праметэй нарэшце распазнаны і злоўлены і сядзіць ужо ў турме, хацелі яго расстраляць, але памілавалі, далі толькі дваццаць пяць гадоў. А радыё ў тую ноч ніхто з вяскоўцаў і не слухаў. Наогул, трэба сказаць, што радыё, тэлефон і тэлевізар у іх вёсцы былі прадказальнымі, то рабілі на ўсю моц, ірвалі перапонкі і рэзалі вочы, то ледзь-ледзь чутно, ледзь-ледзь відно і зусім не чутно і не відно. Так, радыё і тэлефон адмаўляліся рабіць, калі церусіў дождж і паветра было насычана вільгаццю, калі было надта ўжо суха, у снег і вецер, па святах і выхадных, а іншым разам і ў будзённыя дні. На гэты іншы раз і прыпала тая знамянальная ноч. Але вестка, што была выпушчана радыёшнікамі ў эфір, не па дроце, а праз свой кружны, навакольны эфір, які ўсюды пранікае і дакладна паведамляе пра ўсё, нават і тое, што толькі мае яшчэ адбыцца, дасягнула вёскі: так, вайна пачалася, ідзе ўжо вайна, але захоўваецца пакуль што ўсё яшчэ ў сакрэце, таму што невядома, хто і адкуль на нас напаў, ці то з Месяца, ці то з Марса, а таксама невядома, што трэба тым нападальнікам, адпаведна звесткам Зулькі, дык мыла, таму што мыла тое знікла з магазіна, а адпаведна звесткам Лукаша, які ведаў усё ж трохі больш, чымсьці Зулька, зубны парашок. А зяць Стэфін, цяпер ужо зяць, што прыехаў ставіць помнік на магілцы цесця, чалавек ваенны і ўрач да ўсяго ж, абверг і словы Зулькі, і словы Лукаша: неапазнаныя лятальныя аб'екты кружаць. Але, каб напасці на некага, такога не было, хаця на зямлі трывожна, вельмі трывожна.
Пра гэта ўрач вяскоўцам мог і не гаварыць. Яны і без яго ведалі, што на зямлі трывожна. Ды ці толькі на зямлі, у іх вёсцы на ўвесь белы свет трывогі хопіць, пазычыць могуць. Столькі трывогі, што нават на дзень наперад ніхто не трывожыцца. Трывога зрабілася нармальнаю з'явай, хаця яна кожны час і новая, то гарэлі лясы і балоты, а цяпер во зямля гарыць, набліжаецца канец свету. Мо ён нават адбудзецца во неўзабаве вясной, ну і хай адбываецца, яны гатовы сустрэць яго, сустрэць весела. Надакучыла ўсяго баяцца, пра ўсё клапаціцца. Свет вялікі, хай ён сам аб сабе паклапоціцца, ён, можа, і выратуецца, а хто выратуе іх пчолак. Цяпер ужо не зямля і не лес, пчолы — вось іх клопат. Без тых сваіх пчол яны не ўяўлялі сабе ні свету, ні вёскі. Пчолы раптам зрабіліся дарагімі ўсім, нібыта ўсе раптам паснулі, дым, што ахутваў вёску, не выядаў болей вачэй, з ім звыкліся, да яго прыцярпеліся. Але пчалу, жывое, што гінула на іх вачах, было шкада.
Першым пра тое, што гінуць пчолы, абвясціў вёску Ахрэм. Выправіўся, як заўсёды, скрытна, цёмначы яшчэ, каб выкачаць мёд з чужых борцяў, а аказалася, што і са сваіх няма чаго качаць. I толькі пачало днець, ён зноў быў у вёсцы, плачучы, размазваючы брудным кулаком слёзы па твары, абышоў усіх, чые калоды паспеў праверыць. Па тых чужых калодах ён больш за ўсё і жалкаваў: мо каму яны чужыя, а яму — свае. Усё ж, што цягнуў, краў, што можна было сцягнуць і ўкрасці, ён лічыў ужо за сваё. I таму ў поўным сваім праве ён гаварыў Лукашу з Калістратам: нашы з табой, Калістратка, нашы з табой, Лукашык, пчолкі загінулі, усё, ад'елі мы свайго мядку, адмедавалі. Ляжаць пчолкі дагары лапкамі і не кратаюцца.
Калістрат з Лукашом, хаця былі ў той дзень і занятыя, адразу ж сабраліся і паклыпалі па вясковай вуліцы да лесу. I Ахрэм не адставаў ад іх. I было штосьці жахлівае і жалобнае ў іхнім шэсці. Усе трое далёка ўжо не маладзёны. А пра Ахрэма можна сказаць, што ён даўно ужо і не стары, таго веку, калі гады не надыходзяць, адыходзяць, вядуць не да старасці, а да дзяцінства, маленства. Ён быў пры свядомасці толькі зрэдку ўжо, толькі на тую хвіліну, калі краў нешта. Але і тут час спаліў у ім ужо былы спрыт да крадзяжу, здавалася б, самі рукі яго пачалі саромецца красці. Хаця на галаву ён быў яшчэ спраўны, загадваў рукам, што трэба рабіць і як, а рукі адмаўляліся, чырванелі, браліся гусінаю скураю, рабіліся сараматліва мітуслівымі: возьмуць, пакладуць, возьмуць, пакладуць. Вось гэтыя сараматлівасць і нерашучасць і не дазволілі яму завяршыць тое, што ён пачаў рабіць, з-за іх ён не здолеў праверыць усе чужыя борці, хаця па дрэвах і ў свой век лазіў, што кошка. Але як вочы толькі згледзелі пчалу, выпала ўсё ў яго з галавы і пачалі блытацца рукі. Адна справа красці нешта з рызыкаю, а зусім іншая — браць у мёртвых, як могільнікавы злодзей. Самі па сабе апускаліся рукі, перасцерагаліся датыкнуцца да вашчыны і нават за сук на дрэве адмаўляліся трымацца. Апякала жаданне адпусціць той сук — і ўніз з пятнаццаці-дваццаціметровай вышыні, як пчала тая бязважкая, высахлая ўжо ў борці. I знешне ён нагадваў тую самую мёртвую пчалу, са счарнелымі ўжо крыламі, з ясным і шэрым, што выступаў па залацістым тулаве, лёгкім пушком. Такі ж пушок быў па ўсім яго твары, і цела яго было такім жа здранцвелым і снулым.
Читать дальше